Перайсьці да зьместу

Іван Карэйша

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Іван Цімафеевіч Карэйша (1938 — ?) — праўдашукальнік, «жалобщик», ахвяра карнай псыхіятрыі, палітычны вязень у БССР.

Нарадзіўся і жыў у вёсцы Малое Высокае каля Коханава (Талачынскі раён) у сям’і калгасьнікаў. Бацька, салдат Другой сусьветнай вайны на баку СССР, памёр ад тыфу ў 1944 годзе. Маці Еўдакія Пятроўна (каля 1910 г. н.) усё жыцьцё працавала ў калгасе, выйшла на пэнсію.

Нястача прымусіла Івана Карэйшу рана пайсьці працаваць у калгас, таму скончыў толькі пяць клясаў. З 1950 па 1962 г. пасьвіў калгасных кароваў, пазьней скончыў вучэльню мэханізацыі і працаваў трактарыстам. У 1970 г. з прычыны язвавай хваробы страўніка быў пераведзены на больш лёгкую працу — калгасным пажарнікам.

Летам 1974 году, у адпаведнасьці з інструкцыямі, напісаў старшыні калгасу Грыгаровічу рапарт аб тым, што малочна-перагонны пункт калгасу знаходзіцца ў пажара-небясьпечным стане. Старшыня не прыняў ніякіх мераў, і тады Карэйша паведаміў аб стане пункту ў раённую пажарную інспэкцыю. Супрацоўнікі інспэкцыі прыехалі й апячаталі памяшканьне, але старшыня калгасу самавольна сарваў плёмбу. У хуткім часе малочна-перагонны пункт загарэўся і згарэў разам з усёй апаратурай, якая там знаходзілася. Карэйша ў гэты час быў на бюлетэні ў сувязі з абвастрэньнем язвавай хваробы. Старшыню аштрафавалі на 60 рублёў.

Неўзабаве, у жніўні 1974 году, старшыня выключыў Карэйшу з калгасу. Фармальна рашэньне павінна было прыймацца большасьцю калгасьнікаў, але ў рэальнасьці калгасныя сходы ніколі не набіралі кворуму. Да таго ж, у сфальсыфікаваным старшынём пратаколе сходу было напісана, быццам рашэньне прынята адзінагалосна, у той час як на сходзе раздаваліся галасы супраць выключэньня Карэйшы. Сам Карэйша на сходзе адсутнічаў, бо хварэў.

Іван Карэйша стаў дамагацца свайго аднаўленьня ў калгасе, і па гэтым пытаньні зьвяртаўся ў розныя інстанцыі. Так, 2 жніўня 1976 году яго прыняў намесьнік міністра сельскай гаспадаркі БССР Аляксандар Грахоўскі, які разгледзеў адпаведныя дакумэнты і сказаў, што Карэйшу з калгасу выключылі ў парушэньне Статуту калгасу, і накіраваў ліст у райвыканкам з просьбай «разабрацца і прыняць меры». Аднак сытуацыя Карэйшы не зьмянялася. Ад паўторнага прыёму Карэйшы Грахоўскі ўхіліўся.

Іван Карэйша зьвяртаўся ў Вярхоўны Савет СССР і ЦК КПСС, газэты «Известия», «Сельская жизнь», «Труд», іншыя інстанцыі ды выданьні. Яго лісты і заявы ў рэдакцыі газэт ці партыйныя ворганы перасылаліся ў райвыканкам ці райкам партыі, і далей ім ходу не давалі.

Карэйша зьвярнуўся па дапамогу ў Маскоўскую Хэльсінскую групу [1], і такім чынам яго гісторыя трапіла ў самвыдат і замежныя СМІ (у тым ліку нью-ёркскую газэту «Беларус»).

Тым часам Івана Карэйшу цкавалі па месцы жыхарства: яму не аддавалі працоўную кніжку, міліцыя пагражала яму зьбіццём і крымінальнай справай. У канцы 1976 году ў раённай бальніцы галоўны ўрач зьнішчыў гісторыю хваробы Карэйшы, а даведку аб хваробе і неабходнасьці больш лёгкай працы ў яго адабрала міліцыя.

Паколькі назад у калгас Карэйшу не прымалі і яму ўсё часьцей трэба было хавацца ад перасьледу міліцыі, то ён хаваўся, не жыў дома, у тым ліку зьязджаў у Маскву, дзе, бывала, праводзіў па некалькі тыдняў ці нават месяцаў у спробах узнавіць справядлівасьць у розных інстанцыях.

Увесну 1977 года Карэйшу судзілі па артыкуле 204 КК БССР за «дармаедства» і «паразытычны лад жыцьця», але раённы суд пастанавіў, што ён падлягае не крымінальнай, а адміністрацыйнай адказнасьці, прычым пастанову суда Карэйша не атрымаў.

У чэрвені 1978 г. Карэйшу, белабілетніка, выклікалі ў ваенкамат, дзе яго затрымалі міліцыянты і ў кайданках адвезьлі ў Віцебскую абласную псыхіятрычную лякарню. Там камісія аглядзела яго толькі праз 17 дзён. Лекары параілі больш не пісаць скаргаў і адпусьцілі.

У красавіку 1979 г. Карэйшу, які прыехаў з чарговымі скаргамі ў Маскву, затрымала міліцыя. Тут два псыхіятры пагутарылі зь ім адразу – ужо ў аддзяленьні. Яго адпусьцілі.

