Перайсьці да зьместу

Арда (Міжзем’е)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Арда
Стваральнік Эру Ілуватар
Істотныя асобы Манвэ

А́рда (па-ангельску: Arda) — назва Зямлі ў дагістарычны пэрыяд паводле Толкінавага легендарыюму, у якім адбываліся падзеі «Уладара Пярсьцёнкаў» й іншых фэнтэзійных твораў пісьменьніка. У Ардзе існавалі некалькі мораў, акіянаў, кантынэнты Міжзем’е, Цёмныя землі, Аман, востраў Нумэнор і іншыя землі, неназваныя Толкінам.

Арда была часткаю сусьвету, або Эі. Арда была створаная, як і ўся Эя, музыкай Айнур для дзяцей Ілуватара (эльфаў і людзей). Над Ардай узыходзілі Сонца, Месяц і зоркі, якія часам таксама ўлучаліся ў склад Арды. Такім чынам, Арда магла азначаць альбо плянэту Зямля, альбо Сонечную сыстэму; аднак для Зямлі існавалі й уласныя назвы Амбар ці Імбар.

Пачаткова Арда (Зямля) была плоскай, матэрыкі абмываліся вялізным акіянам Ваія, і былі аддзеленыя Бэлегерам, ці Вялікім морам. У Першую эпоху паўночна-заходнія землі Міжзем’я займала краіна Бэлерыянд, якая загінула падчас вайны Гневу.

На поўдзень і на ўсход ад Міжзем’я знаходзіўся іншы кантынэнт, вядомы як Цёмныя землі. Яшчэ адзін параўнальна невялікі матэрык на ўсходзе ад Міжзем’я зваўся Зямля Сонца, паколькі ў часы плоскае Зямлі тут знаходзілася Брама Сонца.

Пра абодва матэрыкі вядома мала. Вядома, што на поўдні была зямля Харад, хоць гэта і азначае «поўдзень» і нярэдка ўжывалася ня толькі для назвы земляў на поўдзень ад Гондару і Мордару, але і для любых земляў поўдню. Іхнія жыхары, харадрымы, былі чарнаскурымі, яны жылі пасярод пустыняў. На ўсходзе Міжзем’я знаходзілася агромністая тэрыторыя, вядомая як Рун, якую насялялі істэрлінгі. Меркавана іхнія землі прасьціраліся да іншага мора. Вядома, што ў даўнія часы па той тэрыторыі з поўначы на поўдзень працягваўся горны хрыбет Чырвоных гор, падобна як Сінія горы на захадзе (паколькі першапачаткова сьвет быў сымэтрычны). На ўсходзе знаходзілася й радзіма эльфаў — Куйвэнэн. Таксама сінія магі нібыта дасягнулі далёкіх земляў Руну, каб узьняць паўстаньне на захопленых Саўронам землях, аднак паданьні пра іхнюю барацьбу не дасягнулі захаду.

У Другую эпоху зь Вялікага мора дзеля эдайнаў быў узьняты Нумэнор. Гэты востраў быў зьнішчаны напрыканцы Другой эпохі з-за ганарыстасьці нумэнорцаў і непадпарадкаванасьці загадам валар пра забарону плаваньня да Амэну.

Пасьля зьнішчэньня Нумэнору Арда стала круглай. Амэн быў выдалены са сьвету і стаў дасяжны толькі для эльфаў. Пасьля гэтага новыя землі і матэрыкі паўставалі на ўсходзе і захадзе ад Міжзем’я.

Толкін вывеў квэнскае слова Арда з дагістарычнага эльфійскага *ґарда, што азначала «больш-менш абмежаванае ці абазначанае месца, раён». Прымяняцца да ўсяго сьвету яно стала дзякуючы валарскаму Aþāraphelūn[1], што азначала ўпарадкаванае месцапражываньне, то бок Зямля была жытлом для валар і/або эльфаў і людзей[2].

Магчыма таксама, што Толкін пры выбары назвы сьвету арыентаваўся на іншыя германскія мовы. Так, на афрыкаанс «Зямля» таксама прамаўляецца «Арда» (афр. Aarde), і ўлічваючы паходжаньне Толкіна з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, ня дзіўна, што ён мог скарыстацца гэтым варыянтам. Падобныя назвы існуюць у нідэрляндзкай (Aarde) і нямецкай (Erde) мовах. У арабскай мове таксама існуе падобнае слова أرض (ард), што азначае край або зямлю.

  1. ^ Tolkien, J. R. R. The War of the Jewels / Christopher Tolkien, ed.. — Boston: Houghton Mifflin, 1994. — С. 402. — ISBN 0-395-71041-3
  2. ^ Tolkien, J. R. R. The War of the Jewels / Christopher Tolkien, ed.. — Boston: Houghton Mifflin, 1994. — С. 401. — ISBN 0-395-71041-3
  • Alexandra Bolintineanu. Arda // J. R. R. Tolkien Encyclopedia: Scholarship and Critical Assessment / Drout, Michael D. C.. — Routledge, 2006. — С. 24—25. — ISBN 0-415-96942-5

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]