Перайсьці да зьместу

Асырыс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Асырыс
МіталёгіяРэлігія Старажытнага Эгіпту[d]
Плоцьмужчынская[d]
БацькаГеб[d]
МаціНут[d]
ДзеціГор[d] і Анубіс[d][1][2]
Лягатып Вікісховішча Osiris ў Вікісховішчы

Асы́рыс (па-лацінску: Osiris) — бог адраджэньня, цар замагільнага сьвету ў старажытнаэгіпэцкай міталёгіі.

Паводле згадваньняў у старажытнаэгіпэцкіх тэкстах і аповеду Плютарха, Асырыс быў старэйшым сынам бога зямлі Геба і багіні неба Нут, братам і мужам Ісыды, братам Нэфтыды, Сэта, бацькам Гора і Анубісу. Ён быў чацьвёртым з богаў, якія кіравалі на зямлі ў старадаўнія часы, пераняўшы ўладу прадзеда Ра, дзеда Шу і бацькі Геба. Магільны склеп Асырыса знаходзіўся ў Абідосе.

Калі Асырыс валадарыў у Эгіпце, ён навучыў людзей земляробству, садоўніцтву і вінаробству, але быў забіты сваім братам, богам Сэтам, які жадаў кіраваць замест яго. Жонка і сястра Асырыса Ісыда знайшла ягоны труп і стала аплакваць яго разам са сваёю сястрою Нэфтыдай. Ра, зьлітаваўшыся, паслаў бога з галавой шакала Анубіса, які сабраў часткі Асырыса, якія рассыпаліся (а па іншым варыянце — расьсечаныя Сэтам) і забальзамаваў цела. Ісыда выляпіла фалас з гліны (адзінаю часткаю цела Асырыса, якую Ісыда так і не змагла знайсьці, быў фалас: яго зьелі рыбы), высьвянціла яго і павялічыла да сабранага цела Асырыса. Ператварыўшыся ў самку каршуна — птушку Хат, Ісыда распластала крылы па муміі Асырыса, прамовіла чароўныя словы і зацяжарыла[3]. Гор і зачаты і народжаны для таго, каб выступіць натуральным мсьціўцам за сьмерць бацькі. У той жа час ён лічыць сябе і адзіным законным спадчыньнікам апошняга.

Пасьля працяглае цяжбы Гор прызнаецца правамоцным пераемнікам Асырыса і атрымлівае царства. Ён уваскрашае Асырыса, даўшы яму праглынуць сваё вока. Аднак Асырыс не вяртаецца на зямлю і застаецца царом мёртвых, пакідаючы Гора кіраваць царствам жывых.

Насьценная размалёўка з Асырысам

Злучыўшы ў сабе ў розныя часы, з-за розных чыньнікаў, культы цара, бога, які памірае і ўваскрасае, сілаў прыроды, Нілу, быка, Месяцу, замагільнага судзьдзі на страшным судзе, міт пра Асырыса ўвабраў у сябе адлюстраваньне рэлігійных уяўленьняў шэрагу пасьлядоўных этапаў разьвіцьця эгіпэцкага грамадзтва.

Каранямі ж сваімі міт Асырыса глыбока сыходзіць у эпоху радавога грамадзтва, з уяўленьняў і абрадаў якога разьвіваюцца пасьля, у сувязі са зьменаю грамадзкіх адносінаў Эгіпту, і самыя характэрныя рысы культу Асырыса: культ цара і культ бога прадукцыйных сілаў прыроды. Рысы культу бога прадукцыйных сілаў прыроды праступаюць у міту Асырыса вельмі ясна.

Карона, якую носіць Асырыс, зроблена са сьцёблаў папірусу, ягоная сьвятая ладзьдзя таксама зроблена з гэтай расьліны. Ягоны знак джэд складаецца з устаўленых адна ў адну зьвязкаў трысьнягу. Далей, Асырыс заўсёды малюецца з той ці іншай расьлінаю: з сажалкі перад яго пасадам расьце ці лотас ці шэраг дрэў і вінаградная лаза; часам вінаградам абкружае і ўвесь полаг, пад якім сядзіць Асырыс; часам яго самога абкружаюць вінаградныя лозы.

