Перайсьці да зьместу

Апостал (1563)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Іван Фёдараў, Пётар Мсьціславец
Апостал, 1563—1564
«Деяния святых апостолов» списана святым апостолом и евангелистом Лукою

«Апо́стал», «Маско́ўскі Апо́стал» — першая датаваная друкаваная кніга ў Расеі, выдадзеная ў 1563—1564 роках Іванам Фёдаравым і Пятром Мсьціслаўцам.

Да 1550-х рокаў у Маскоўскай дзяржаве ў сувязі з пашырэньнем тэрыторыі, разьвіцьцём рамёстваў і гандлю зьявілася неабходнасьць кнігадрукаваньня. Іван Жахлівы аддаў загад уладкаваць друкарню.

«Апостал» ня быў першай выдадзенай у Маскве кнігай. Шэсьць так званых ананімных выданьняў (тры Дабравесьці, два Псалтыры і Трыёдзь) выйшлі ў 1550-х роках.

«Апостал» надрукаваны на францускай праклеенай паперы ў аркуш дробнага фармату. У кнізе 267 аркушаў (534 старонкі), на кожнай старонцы — 25 радкоў. Першыя 6 аркушаў — без пазнакаў. Нумарацыя — літарная кірылічная, пачынаецца з 7-га аркушу. Арыгінальны фармат дакладна не вядомы (усе існыя асобнікі абрэзаныя пераплётнікамі), але прыблізна складае 28×18 см (1:1,56). Прапорцыі наборнай паласы (1:1,72) таксама імкнуцца да залатога сечыва[1].

Упершыню ў маскальскім выданьні зьяўляецца гравіраваны франтысьпіс — фігура эвангеліста Лукі ў трыюмфальнай арцы[2]. Акрамя гэтай гравюры, у кнізе 48 заставак (з 20 дошак), 22 буквіцы (з 5 дошак), 51 кветка-рамка (з аднае дошкі). Назвы разьдзелаў набраныя вязьзю[3].

Гравюра на франтысьпісе — сустаўная (для аркі і эвангеліста выкарыстаныя асобныя дошкі). Арку Фёдараў выкарыстаў і ў іншых выданьнях. Вядома, што ейнай асновай стала гравюра маляра Эдгарда Шона зь Бібліі, надрукаванай у Нюрнбэргу ў 1524 року Пэйпусам. Падобная практыка была звычайнай у кнігадрукаваньні, аднак у «Апостале» малюнак аркі творча перапрацаваны. Эвангеліст Лука, выяўлены ў адваротнай пэрспэктыве, цалкам самабытны.

Застаўкі зь лісьцевым арнамэнтам адначасна падобныя да традыцыйных маскоўскіх рукапісных заставак, гатычны арнамэнт нямецкіх інкунабулаў і на «вэнэцыянскі» арнамэнт сучасных «Апосталу» заходніх друкаваных кнігаў. Рэнэсансны ўплыў апошніх асабліва заўважны ў арнамэнце «Часаўнікоў» Фёдарава, надрукаваных увасьлед за «Апосталам»[4].

Шрыфт «Апостала» выкананы значна акуратней і дакладней, чым шрыфты ананімных выданьняў. Асноўныя і дадатковыя рысы — аднае таўшчыні. У аснове шрыфту — рукапісны паўустаў XVI стагодзьдзя[5].

«Апостал» Фёдарава — шэдэўр маскоўскай першадрукарскай кнігі. Ён пераўзыходзіць па мастацкай цэласнасьці, друкарскай акуратнасьці, малюнку шрыфта і вываранасьці набору як раньнія «ананімныя выданьні», так і наступныя выданьні самога Фёдарава. У «Апостале» ўпершыню ў славянскай кнізе наборная паласа была выключаная як па левым, так і па правым баку[2]. Словы падзяляюцца шпацыямі, аднак не заўжды.

  1. ^ Сидоров А. А. История оформления русской книги. М., Л., 1946. С. 64. См. также: Немировский Е. Л. Большая книга о книге. М., 2010. С. 368.
  2. ^ а б Сидоров А. А. История оформления русской книги. М., Л., 1946. С. 54.
  3. ^ Немировский Е. Л. Большая книга о книге. М., 2010. С. 369.
  4. ^ Щелкунов М. И. История, техника, искусство книгопечатания. М., Л., 1926. С. 310.
  5. ^ Булгаков Ф. И. Иллюстрированная история книгопечатания и типографского искусства. Т. I. СПб., 1889. С. 220.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]