Аляксандар Вампілаў
Аляксандар Вампілаў | |
Александр Валентинович Вампилов | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 19 жніўня 1937 Чарамхова, Іркуцкая вобласьць, Расея |
Памёр | 17 жніўня 1972 (34 гады) воз. Байкал, Іркуцкая вобласьць, Расея |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | драматург |
Гады творчасьці | 1958—1972 |
Кірунак | сацыялістычны рэалізм |
Жанр | драма, камэдыя |
Мова | расейская |
Дэбют | апавяданьне «Зьбег абставінаў» |
Значныя творы | камэдыі «Разьвітаньне ў чэрвені», «Старэйшы сын», п’еса «Паляваньне на качак», драма «Летась улетку ў Чулімску» |
Прэміі | лаўрэат прэміі Іркуцкага камсамолу |
http://www.vampilov.net.ru/ |
Аляксандар Вампілаў (1937, гор. Чарамхова, Іркуцкая вобласьць, Расея — 1972, воз. Байкал, Іркуцкая вобласьць, Расея) — расейскі драматург.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 19 жніўня 1937 году ў горадзе Чарамхова Іркуцкай вобласьці (Расея) у сям’і пэдагогаў. Бацька будучага драматурга ў 1938 годзе быў рэпрэсаваны і расстраляны. Маці гадавала чатырох дзяцей і працавала настаўніцай матэматыкі ў сярэдняй школе. Менавіта маці мела пераважны ўплыў на фармаваньне асобы А. Вампілава.
Пасьля заканчэньня школы паступіў на гісторыка-філялягічны факультэт Іркуцкага ўнівэрсытэту. Яшчэ студэнтам пятага курсу стаў літаратурным супрацоўнікам абласной газэты «Савецкая моладзь». У газэце працаваў — потым у якасьці загадчыка аддзела і адказнага сакратара — да 1964 году.
Пасьля заканчэньня працы ў газэце А. Вампілаў цалкам прысьвячае сябе пісьменьніцтву. Неўзабаве ў Іркуцку выходзяць два калектыўныя зборнікі зь яго апавяданьнямі.
Спробы зацікавіць маскоўскія тэатры пастаноўкай сваёй першай вялікай п’есы, камэдыі «Разьвітаньне ў чэрвені» скончыліся безвынікова [1].
Прарывам Вампілава на савецкую тэатральную сцэну стала пастаноўка «Разьвітаньня ў чэрвені» ў 1966 годзе Клайпедзкім драматычным тэатрам (галоўны рэжысэр Повілас Гайдзіс). Ажыцьцявіў гэтую пастаноўку беларускі рэжысэр Вадзім Дапкюнас. У гэтым жа годзе А. Вампілаў быў прыняты ў Саюз пісьменьнікаў СССР.
Посьпех клайпедзкай пастаноўкі расчыніў дзьверы савецкіх тэатраў для творчасьці А. Вампілава: у 1970 годзе п’еса «Разьвітаньне ў чэрвені» ішла ўжо ў 8 тэатрах краіны, але, нажаль, пакуль не ў сталічных тэатрах.
Толькі ў 1972 годзе стаўленьне цэнтральнага тэатральнага асяродзьдзя СССР да п’есаў Вампілава пачынае паступова зьмяняцца. Яго п’есы ставяць маскоўскія тэатры імя Ярмолавай і Станіслаўскага, ленінградзкі Вялікі драматычны тэатар.
І менавіта на жыцьцёвым і творчым ўзьлёце А. Вампілава напаткала заўчасная сьмерць — за два дні да свайго 35-годзьдзя ён трагічна загінуў на беразе возера Байкал: лодка, у якой ён быў разам зь сябрам, перакулілася, Аляксандар даплыў да берага, але яго сэрца ня вытрымала доўгага знаходжаньня ў ледзяной вадзе.
Сапраўднае прафэсійнае і грамадзкае прызнаньне таленавітыя творы А. Вампілава атрымалі толькі пасьля яго трагічнай сьмерці. Пачалі друкаваць яго кнігі, распачаліся здымкі фільмаў па яго творах. Адна толькі п’еса «Старэйшы сын» у свой час адначасова ішла ў 44 тэатрах Савецкага Саюзу[1].
У Іркуцкай вобласьці адкрыты дом-музэй драматурга. Яго імя прысвоена Іркуцкаму тэатру юнага гледача, бібліятэцы, цеплаходу. З 1997 году ў Іркуцку праводзіцца Ўсерасейскі фэстываль сучаснай драматургіі імя Аляксандра Вампілава [2].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першае апавяданьне — «Зьбег абставінаў» — было надрукаванае яшчэ ў студэнцкія гады ў газэце «Іркуцкі ўнівэрсытэт» (1958). Гэтае апавяданьне дало імя першай кнізе гумарыстычных апавяданьняў і сцэнаў А. Вампілава (1961).
Першай тэатральнай формай у творчасьці А. Вампілава сталі аднаактныя п’есы: «Дваццаць хвілінаў з анёлам» (1962) і «Дом вокнамі ў поле» (1963).
У 1964 годзе напісаная першая вялікая п’еса А. Вампілава — камэдыя «Развітаньне ў чэрвені». Да працы над ёй драматург зьвяртаўся неаднаразова: вядомыя чатыры варыянты п’есы.
Потым з-пад пяра драматурга выходзяць шырокавядомыя сёньня творы: камэдыя «Старэйшы сын» (1965), п’еса «Паляваньне на качак» (1968), драма «Летась улетку ў Чулімску» (1971). Аднаактная п’еса «Гісторыя з мэтранпажам» разам з ранейшым творам драматурга «Дваццаць хвілінаў з анёлам» утварыла п’ёсу «Правінцыйныя анэкдоты».
Пераклады твораў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Творы Аляксандра Вампілава перакладзены на ангельскую, баўгарскую, беларускую[3], кітайскую, латыскую, лезгінскую, мадзярскую, малдаўскую, мангольскую, нарвэскую, нямецкую, польскую, румынскую, сэрбскую, славацкую, францускую, чэскую, эстонскую і іншыя мовы сьвету.
Драматургічныя творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1963 «Дом вокнамі ў поле»
- 1964 «Разьвітаньне ў чэрвені»
- 1965 «Старэйшы сын»
- 1968 «Правінцыйныя анэкдоты»
- 1968 «Паляваньне на качак»
- 1971 «Летась улетку ў Чулімску»
Фільмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1975 «Летась улетку ў Чулімску» (тэлеспэктакль)
- 1976 «Старэйшы сын»
- 1979 «Гісторыя з мэтранпажам»
- 1979 «Адпачынак у верасьні» (па п’есе «Паляваньне на качак»)
- 1981 «Валянціна» (па матывах п’есы «Летась улетку ў Чулімску»)
- 1989 «Дваццаць хвілінаў з анёлам»
- 1990 «Правінцыйны анэкдот»
- 2003 «Разьвітаньне ў чэрвені»
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Александр Валентинович Вампилов. Библиографический указатель // Составитель Елизарова Э. — Иркутск: Упрполиграфиздат, 1989. — 240 с.