Абмеркаваньне:Дзямянаўскі сельсавет
Назва
[рэдагаваць крыніцу]Правілы ўтварэньня прыметнікаў мы ўжо падрабязна абмеркавалі ў абмеркаваньне:Біскупцоўскі сельсавет. Цяпер падрабязна разглядзім наступнае пытаньне: утварэньне прыметнікаў з суфіксам -цк-, а менавіта з часткай -вецкі. Спачатку прывяду ўсе прыклады з сучаснай афіцыйнай беларускай тапанімікі: Абру́б Беразве́цкі, Астраве́ц — Астраве́цкі (раён і сельсавет), Вензаве́ц — Вензаве́цкі, Вішняве́ц — Вішняве́цкі, Во́саўцы — Асаве́цкі, Грыбаве́ц — Грыбаве́цкі, Заастраве́чча — Заастраве́цкі, Кісялёўцы — Кіселяве́цкі, Му́хавец/Мухаве́ц — Му́хавецкі/Мухаве́цкі (на афіцыйным узроўні вярнулі правільную форму Мухаве́цкі), Раве́цкі Лес, Саве́т — Саве́цкі. Як бачна, магчымыя толькі два варыянты: 1) ва ўтваральнай аснове націск ужо прыпадае на літару е і захоўваецца; 2) ва ўтваральнай аснове можа праяўляцца й зьнікаць беглы галосны, пры гэтым націск заўсёды пераходзіць на літару е.
І вось мы бачым тры назвы, якія парушаюць гэтае правіла:
- Ахрэ́маўцы — Ахрэ́мавецкі
- Дзямя́наўцы — Дзямя́навецкі
- Мака́раўцы — Мака́равецкі (пры гэтым у расейскай мове адносна правільны варыянт Макарове́цкий)
Відавочна, што гэтыя назвы ўвайшлі ў беларускую мову праз бяздумную трансьлітарацыю з расейскай мовы. Разглядзім кожны выпадак асобна:
- Ахрэмавецкі сельсавет — адзіны існы сельсавет Беларусі, назва якога не адпавядае правілам беларускай мовы. Напрыклад у СННП (с. 34) пададзеная форма Ахрэ́маўскі і згадваецца Ахрэмаўскі сельсавет. У ЭГБ (т. 2, с. 70) згадваецца Ахрэмавіцкі сельсавет. Супрацоўнікі БелЭн мабыць зразумелі, што афіцыйная назва гучыць неяк недарэчна для беларускай мовы, а таму прыдумалі новую назву — зноў жа памылковую. Трэба намагацца каб назву зьмянілі і на афіцыйным узроўні.
- Дзямянавецкі сельсавет. У СННП (с. 84) пададзеная форма Дзям’я́наўскі і згадваецца Дзям’янаўскі сельсавет. Дзям’янаўскі сельсавет згадваецца і ў ЭГБ (т. 3, с. 363). Пры гэтым на старонцы 258 ужо бачым новы варыянт гэтай назвы Дзем’янавецкі сельсавет. Апошні варыянт згадваецца і ў энцыкляпэдычным даведніку «Рэспубліка Беларусь: Вобласці і раёны» (с. 302). Супрацоўнікі БелЭн убачылі, што афіцыйная назва выглядае неяк недарэчна і пачалі гуляць у націскі. Націск перасунулі на літару а, але ўсё роўна назва атрымалася дзіўнай для беларускай мовы. У КТСБ (с. 96) згадваецца вёска Дзям’я́наўцы, якая паходзіць «от имени Демьян». У нарматыўным даведніку «Слоўнік асабовых уласных імён» (2011) на старонцы 83 напісана наступнае: «Дзям’я́н... Вытворныя: Дзямя́н...». Пры гэтым у БКП-2005 ёсьць адмысловы пункт 45: «у даўно асвоеных пазычаньнях, дзе л, м, д і т, асымілюючы (паглынаючы) наступны [й], зьмякчаюцца: базылянін, булён, мадзяр, Наталя, Тацяна, (В)уляна, Іля, Іліч, Ілініч (побач з Натальля, Тацьцяна, (В)ульляна, Ільля, Ільліч, Ільлініч; Гальляш), Дзямян (побач з Даміян), Максімілян, Савасьцян (побач з Сабастыян)». Пры гэтым у ННПБ вёска Дзям’янаўцы ўжо згадваецца як Дзямянаўцы — на афіцыйным узроўні ўсё ж абралі клясычны варыянт гэтай назвы, калі так можна сказаць. Атрымліваецца, што адзіным слушным варыянтам гэтай назвы зьяўляецца форма Дзямянаўскі сельсавет як для афіцыйнага правапісу, так і для клясычнага. Праблема ў тым, што на афіцыйным узроўні гэты сельсавет ужо ніколі не пераймянуюць, бо ён ліквідаваны.
- Макаравецкі сельсавет. У СННП (с. 147) пададзеная форма Мака́раўскі і згадваецца Макараўскі сельсавет. Вышэй я ўжо напісаў, што ў назьве на расейскай мове пазначаны правільны націск. Але ж гэтае ня кажа пра тое, што гэтая назва стала слушнай, наадварот, якраз няслушную назву пачалі рабіць «слушнай» праз гульню з націскамі. Заўважце, на афіцыйным сайце Бераставiцкага раённага выканаўчага камітэту згадваецца «Макаравецкі сельсавет», але пры гэтым усе іншыя ўстановы зь вёскі Макараўцы ўжо падаюцца з прыметнікам Макараўскі: Макараўская бібліятэка, Макараўскі вучэбна-пэдагагічны комплекс ясьлі-сад-сярэдняя школа, Макараўскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў агульнага тыпу. Так, гэтая сытуацыя нагадвае сытуацыю з Заходзкім сельсаветам Рэчыцкага раёну — Заходаўскі сельсавет. Толькі ёсьць адно адрозьненьне. Апошні — сучасная няслушная назва, якая ў сувязі з гэтым усюды зафіксаваная менавіта пад гэтай назвай (адзіны «аргумэнт» за памылковую назву). Пры гэтым тое, што ўжо нават у сувязі з тым, што нарматыўныя даведнікі, гістарычныя крыніцы, сучасныя прыклады проста не фіксуюць прыметнік Заходаўскі ў дачыненьні да назвы Заходы, кажа, што асноўнай назвай гэтага сельсавету павінна быць форма Заходзкі. А афіцыйнага назва павінна быць пададзеная ў дужках пасьля асноўнай назвы, як гэтае зроблена ў артыкуле пра Валевачоўскі сельсавет. Калі афіцыйныя ўлады дзесяцігодзьдзямі ня могуць выправіць памылкі, то гэтае ня кажа пра тое, што гэтыя памылкі трэба абавязкова рабіць асноўнымі назвамі ў іншых месцах. Вернемся да Макараўскага сельсавету. Атрымліваецца, што адзіным слушным варыянтам гэтай назвы зьяўляецца форма Макараўскі сельсавет як для афіцыйнага правапісу, так і для клясычнага. Пры гэтым з гэтай назвай тая жа праблема, як і зь Дзямянаўскім сельсаветам — гэты сельсавет таксама ўжо ніколі афіцыйна не пераймянуюць, бо ён ліквідаваны. --Ліцьвін (гутаркі) 15:35, 27 ліпеня 2019 (MSK)
Такая ж сытуацыя і з Малахавецкім сельсаветам. Правільная назва Малахоўскі сельсавет (СННП, с. 81), бо ад назвы Малахоўцы. --Ліцьвін (гутаркі) 17:48, 3 верасьня 2019 (MSK)