Ірака-іранская вайна
Ірака-іранская вайна | |||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||||
Супернікі | |||||||||||
Іран | Ірак | ||||||||||
Камандуючыя | |||||||||||
Асноўныя кіраўнікі: | Асноўныя кіраўнікі: | ||||||||||
Колькасьць | |||||||||||
Пачатак вайны:
падрабязьней:
1700—2100 танкаў,
750—835 верталётаў | Пачатак вайны:
падрабязьней:
1750—2800 танкаў,
300—350 верталётаў | ||||||||||
Страты | |||||||||||
200—600 тыс. вайскоўцаў | 105—500 тыс. вайскоўцаў | ||||||||||
Агульныя страты | |||||||||||
Цывільныя страты: > 100 тыс. чал. | |||||||||||
Іра́ка-іра́нская вайна́, альбо Пе́ршая вайна́ ў Пэрсы́дзкай зато́цы (па-арабску: حرب الخليج الأولى, па-пэрсыдзку: جنگ ایران و عراق) — збройны канфлікт Ірану з Іракам ад верасьня 1980 да жніўня 1988 року. Пачаўся з ірацкага нападу на Іран і скончыўся ўзаемным прыняцьцем Рэзалюцыі №598 Рады бясьпекі ААН.
Прычынай атакі на Іран стала боязь перад распаўсюджаньнем ідэалёгіі Рухалы Хамэйні і шыізму ў пераважна суніцкім Іраку. Пры гэтым Садам Хусэйн спадзяваўся зрабіць Ірак паноўнай сілай Пэрсыдзкай затокі і адваяваць усходні бераг ракі Шат-эль-Араб, аддадзены Ірану ў 1975 року ў Альжыры.
Іран пасьля нядаўняй рэвалюцыі быў аслаблены і пазбавіўся падтрымкі ЗША ды Ізраілю; аднак нягледзячы на чаканьні ірацкіх вайскаводаў, іхні наступ трываў толькі тры месяцы. Пасьля гэтага да чэрвеня 1982 року іранская армія адваявала ўсе страчаныя тэрыторыі. Тады Іран адмовіўся прызнаць Рэзалюцыю №514 Рады бясьпекі ААН і перайшоў у наступ на ірацкай тэрыторыі, які цягнуўся пяць гадоў. Толькі ў сярэдзіне 1988 року Ірак здолеў правесьці шэраг удалых контранаступаў, пасьля чаго ваенныя дзеяньні зайшлі ў тупік.
Ірак атрымліваў значную грашовую, палітычныю і лягістычную дапамогу ад ЗША, Вялікабрытаніі, СССР, Францыі, Італіі, Югаславіі і пераважнай большасьці арабскіх дзяржаваў. На баку Ірану, які аказаўся ў міжнароднай ізаляцыі, стаялі Сырыя, Лібія, КНР, КНДР, Ізраіль, Пакістан і Паўднёвы Емэн. Апанэнты вялі ваенныя дзеяньні ў стылі I сусьветнай вайны з выкарыстаньнем акопаў, калючага дроту, умацаваных кулямётных пунктаў, штыкавых атакаў, іранскіх «мясных штурмаў(d)», ірацкай хімічнай зброі і наўмысных удараў па мірных мэтах.
Васьмігадовы канфлікт, эканамічная разруха, падзеньне маралі, няздольнасьць працягваць наступ, бязьдзейнасьць міжнароднай супольнасьці адносна выкарыстаньня Іракам зброі масавага зьнішчэньня, а таксама згаршэньне стасункаў з ЗША змусілі Іран пагадзіцца на прапанаванае Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый замірэньне. За час вайны загінулі каля 500 тысячаў чалавек, прычым значную частку стратаў панёс іранскі бок, і ніякіх тэрытарыяльных здабыткаў ці рэпарацыяў ніводная зь дзяржаваў не атрымала.