Анатоль Кудласевіч
Анатоль Кудласевіч | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 5 верасьня 1961 (63 гады) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік |
Анато́ль Кудласе́віч (5 верасьня 1961, в. Таўмачаў, Столінскі раён) — беларускі літаратар і бард.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Навучаўся ў Люсінскай пачатковай школе (1—3 клясы), скончыў Кароціцкую СШ, Пінскі сельскагаспадарчы тэхнікум, Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага (Масква). Служыў пад Ніжнім Ноўгарадам і ў Закаўказьзі (Ахалкалакі).
Працаваў вэтфэльчарам, вэтапэратарам, сьлесарам, цесьляром-бэтоншчыкам, зборшчыкам радыёапаратуры, карэспандэнтам-арганізатарам, журналістам на тэлебачаньні і радыё, выдавецтва «Юнацтва», карэспандэнтам «ЛіМ», вартаўніком, старастам прыходу Архістраціга Міхаіла.
Жыве ў Менску.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1989 годзе паступіў на завочнае аддзяленьне Літаратурнага інстытуту імя А. М. Горкага (Масква) на сэмінар паэзіі Валянціна Сарокіна, абараніўся ў 1994 годзе з прысваеньнем кваліфікацыі «літаратурны работнік». Творчы конкурс у Літінстытут праходзіў з расейскімі вершамі, але пазьней, у тым жа 1989 годзе, трапіў на Фэстываль маладых літаратараў у Іслачы і пачаў пісаць па-беларуску.
Арганізаваў і правёў сотні літаратурных сустрэч, вечароў паэзіі і літаратурных сьвятаў з удзелам беларускіх пісьменьнікаў, а таксама «Першы фэстываль беларускай бардаўскай песьні». Рыхтаваў і вёў аўтарскія праграмы на тэлебачаньні і радыё.
У 1993 годзе у выдавецтве «Тэхналёгія» выйшла першая кніжка вершаў і пародый «Плакун-трава», у 1999 г. — зборнік вершаў «Зорныя ноты» ("Бібліятэчка часопіса «Маладосць»"). У 2013 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла кніга прозы «Пераход». у 2014 годзе ў выдавецтве «Галіяфы» выйшаў зборнік духоўнай прозы і паэзіі «Трынаццаць дзён». У 2015 г. у выдавецтве «Альтаспера» (Таронта) выходзіць зборнік паэзіі «Тройчы Адзіны», у тым жа выдавецтве выйшла аповесьць на маскальскай мове «Переписка с миллионерами». 2017 год — у выдавецкім салоне «Капірфілд», (Дніпро, Середняк Т. К.) выходзіць зборнік прозы і паэзіі «ТрыТворы», у які ўваходзіць раман «Тараканы», які пісаўся аўтарам 26 гадоў, навела «Жэзл Жалезны» і паэма «Юл-ла». Творы Анатоля Кудласевіча зьмешчаны ў зборніках «Адзін кот і адзін год: казкі», «Сонца маё Хрыстос», «Анталогія духоўнай паэзіі», «Из века в век, белорусская поэзия» і інш.
Укладальнік «Анталёгіі беларускай эпітафіі» (выдавецтва «Ўраджай», 2000 г.) і «Анталёгіі беларускай пародыі» («Ураджай», 2001 г.). Вершы і проза друкаваліся ў беларускіх выданьнях, у Расеі і ва Ўкраіне. Шмат якія вершаваныя тэксты існуюць у выглядзе аўтарскіх песень. Вядзе свой аўтарскі канал на Ютубе, дзе змешчаны за сотню запісаў песень, інтэрв’ю і відэа.
Грамадзянская пазыцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]2 жніўня 2020 году пра зьнікненьне Анатоля Кудласевіча падчас прагулкі з сабакам паведаміў у «Фэйсбуку» ягоны сябра, паэт Валер Пазьнякевіч. Кудласевіч быў арыштаваны на 10 сутак за ўдзел у масавым мерапрыемстве яшчэ ў чэрвені[1].
20 траўня 2021 году у кватэры пісьменьніка прайшоў ператрус, які працягваўся пяць гадзін. Ён быў зьвязаны з справай Мікалая Аўтуховіча[2].
29 верасьня Кудласевіч зьнік. Калі жонка з сынам вярнуліся дахаты, то пабачылі разгромленую кватэру. У міліцыі на іх заяву сказалі, што ў тым раёне працуе ГУБАЗіК[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Барда Кудласевіча забралі падчас прагулкі з сабакам. Ён на Акрэсьціна, Радыё Свабода, 3-08-2020
- ^ У пісьменьніка Кудласевіча прайшоў ператрус, канфіскавалі ноўтбук і нацыянальны сьцяг, Радыё Свабода, 21-05-2021
- ^ «У вашым раёне працуе ГУБАЗ». Знік бард і пісьменнік Анатоль Кудласевіч, яго кватэру разграмілі, Наша Ніва, 30-09-2021