Сапраўды гэтак жа і магільня Асырыса не малюецца безь зеляніны: то побач зь ёю расьце дрэва, на якім сядзіць душа Асырыса ў выглядзе фэнікса; тое дрэва прарасло праз магільню, абвіўшы яе сваімі галінамі й каранямі; то з самае магільні растуць чатыры дрэва.

У Цыкле Асырыса Анубіс быў сынам Асырыса і Нефтыды.[4][5][6][7][8] Жонка Сэта Нефтыда закахалася ў Асырыса і, прыняўшы аблічча Ісіды, спакусіла яго. У выніку нарадзіўся бог Анубіс. Спалохаўшыся адплаты Сэта за здраду, Нефтыда кінула немаўля ў чаротавых зарасьніках, дзе яго потам знайшла багіня Ісіда. Пасьля бог Анубіс стаў дапамагаць Ісідзе ў пошуках часткаў Асырыса і прыняў удзел у бальзамаваньні ягонага ўзноўленага цела.

Да зьяўленьня культу Асырыса Анубіс быў галоўным бажаством Захаду. З росквітам культу Асырыса эпітэт кіраўніка Дуата і некаторыя функцыі Анубіса пераходзяць непасрэдна да бога Асырыса (у Старым Царстве ён увасабляў памерлага фараона). Сам жа Анубіс становіцца правадыром памерлых па Аменці (стар.-эг. «Захад») — вобласьць Дуата, празь якую душа трапляла на Суд Асырыса.

Анубіс зьяўляўся богам Дуата, яго кіраўніком і судзьдзём душаў памерлых да канца Старога Царства. Пазьней функцыі кіраўніка і галоўнага бога Дуата пераходзяць да Асырыса. Анубіс жа становіцца богам нэкропаляў і пахавальных містэрыяў. На Судзе Асырыса, апісаным у Кнізе Мёртвых Анубіс дапамагае судзіць душы памерлых.

Асырыс у антычнай літаратуры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Неаднаразова згадваецца антычнымі аўтарамі[9]. Паводле Герадота, гэта бог, якога эгіпцяне атаясамляюць з грэцкім Дыянісам[10]. Дыядор адзначае яго сувязь з Прыяпам[11]. Паводле Тыбула, Асырыс першым зрабіў плуг і навучыў людзей земляробству[12].

  1. ^ Любкер Ф. Anubis (рас.) // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга, Ф. Гельбке, П. В. Никитин, В. А. Канский, пер. А. Д. Вейсман, Ф. Гельбке, Л. А. Георгиевский, А. И. Давиденков, В. А. Канский, П. В. Никитин, И. А. Смирнов, Э. А. Верт, О. Ю. Клеменчич, Н. В. РубинскийСПб: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 107.
  2. ^ Анубис (рас.) // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. АндреевскийСПб: Брокгауз — Ефрон, 1890. — Т. Iа. — С. 872—873.
  3. ^ Рак И. В. Мифы Древнего Египта. СПб.: Петро-РИФ, 1993.
  4. ^ «Міфы народаў свету»
  5. ^ «Старажытнаегіпецкі слоўнік-даведнік»
  6. ^ «Слоўнік духоў і богаў нямеччына-скандынаўскае, эгіпэцкае, грэцкае, ірляндзкае, японскае міталёгіі, міталёгіі індзейцаў майя і ацтэкаў.»
  7. ^ Корш М. Кароткі слоўнік міфалогіі і старажытнасцяў. Спб.: Изд. А. С. Суворина, 1894.
  8. ^ «Слоўнік замежных словаў рускай мовы»
  9. ^ Любкер Ф. Рэальны слоўнік класічных старажытнасцяў. М., 2001. У 3-х тт. Т. 2. С. 504; Гл. Страбон. Геаграфія XVII; Нонн. Дзеі Дыяніса IV 270.
  10. ^ Герадот. Гісторыя II 42; Дыядор Сыцылійскі. Гістарычная бібліятэка IV 1, 6
  11. ^ Дыядор Сыцылійскі. Гістарычная бібліятэка IV 6, 3
  12. ^ Тыбул. Элегіі I 7, 27-48

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]