Аўстрафашызм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Аўстрафашызм (па-нямецку: Austrofaschismus) — аўтарытарны палітычны рэжым, які быў устаноўлены ў Аўстрыі ў выніку прыняцьця Травеньскай канстытуцыі 1934 году, дзеяньне якой было спынена пасьля анэксіі і стварэньня фэдэратыўнай аўстрыйскай дзяржавы ў складзе Нацысцкай Нямеччыны ў 1938 годзе.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З прыходам на пасаду канцлера сябра хрысьціянска-сацыяльнае партыі Энгельбэрта Дольфуса ў 1932 годзе ўнутраная палітыка краіны пачала схіляцца да разьвіцьця дыктатуры, цэнтралізацыі і праяваў фашызму. У 1933 годзе Дольфус, скарыстаўшыся памылкай у парлямэнцкім законапраекце, распусьціў Нацыянальную раду і заявіў пра сканчэньне дзеяньня парлямэнту.

Аднак тагачасны ўрад знаходзіўся ў палітычнай канкурэнцыі з Аўстрыйскай нацысцкай партыяй, якая ставіла на мэце далучэньне Аўстрыі да тагачаснай Нямеччыны. Праграма Аўстрыйскае нацысцкае партыі адрозьнівалася ад палітычнае праграмы Дольфуса, які не жадаў далучэньня краіны да Нямеччыны. Урад Дольфуса, спрабуючы перацягнуць на свой бок палітычную ініцыятыву, пачаў спробы зьвязаць аўстрыйскую гісторыю з Каталіцкай царквой, каб такім чынам паказаць прычыну для неўваходжаньня ў склад Нямеччыны, якая зьяўлялася пераважна пратэстанцкай краінай. Тым ня менш, гвалт у краіне працягваўся і перарос у грамадзянскую вайну паміж трыма бакамі: нацыстамі, сацыялістамі і аўстрафашыстамі.

1 траўня 1934 году Дольфус устанавіў у Аўстрыі аднапартыйную сыстэму ўлады, на чале якой стаў Фронт Айчыны, кіраваны Энгельбэртам Дольфусам; у гэты ж дзень была абвешчаная г.зв. травеньская Канстытуцыя. Фэдэрацыйны лад краіны і, адпаведна, паўнамоцтвы фэдэральных органаў улады былі згорнутыя, выбары ў Нацыянальную раду былі скасаваныя, а яе чальцы былі замененыя нявыбарнымі чальцамі новых структураў: Дзяржаўнае рады, Фэдэральнае культурнае рады, Фэдэральнай эканамічнай радай і Зямельнай радай. На практыцы законы прымаліся непасрэдна канцлерам і прэзыдэнтам. Пад поўны кантроль дзяржавы трапілі зносіны паміж работнікамі і працадаўцамі, пачаліся рэпрэсіі супраць нацыстаў і ўвогуле пранацысцкіх рухаў. Своеасаблівай помстай нацыстаў стала забойства Дольфуса 25 ліпеня 1934 году[1].

Гэтае забойства незадаволіла Італію, якая на той час таксама кіравалася фашысцкім урадам. Тагачасная Італія мела добрыя зносіны з Аўстрыяй і абяцала аўстрафашысцкаму ўраду дапамогу ў выпадку ўварваньня Нямеччыны (напрыклад, падтрымка Італіі прадухіліла патэнцыйнае далучэньне Аўстрыі ў 1934 годзе).

Пераемнік Дольфуса, Курт Шушніг, захаваў забарону на дзейнасьць нацысцкае партыі ў Аўстрыі, аднак разам з гэтым наогул забараніў дзейнасьць усіх правых ваенізаваных фармаваньняў у 1936 годзе. У 1938 годзе Гітлер атрымаў згоду Італіі па пытаньні інкарпарацыі Аўстрыі і даў зразумець пра свае намеры атрымаць кантроль над краінай. Шушніг спрабаваў пазьбегнуць вайны зь Нямеччынай і арганізаваў рэфэрэндум па пытаньні далучэньня да Нямеччыны або незалежнасьці Аўстрыі, пры гэтым Шушніг спрабаваў арганізаваць перамогу пранезалежнага пункту гледзішча. На гэтыя абставіны Гітлер адказаў ультыматумам адстаўкі Шушніга 11 сакавіка і ўварваньня ў выпадку нязгоды, у выніку чаго Шушніг быў вымушаны згадзіцца.

Шушніга зьмяніў на пасадзе лідэр аўстрыйскіх нацыстаў Артур Зайс-Інкварт, на наступны дзень нямецкія войскі ўвайшлі ў Аўстрыю. 13 сакавіка Першая Аўстрыйская Рэспубліка была афіцыйна скасаваная, а яе тэрыторыя стала часткай Нямеччыны паводле канцэпцыі аншлюсу (палітычнага хаўрусу).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ 1934 to 1938: Ständestaat in the Name of "God, the Almighty"(анг.) wien.at Праверана 10 студзеня 2014 г.