Перайсьці да зьместу

Прыдатак (мовазнаўства)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Апазыцыя (мовазнаўства)»)

Прыда́так[a][b] — другарадная часьціна сказу, якая, даючы дадатковую назву характарызаванаму прадмету, падкрэсьлівае ягоныя характэрныя асаблівасьці. Уяўляе сабой азначэньне, выказанае назоўнікам альбо словазлучэньнем, у якім галоўным складнікам зьяўляецца адзін ці некалькі назоўнікаў.

Напрыклад: Яшчэ гарэлі, быццам зоркі, маланкі-кветкі ля дарог. Ужо пад пожнямі ў вырай вандроўнік-жораў вёў свой род. (К. Кірэенка). Дзяцел носам-долатам стукае адзін. (П. Глебка).

Прыдатак можа абазначаць:

  • грамадзкую прыналежнасьць (стан), народнасьць, занятак і г. д. (дзядзька-кухар, ваяры-героі, вучні-грузіны)
  • уласнае імя (рака Бяроза, зорка Мілавіца, грамада Зялёны дуб)
  • выказваньне памеру пачуцьцяў (вясна-чараўніца, хлопчык-зух)

Пры абазначэньні асобы прыдаткам зьяўляецца агульны назоўнік (драматург Крапіва, сантэхнік Кандраценка, экскурсавод Ігнатовіч), пры абазначэньні неадушаўлёнага прадмета прыдаткам служыць імя ўласнае (вёска Разьлівайкі, часопіс Пагоня, магазін Верас).

Прыдатак, як правіла, дапасуецца да азначаемага назоўніка ў склоне й у ліку (дуб-асілак, дубы-асілкі, ружа-кветка, ружы-кветкі). Калі прыдатак, выражаны ўласным назоўнікам, адносіцца да неадушаўлёнага прадмета, то дапасаваньня ў склоне можа ня быць (у часопісе Маладосьць, на заводзе Рэмбыттэхніка, у горадзе Тарэзе, на прыпынку Самойлавічы).

Прыдатак пішацца са словам, якое ён паясьняе, праз злучок, калі абодва яны зьяўляюцца агульнымі назоўнікамі (дыямэнты-росы, мароз-мастак, сьняжынкі-пушынкі), а таксама ў тым выпадку, калі ўласны назоўнік стаіць перад агульным (Бяроза-рака, Яська-матрос, Нёман-прыгажун).

Прыдаткі, якія абазначаюць назвы прадпрыемстваў, таварыстваў, кніг, часопісаў і да т. п., бяруцца ў двукосьсі: фабрыка «Вагонбуд», спартовае таварыства «Дынама», раман «Крыніцы», газэта «Пагоня», верш «Спадчына». Не бяруцца ў двухкосьсе прыдаткі са словам імя: ВНУ імя Я. Купалы, СВК імя Дзеншчыкова.

  1. ^ Ад прыдаткаў трэба адрозьніваць складаныя словы (хата-чытальня, інжынэр-палкоўнік і г.д.), таксама трэба адрозьніваць спалучэньні слоў, якія выступаюць як адзін член сказа (сьцежкі-пуцявіны, таварыш-друг, лад-сьпеў, гора-туга).
  2. ^ Прыдатак трэба адрозьніваць ад састаўнога іменнага выказьніка. Параўнайце: Рым-сталіца і Рым — сталіца Рымскае імпэрыі, мароз-штукар і Мароз — штукар і жарты любіць (Я. Колас).