Перайсьці да зьместу

Апонаўцы (архэалягічны помнік)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Апо́наўцы — археалягічны помнік: безкурганны могільнік яцьвягаў каля вёскі Апонаўцы (Вярэнаўскі раён, Гарадзенская вобласьць). За 0,5 км на паўночны ўсход ад вёскі, на пакатым узвышшы памерам 150х80 м, выцягнутым з усходу на захад.

Знайшоў у 1887 годзе і дасьледаваў 14 пахаваньняў у 1891 годзе В. А. Шукевіч, у 1888 годзе Э. А. Вольтэр дасьледваў 51 пахаваньне.

Пахаваньні 2 тыпаў: больш старажытныя каменныя муроўкі ў 3—4 паралельныя радкі, форма муру прамавугольная; муроўкі пазьнейшага часу авальнай формы з 1—2 вялікімі камянямі ў галавах і нагах. Пахавальны абрад — трупапалажэньне ў ямах глыбінёй 0,6—1,3 м, нябожчык абкладзены дошкамі. У запаўненьні магіл выяўлены вугальныя праслойкі. Інвэнтар мужчынскіх пахаваньняў: баявыя сякеры, жалезныя нажы і кінжалы, крэсівы, паясны набор (спражкі, бронзавыя накладкі). Інвэнтар жаночых пахаваньняў: срэбраныя (адзін з выявай птушкі) і бронзавыя пярсьцёнкі, скроневыя кольцы, бронзавыя бранзалеты і завушніцы, бразготкі, бляшкі рознай формы і дробныя шкляныя пацеркі ад галаўнога ўбору, кавалкі тканіны, праскія грошы XV стагозьдзяў і літоўскія дэнары XIV—XV стагодзьдзяў, у тым ліку дэнары Вітаўта пачатку XV стагодзьдзя з надпісам «печать» на адным баку і выявай кап’я і крыжа — на другім.

  • Квяткоўская, А. В. Апонаўцы / А. В. Квяткоўская // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 36. — ISBN 978-985-11-0353-5.
  • Квяткоўская, А. В. Апонаўцы / А. В. Квяткоўская // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с — С. 40. — ISBN 5-85700-077-7.