Барбара Гашчакава
Барбара Гашчакава | |
Barbara Haščáková | |
Дата нараджэньня | 11 сьнежня 1979 |
---|---|
Месца нараджэньня | Кошыцэ, Чэхаславаччына |
Грамадзянства | Славаччына, ЗША |
Прафэсія | сьпявачка |
Гады дзейнасьці | 1994 — наш час |
Жанры | поп, эўрадэнс |
Вакал | сапрана[d] |
Інструмэнты | фартэпіяна |
Гурты | Maduar, MC Erik & Barbara |
Сайт | Афіцыйны сайт |
Барбара Гашчакава (па-славацку: Barbara Haščáková, па-ангельску: Barbara Hascakova; нар. 11 сьнежня, 1979, Кошыцэ, Чэхаславаччына) — славацкая сьпявачка, якая зь сьнежня 1999 году пражывае ў ЗША.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Барбара нарадзілася ў горадзе Кошыцэ, Чэхаславаччына. У раньнім дзяцінстве зацікавілася сьпевам і музыкай, з шасьці гадоў пачала вучыцца граць на фартэпіяна. Ва ўзросьце 12 гадоў узяла ўдзел у «Mini-Playback-Show», у якім імітавала сваіх поп-ідалаў: Майкла Джэксана, Мадонну і 4 Non-Blondes. Пазьней удзельнічала «Talent Show».
Новы этап у ейнай кар’еры пачаўся ў лютым 1994 году, калі яе папрасілі сьпець высокім вакалам песьню «Pár bielych ruží» эўрадэнс-гурта «Maduar», у склад якога ўваходзіў і MC Erik Aresta. Гурту вельмі спадабаўся яе голас, і яна прыняла ўдзел у запісы ўсіх першых альбомаў гурту.
Нягледзячы на вялікі посьпех альбому «I Feel Good», Эрык і Барбара вырашылі пакінуць Maduar і стварылі свой гурт — MC Erik & Barbara. Неўзабаве выйшаў іх першы альбом — «U Can’t Stop». З прычыны вялікага посьпеху гурту Барбара была вымушана кінуць вучобу і навучацца па індывідуальным пляне. Гімназію яна скончыла ў 1997 годзе.
У 1997 годзе яна пачала сольную кар’еру. Ейным першым сольным сынглам стаў «Láska drž ma nad hladinou», а 20 кастрычніку таго ж году выйшаў першы сольны альбом сьпявачкі. У 1999 годзе выйшаў другі альбом — «Ver, že ja», пасьля чаго яна пераехала ў ЗША.
Бацька Барбары — мастак славацкай Акадэміі Мастацтваў, маці працавала гукарэжысэрам на славацкім ТБ. Мае брата, які старэйшы за яе на 4 гады.
У ЗША Барбара займаецца пераважна сольнай кар’ерай.
Сольныя альбомы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- 1997 — «Barbara»
- 1999 — «Ver, že ja»
- 2002 — «Moje Naj»
- 2004 — «Christmas Album»
- 2003 — «Secrets of Happiness»
- 2006 — «Me & My Music»
- 2014 — сынгл «Nepozeram» (зь Міра Ярашам)