1 лістапада 1979 І. Карэйшу ізноў затрымалі міліцыянты і 2 лістапада гвалтам шпіталізавалі ў Віцебскую абласную псыхлякарню (міліцыянты дзейнічалі пад кіраўніцтвам асабіста начальніка Талачынскага РУУС Смаляка). У псыхлякарні праводзілі прымусовае «лячэньне» ўколамі аміназіну, з-за чаго ён стаў блага сябе адчуваць. Галоўны лекар Віцебскай абласной псыхлякарні Зорка некалькі разоў выклікаў да сябе Карэйшу і распытваў яго: Каму і калі ён скардзіўся? Якім чынам адправіў ліст зь лякарні? Нашто пісаў у лісьце пра ўколы?

7 сьнежня Карэйшу выпісалі зь лякарні з дыягназам «манія скаргаў». 8 сьнежня яму зрабілі афіцыйнае пяпярэджаньне аб тым, што супраць яго будзе ўзбуджана крымінальная справа па арт. 204 КК БССР.

8 траўня 1980 г. міліцыянты ізноў адвезьлі яго ў Віцебскую абласную псыхлякарню; але з-за адсутнасьці галоўнага лекара былі вымушаны прывезьці яго назад. Карэйшу папярэдзілі, што 13 траўня яго накіруюць у псыхлякарню. Ён зьехаў з дому. 22 траўня чалец Рабочай камісіі па расьсьледаваньні выкарыстаньня псыхіятрыі ў палітычных мэтах Фэлікс Сераброў зьвярнуўся да Зоркі зь лістом:

«На основании заключения врача-психиатра, консультанта Рабочей комиссии, Карейша Иван Тимофеевич является психически здоровым и в лечении не нуждается. В случае новой госпитализации и лечения Карейши И. Т. в Вашей больнице Рабочая комиссия будет вынуждена рассматривать это как использование психиатрии в преступных, репрессивных целях».

У пачатку ліпеня 1980 Іван Карэйша быў арыштаваны празь некалькі дзён пасьля яго вяртаньня з Масквы, дзё ён ізноў дамагаўся аднаўленьня ў калгасе. У жніўні 1980 адбыўся суд, які прыгаварыў І. Карэйшу да 1 году калёніі агульнага рэжыму па артыкуле 204 КК БССР («дармаедства»). Абскарджаньне ў Віцебскім абласным судзе было безвыніковым. Ён адбываў пакараньне па адрасе: БССР, Магілёў, п/о Вейна, установа УЖ-15/15 “М”.

11 лютага 1981 году Камітэт абароны вязьняў сумленьня на Беларусі і Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне даслалі амэрыканскай урадавай Камісіі па справах бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (якая займалася пытаньнямі ажыцьцяўленьня Хэльсінскіх пагадненьняў) Мэмарандум №2 з матар’яламі пра перасьлед Івана Карэйшы [2].

Пасьля адбыцьця пакараньня працягваў дамагацца аднаўленьня ў калгасе, таксама зьвяртаўся ў пракуратуру Віцебскай вобласьці, БССР, СССР з патрабаваньнем адмены прысуду. Працягваў езьдзіць у Маскву на лячэньне язвы страўніка, паколькі ў раённай бальніцы яго не прымалі; у 1983 г. яму была праведзеная апэрацыя рэзэкцыі страўніка. Маскоўскія ўрачы прызналі, што Карэйшу неабходна даць групу па інваліднасьці й накіравалі яго на праходжаньне камісіі па вызначэньні інваліднасьці. Але такую камісію можна было прайсьці толькі ў раёне па месцы пражываньня, і мясцовыя лекары адмовіліся надаваць Карэйшу групу інваліднасьці. Мясцовая міліцыя працягвала запалохваць і зьбіваць Івана Карэйшу і яго маці.

Зімой 1986—1987 гадоў пасьля доўгага перапынку ізноў знайшоў удзельніцу Маскоўскай Хэльсінскай групы Мальву Ланда, якая жыла ў Петушках Уладзімерскай вобласьці пасьля вяртаньня з палітычнай ссылкі. Карэйша быў зь ёй знаёмы раней, у 1978—1979 гадах. У лютым 1987 году Мальва Ланда напісала і перадала для памнажэньня ў самвыдаце біяграфію Івана Карэйшы, да якой далучыла копіі некаторых дакумэнтаў па яго выпадку.

Далейшы лёс невядомы.

  • Заява ў Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета СССР ад 10 чэрвеня 1979 г. Апублікавана ў «Материалах самиздата» радыё «Свабода» (№33 ад 14 верасьня 1979 г.). Беларускі пераклад: Заява беларускага іншадумца Івана Карэйшы // Беларус. №273. Студзень 1980. С. 2, 4.
  • Жалоба-заявление Генеральному секретарю ЦК КПСС Горбачёву М. С. от 25 ноября 1986 г. // Архив самиздата радио «Свобода». №16 от 18.5.1987. Документ АС №5963.
  1. ^ Алексеева, Людмила. История инакомыслия в СССР: новейший период. — 3-е изд., стер. — Москва, 2012. — С. 274.
  2. ^ Мэмарандум у вабарону І. Карэйшы // Беларус. №286. Люты 1981. С. 1.
  • Информационный бюллетень Рабочей комиссии по расследованию использования психиатрии в политических целях. №№18 (12 августа 1979), 20 (8 декабря 1979), 22 (5 апреля 1980), 23 (21 мая 1980).
  • Хроника текущих событий. Выпуски 54 (15 ноября 1979), 56 (30 апреля 1980), 57 (3 августа 1980).
  • Вести из СССР. №№ 4/1980, 10/1980, 21/1980, 22/1980.
  • Ланда, Мальва. Иван Карейша – факты биографии // Архив самиздата радио «Свобода». №16 от 18.5.1987. Документ АС №5964.