Амэлія Залуская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Амэлія Залуская
Amelia Załuska
Амэлія Залуская з дачкой
Амэлія Залуская з дачкой
Herb Ogiński.png
Агінскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 10 сьнежня 1805
Залесьсе
Памерла 5 верасьня 1858 (52 гады)
Іск’я
Род Агінскія
Бацькі Міхал Клеафас Агінскі
Марыя Нэры
Муж Караль Залускі
Дзеці
Дзейнасьць мастак
Рэгаліі
Ордэн Зорнага крыжа

Амэ́лія Залу́ская, у дзявоцтве Агі́нская (па-польску: Amelia Załuska z Ogińskich; 10 сьнежня 1805, Залесьсе — 5 верасьня 1858, Іск’я) — кампазытарка, паэтка, мастачка, сузаснавальніца куроту Івоніч-Здруй, дама аўстрыйскага ордэну Зорнага крыжа.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Амэлія Агінская ў 3-хгадовым узросьце на малюнку Франсуа-Ксавіера Фабра

Дачка кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага (1765—1833) і сьпявачкі Марыі Нэры (1778—1851). Зь сям’і вынесла любоў да навукі, літаратуры і музыкі. Валодала некалькімі мовамі: францускай, ангельскай, італьянскай і нямецкай. Ведала таксама лаціну, расейскую і летувіскую. З малога ўзросту езьдзіла ў далёкія падарожжы. Дзякуючы навучаньню ў выбітных настаўнікаў музыкі авалодала ігрой на фартэпіяна і мела тэарэтычныя веды, патрэбныя для складаньня кампазыцыяў. З жарсьцю займалася паэзіяй. Пры нагодзе пісала вершы і малявала. Склала некалькі твораў для фартэпіяна, між іншага: Палянэз до мінор у чатыры рукі, Палянэз ля мажор, Мазурка рэ мінор, полька, тры вальсы і кароткія творы: Marche de Cavallerie, Les Adieux à Joseph (Souvenir) і Walce пад назовам Рэха Івоніча, выдадзеныя ананімна ў Вене.

У Івоніч прыбыла з Клайпеды, ужо замужам за Каралем Залускім. Шлюб адбыўся 11 траўня 1826 ў кармэліцкім касьцёле ў Вільні. У 1831—1835 Залускія мешкалі ў прускай дзяржаве, у Клайпедзе. Па канфіскацыі маёнткаў на Літве і страце права пражываньня пераехалі ў 1837 у Галіцыю і пасяліліся ў Івонічы, які перайшоў ім у спадчыну. У 1837—1845 будавалі курорт. Паводле ейных праектаў і пад ейным паглядам паўсталі першыя лекавыя будынкі. Муж памёр у 1845 року.

Дапамагала мясцовым жыхарам. У 1847 зладзіла дапамогу для хворым на тыфус людзей.

Памерла ў 1858 у італьянскай Іск’і, дзе й пахаваная.

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ейнае імя дагэтуль носіць адна зь мінэральных крыніцаў у Івоніч-Здруі. У парафіяльным касьцёле ў Івонічы знаходзіцца памятная таблічка. У 2002 імем Амэліі і Караля Залускіх названая гімназія ў Івоніч-Здруі.

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У шлюбе з Каралем мелі адзінаццаць дзяцей: Міхала Караля (1827—1893, ажаніўся з Геленай Бжастоўскай), Тэафіля (1828—1829), Марыю (1829—1910, замужам за Ўладыславам Галашэўскім), Эму (1831—1912, замужам за Тэафілем Войцехам Асташэўскім), Юзэфа (1832—1834), Караля Бэрнарда (1834—1919), Ірэнэюша (1835—1868), Станіслава Марыю (1838—1904), Іву (1840—1881), Іду (1841—1916, замужам за Гугам Зайлернэм) і Францішку (1843—1924, замужам за Вітам Жаленскім).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Wspomnienia o rodzinie Załuskich w XIX stuleciu. — Kraków: 1907.
  • Andrzej Kwilecki. Załuscy w Iwoniczu. — Kórnik: Biblioteka Kórnicka PAN, 1993. — ISBN 83-85213-15-5

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Амэлія Залускаясховішча мультымэдыйных матэрыялаў