Перайсьці да зьместу

Цэнтральны працэсар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікрапрацэсар Intel 80486DX2

Цэнтральны працэсар (па-ангельску: Central Processing Unit, CPU) — частка вылічальнай сыстэмы, якая выконвае інструкцыі кампутарных праграм і кіруе іншымі працэсамі і функцыямі ў кампутары. Тэрмін увайшоў ва ўжытак на пачатку 1960-х гадоў[1], а форма і выкананьне працэсараў вельмі зьмяніліся з тых часоў, хоць прынцып дзеяньня застаўся аднолькавы.

Дзьвюма тыповымі складовымі часткамі цэнтральнага працэсара зьяўляюцца арытмэтычна-лягічная прылада (АЛП; анг. arithmetic logic unit — ALU), якая выконвае арытмэтычныя, лягічныя і іншыя апэрацыі над зьвесткамі, і кіравальны аўтамат (анг. control unit), які выбірае інструкцыі з памяці, пераўтварае ў прымальны выгляд і выконвае, па неабходнасьці зьвяртаючыся да АЛП.

Большасьць сучасных працэсараў зьяўляюцца мікрапрацэсарамі, гэта значыць яны ўтрымліваюцца на адной інтэгральнай схеме. Такая схема акрамя цэнтральнага працэсара можа ўтрымліваць памяць, пэрыфэрыйныя інтэрфэйсы і іншыя кампанэнты кампутара. Некаторыя кампутары выкарыстоўваюць шмат’ядравы працэсар, які ўяўляе сабой адзіны чып, на які зьмяшчаюцца два ці больш працэсараў, гэтак званых «ядраў». Ня ўсе вылічальныя сыстэмы абапіраюцца на цэнтральны працэсар. Вэктарны працэсар, напрыклад, мае некалькі паралельных вылічальных блёкаў, ніводны зь якіх ня лічыцца «цэнтральным». У разьмеркаваных вылічэньнях вылічальныя задачы вырашаюцца шляхам злучэньня некалькіх працэсараў у сетку (кожны суб’ект якой зьяўляецца асобнай вылічальнай сыстэмай). Там таксама існуе панятак віртуальных працэсараў, якія зьяўляюцца абстракцыяй дынамічных агрэгаваных вылічальных рэсурсаў[2].

Амэрыканскія кампаніі Advanced Micro Devices ды «Інтэл» фактычна зьяўляліся асноўнымі вытворцамі цэнтральных працэсараў для пэрсанальных кампутараў.

  1. ^ Weik, Martin H. (1961). «A Third Survey of Domestic Electronic Digital Computing Systems». Ballistic Research Laboratory.
  2. ^ Liebowitz, Kusek, Spies, Matt, Christopher, Rynardt (2014). «VMware vSphere Performance: Designing CPU, Memory, Storage, and Networking for Performance-Intensive Workloads». Wiley. — С. 68. — ISBN 978-1-118-00819-5.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]