Язэп Рэшаць
Язэп Рэшаць (пс.: Язэп Рушчанец, J.Ruščanec, І.Р.; 26 ліпеня 1890, Рушчаны, Віленская губэрня — 15 лютага 1958) — беларускі рэлігійны і культурна-асьветніцкі дзяяч, каталіцкі сьвятар, доктар філязофіі і тэалёгіі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Навучаўся ў Беластоцкай гарадзкой гімназіі, якую скончыў у 1910 годзе. Скончыў Віленскую сэмінарыю, дзе далучаўся яшчэ клірыкам да беларускага руху сярод іншых сьвятароў. Супрацоўнічаў з каталіцкім тыднёвікам «Biełarus» (1913—1915).
Навучаўся ў Грыгарыянскім унівэрсытэце ў Рыме (1913—1919), які скончыў з ступеньню доктара філязофіі і тэалёгіі. Пасьля навучаўся ў папскім Усходнім інстытуце (1919—1921) і ў Collegium Germanicum. Пасьвячоны ў сьвятары 2 сьнежня 1917 году ў Рыме.
У 1921 годзе вярнуўся на Бацькаўшчыну. Напачатку працаваў у Горадні вікарыем. Прафэсар філязофіі і апалягэтыкі Віленскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі, выкладаў ва ўнівэрсытэце імя Стэфана Баторыя, Віленскай беларускай гімназіі.
Актыўны дзяяч Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, супрацоўнічаў зь яе друкаванымі выданьнямі. Выдаў некалькі тэалягічных прац у 1928, 1929 гадох. У 1927 пад крыптаграмай І.Р. выдаў «Асновы хрысьціянскай веры для беларускага народу» надрукаваны кірыліцай і пад сваім прозьвішчам «Кароткі катэхізм для беларусаў-каталікоў» лацінкай. Апошняя выдадзена за кошт архібіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага.
У складзе беларускай дэлегацыі ўдзельнічаў у працы 5-га Ўнійнага кангрэсу ў Веляградзе (Чэхаславаччына; 20—24 ліпеня 1927).
Адзін з распрацоўшчыкаў статуту Лігі абароны правоў беларусаў-каталікоў.
Пад псэўданімам Язэп Рушчанец выдаў п’есы «Першыя ластаўкі», «Зорка-ідэя».
У 1931 годзе высланы працаваць у парафію в. Даўнары на Мазурах.
На запрашэньне беларускага каталіцкага сьвятара-бэнэдыктынца бізантыйскага абраду а. Яна Тарасевіча ў 1938 годзе эміграваў у ЗША ў Ляйль (Ліс-Ілінойс), што каля Чыкага. Там уступіў у ордэн сьв. Бэнэдыкта ў абацтве сьв. Пракопа. Пасьля году навіцыяту атрымаў манаскае імя Апанас.
Напрыканцы 1941 году ў Менску без дазволу нямецкай цэнзуры кс. Станіслаў Глякоўскі перавыдаў беларускі катэхізіс Язэпа Рэшаця.
Сястра Язэпа Рэшаця — Марыя была замужам за Браніславам Туронкам — бацькам Юрыя Туронка.
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асновы хрысьціянскай веры для беларускага народу, Вільня, 1927
- Karotki katechizm dla biełarusaŭ-katalikoŭ, Вільня, 1927, друкарня Скарына
- Z historyi apolohetyki chryścijanskaj, Вільня, 1928 выданьне «Хрысьціняскай Думкі»
- Pieršyja łastaŭki, п’еса, Вільня, 1931. БІГіК
- Zorka-ideja, п’еса, Вільня,1933, БІГіК
- Śviatyja, Вільня-Львоў, 1937, Хрысьціянская Думка
- Karotki katechizm dla biełarusaŭ-katalikoŭ, Менск, 1941
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Трачук Ю. «Першыя ластаўкі Язэпа Рушчанца» // Ніва 1992, 15 і 29 сакавіка
- Юры Туронак «Трагізм і загадкавасьць лёсу. Да гісторыі беларускага каталіцкага душпастырства ў Менску» // Мадэрная гісторыя Беларусі. с.424-
- Беларуская царква (Чыкага). 1963. № 25