Узброеныя сілы
Узброеныя сілы — узброеная арганізацыя дзяржавы, прызначаная абараняць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць дзяржавы ў выпадку вайны, адзін з найважнейшых інструмэнтаў палітычнае улады. Прызначэньне ўзброеных сілаў, прынцыпы іх будаўніцтва, навучаньня і выхаваньня асабовага складу вызначаюцца грамадзтвам, дзяржаўным ладам і палітыкай дзяржавы, а таксама маштабам краіны, ейным геаграфічным становішчам, гістарычнымі, сацыяльнымі і культурнымі традыцыямі. Вырашальны ўплыў на ўзброеныя сілы аказвае эканоміка.
Да XX стагодзьдзя узброеныя сілы складаліся з сухаземнага войска і вайскова-марскога флёту. Сучасныя узброеныя сілы ў большасьці дзяржаваў сьвету складаюцца з розных відаў (сухаземныя войскі, вайскова-марскі флёт, вайскова-паветраныя сілы, сілы супрацьпаветранай абароны), найвышэйшых органаў вайсковага кіраваньня (міністэрства абароны, генэральны штаб), органаў тылу і некаторых ваенізаваных арганізацыяў.
Асабовы склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Не зважаючы на ўсё большае значэньне вайсковай тэхнікі, войска залежыць перш за ўсё ад людзей. Паводле заявы прадстаўнікоў брытанскага войска чалавек па-ранейшаму ёсьць галоўнай зброяй вайны[1].
Званьні і ролі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вайсковая арганізацыя характарызуецца герархічнай структурай камандаваньня. Звычайна структура вызначаецца розным чынам вайскоўцаў, якія звычайна групуюцца на тры тыпы. Першай і самай галоўнай ёсьць група найвышэйшага афіцэрства, якія маюць чыны, як то маёр, палкоўнік ды іншыя. Наступнымі рушаць унтэр-афіцэры альбо малодшыя афіцэры, да шэрагаў якіх належыць, напрыклад, сяржант. Найніжэйшымі жаўнерамі ёсьць шараговец, матрос ды іншыя. У той час як старэйшыя афіцэры прымаюць стратэгічныя рашэньні, іншыя падначаленыя вайскоўцы выконваюць іх. Не зважаючы на тое, што структура званьняў залежыць ад родаў войскаў і краінаў, агулам герархія чыноў ёсьць агульнай для ўсіх узброеных сілаў ва ўсім сьвеце.
У дадатак да свайго званьня, вайскоўцы могуць выконваць розныя ролі, якія часта групуюцца ў залежнасьці ад характару вайсковых задачаў і ролі ў баявых дзеяньнях. Гэтак можна вызначыць баявыя ролі, як то пяхоту, гэтак і сілы баявога забесьпячэньня войскаў, сярод якіх можна вылучыць падразьдзяленьні вайсковых інжынэраў.
Рэкрутынг
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У гісторыі ўзброеных сілаў вядомыя розныя спосабы іхнага камплектаваньня, як то наёмніцтва, добраахвотніцтва, фэадальнае і народнае апалчэнне, ўалучэньне, рэкруцкі набор, рэкруцкая павіннасьць, канскрыпцыя, вайсковая павіннасьць і абавязак. Сёньня вайскоўцы ў армію могуць быць залучаныя як найміты, і войска з такім спосабам рэкрутынгу звычайна называецца прафэсійным, альбо можа існаваць сыстэма ўсеагульнай вайсковай павіннасьці. Кожная краіна сама вызначае прынцып фармаваньня асабовага складу войска. Большасьць вайскоўцаў у сьвеце фармуюць мужчыны, але колькасьць жанчынаў у войску вар’іруецца ад краіны да краіны. Гэтак ува ўзброеных сілах Індыі колькасьць жанчын складае блізу 3%[2], у Вялікабрытаніі — 10%[3], у Швэцыі — 13%[4], у ЗША — 16%[5], у Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі — 27%[6]. Не зважаючы на тое, што каля дзьвюх трацінаў дзяржаваў бяруць у войска толькі дарослых, паводле стану на 2017 год 50 дзяржаваў па-ранейшаму часткова прыцягваюць дзяцей веку да 18 гадоў да шыхтаў сваіх узброеных сілаў[7].
Прынцыпы камплектаваньня вызначаюцца месцам жыхарства прыцягнутых да войска грамадзянаў і дыслякацыяй войскаў. Вылучаюць тры прынцыпы камплектаваньня: тэрытарыяльны, калі войскі камплектуюцца людзкімі кантынгентамі з насельніцтва раёну разьмяшчэньня ўкамплектаваных частак; экстэрытарыяльныя, калі войскі камплектуюцца з грамадзянаў розных раёнаў; і зьмяшаны — які спалучае першы і другі прынцыпы. Умовы вайсковай службы вызначаюцца законамі дзяржаваў, зыходзячы з колькасьці ўзброеных сілаў, узроўню разьвіцьця вайсковай тэхнікі, фізычнага стану, агульнай адукацыі жаўнераў і г. д. У арміях, якія фармаваліся праз рэкруцкі набор, тэрміны вайсковай службы першапачаткова былі, як правіла, доўгімі, але паступова час службы скарачаўся. З усталяваньнем усеагульнай вайсковай павіннасьці, тэрміны службы рэзка скараціліся і пачалі падзяляцца на тэрмін рэальнай вайсковай службы беспасярэдне ў войску і тэрмін знаходжаньня на запасе.
Лягістыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Недастаткова мець вайсковую сілу, калі гэтыя сілы ня могуць быць своечасова разгорнутыя і скарыстаныя ў баявых апэрацыях. Каб забясьпечыць войскі ўсім неабходным дзеля выкананьня задачаў існуе вайсковая лягістыка, якая стварае і кіруе ланцугамі і пунктамі вайсковых паставак, выдатковых матэрыялаў і абсталяваньня. Лягістыка карыстаецца рознымі відамі транспарту, ад вайсковых грузавых аўтамабіляў да кантэйнэрных караблёў, якія здольные перавозіць з вайсковых базаў вялікую колькасьць вайсковай тэхнікі і боепрыпасаў.
Акрамя таго, адно з самых важных задачаў ёсьць стварэньне шляхоў дастаўкі тэхнікі і боепрыпасаў да пазыцыяў канкрэтнага падразьдзяленьня ў зоне баявых дзеяньняў. Лягістыкай таксама ставараюць пункты забесьпячэньне, дзе рэмантуюцца сапсаваныя транспартныя сродкі і зброя, а таксама робіцца патрэбныя мадыфікацыі палявых узбраеньняў і абсталяваньня.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ British Army (2000). «Soldiering: The military covenant».
- ^ Franz-Stefan Gady. «India’s Military to Allow Women in Combat Roles». The Diplomat.
- ^ «UK armed forces biannual diversity statistics: 2017». UK Government.
- ^ «Historik». Försvarsmakten.
- ^ «Support Army Recruiting». U.S. Army.
- ^ Engelbrecht, Leon (29.06.2011). «Fact file: SANDF regular force levels by race & gender». Defence Web.
- ^ «Where are child soldiers?». Child Soldiers International.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Узброеныя сілы на бачыне Curlie