Перайсьці да зьместу

Аляксандар Тарайкоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Knedlik-Pod (гутаркі | унёсак) у 07:39, 27 жніўня 2020. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Аляксандар Тарайкоўскі
Дата нараджэньня 26 сакавіка 1986(1986-03-26)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 10 жніўня 2020(2020-08-10) (34 гады)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Занятак прадпрымальнік, сьлесар, таксіст
Узнагароды
Мэдаль Ордэна Пагоні

Алякса́ндар Вале́р’евіч Тарайко́ўскі (26 сакавіка 198610 жніўня 2020, Менск) — удзельнік пратэстаў супраць фальсыфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах. Першая афіцыйна прызнаная ахвяра.

Жыцьцяпіс

Аляксандар працаваў прадпрымальнікам, рабіў аўтамабільныя фіранкі, меў свой сайт hober.by.

10 жніўня Тарайкоўскі а 20:00 вярнуўся дахаты з дачкой з прагулкі. Ён быў вельмі абураны тым, што людзей затрымліваюць, страляюць. Даведаўся, што там зьбіраюцца людзі, і сказаў жонцы, што пойдзе ў сваю кватэру ў тым раёне. А 22:30 Аляксандар патэлефанаваў жонцы і сказаў, што ідзе дахаты. З гэтага моманту сям’я ня мела аніякіх зьвестак, шукалі яго ў шпіталях і базах затрыманых[1].

Сьмерць

Міністэрства ўнутраных справаў паведаміла пра сьмерць пратэстоўца, не назваўшы ягонага прозьвішча. Паводле МУС, каля 23 гадзінаў 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага ў Менску чалавек загінуў ад выбуху. МУС сьцьвярджае, што гэта выбухнула самаробная прылада, якую той хацеў кінуць у сілавікоў[2]. Аднак прысутныя журналісты адзначаюць, што ў той час сілавікі стралялі ў бок дэманстрантаў шумавымі гранатамі[3].

Жонка сьцьвярджае, што пры апазнаньні цела не пабачыла ранаў, якія нагадвалі б выбух выбуховай прылады. Паводле афіцыйнага заключэньня, Аляксандар памёр ад страты крыві[1].

Пазьней журналісты знайшлі відэа, дзе бачна, што Тарайкоўскі стаіць адзін насупраць сілавікоў, а потым падае. Ніякіх выбухаў каля яго не відаць[1]. Незалежная каманда расьсьледаваньняў Conflict Intelligence Team прыйшла да высновы, што да сьмерці Тарайкоўскага могуць мець дачыненьне спэцпадразьдзяленьні беларускіх сілавікоў[4].

Пошукі нябожчыка

Калі 13 жніўня жонка пасьля званка журналістаў зьвярнуліся ў Сьледчы камітэт, дзе ёй сказалі, што Аляксандар лічыцца неапазнаным. Хаця ўжо празь некалькі гадзінаў пасьля ягонай сьмерці 11 жніўня МУС і СК распаўсюдзілі інфармацыю пра ягоную судзімасьць, а значыць, яго ідэнтыфікавалі[1].

Пахаваньне

Мітынг памяці Аляксандра Тарайкоўскага, станцыя мэтро «Пушкінская», Менск, 15 жніўня 2020 году

15 жніўня а 12-й гадзіне каля станцыі мэтро «Пушкінскай» прайшла хвіліна маўчаньня. На яе прышлі тысячы людзей.

У гэты ж час у рытуальнай залі на вуліцы Альшэўскага пачалося разьвітаньне зь нябожчыкам. Праз рытуальную залю прайшлі каля 800 чалавек, якія паклалі кветкі і вянкі. Калі труну з Тарайкоўскім выносілі з залі, людзі сталі на калені, пляскалі, паказвалі знак вікторыі і выгукалі «Слава герою!», «Жыве Беларусь!»[5].

Аляксандра Тарайкоўскага пахавалі на Заходніх могілках.

Судзімасьць

Аляксандар быў асуджаны на 7 гадоў за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, якія пацягнулі за сабой сьмерць. Жонка сьцьвярджае, што ён заступіўся за маці — яе зьбіў сужыцель. Тарайкоўскі адседзеў увесь тэрмін, і неўзабаве судзімасьць мусілі зь яго зьняць[1].

Крыніцы