Перайсьці да зьместу

Табака

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Таба́ка альбо ню́хальны тыту́нь (па-ангельску: snuff) — тытунь бяздымнага спосабу ўжываньня. Уяўляе сабой раздроблены да стану буйной пудры тытунёвы ліст, высушаны на агні і пастэрызаваны. Бывае розных відаў: для нюханьня і для жаваньня.

Вырабляецца зь лістоў і сьцябла тытуню, якія мелюць у буйную пудру. У старажытныя часы існавалі маленькія ручныя млынкі для прыгатаваньня табакі ў хатніх умовах. Парашок доўгі час сушаць, а потым араматызуюць. Палітра араматаў на сёньня проста вялізная — ад пэрсіка і апэльсына, да ванілі, бэргамоту і лаванды, язьміну, лімону, мёду, сандалавага дрэва. У Менску можна набыць табаку зь вішняю, абрыкосам, эўкаліптам, малінаю і іншымі. Араматызаваная табака пакуецца ў вакуўмныя каробачкі для захаваньня смаку й патрэбнага ўзроўню вільготнасьці.

Найбольшую папулярнасьць табака набыла ў 18 стагодзьдзі. Каралеўскія дамы і хаткі Эўропы, а таксама вышэйшая шляхта з задавальненьнем аддавалася новай забаве. Кароль Людовік XIII, які ўпадабаў табаку, скасаваў у Францыі на яе ўсе забароны, а жонку іншага караля — Гэорга III — нават празвалі Snuffy Charlotte (Шарлёта-табанюшка). Пасьля Францускай рэвалюцыі табака стала даступнай і звычайным абываталям, якія з энтузіязмам перанялі гэтую звычку ў шляхты.

У той самы час амэрыканскія каўбоі таксама прасоўвалі табаку ў масы — нюхаць было зручней, чым распальваць цыгару ці цыгарэту, седзячы на кані. Па той самай прычыне «ня маючы магчымасьці паліць тытунь з камфортам у часе хуткай язды» табаку сталі нюхаць многія аўтааматары Вялікай Брытаніі. Гэтыя спадары ў 1912 году адчынілі нават «Клюб табакі». Як лічылі яны, табака — «гэта яшчэ й цудоўны сродак для ачышчэньня носу ад дарожнага пылу».

Выгоды і прыемнасьці ад табакі, штопраўда, могуць нэгатыўна адбіцца на здароўі.

Навукоўцы сьцьвярджаюць, што табака амаль не павышае рызыку інсульту (на 5% больш выпадкаў, чым у тых, хто ніколі яе не ўжываў), у той час, як цыгарэты павышаюць такую рызыку на 121% (у 2,21 разы). Рызыка ад паленьня цыгарэт увасабляецца ў страту прыблізна 8 гадоў жыцьця, а табакі — толькі 0,04 гады (14,6 дзён) (высновы тых самых навукоўцаў). Пры спажываньні табакі няма гарэньня, значыць, і няма спажываньня смолаў, якія нясуць асноўную шкоду арганізму.

Праціўнікі табакі кажуць пра непрыемны пах з роту, налёт на зубах, рак сьлізістай абалонкі рота й горла, залежнасьць ад нікатыну, парадантоз... Акрамя таго дасьледчыкі знайшлі ў табацы шмат натрыю, які павышае крывяны ціск, а адзін швэдзкі доктар (Боліндэр) устанавіў, што тыя, хто нюхае табаку, у 3 разы часьцей пакутуюць ад гіпэртаніі.

У цэлым лічыцца, што табака нясе куды менш шкоды арганізму, гэта больш бясьпечная альтэрнатыва цыгарэтам. Між іншым, табака, якая таксама ўтрымлівае нікатын, можа быць даволі карысным крокам на шляху да таго, каб спачатку кінуць паліць, а потым і зусім разьвітацца зь нікатынам.

Самая ажыўленая тусоўка snuff’эраў разьмяшчаецца па адрасе "Зборышча нюхачоў". Суполка стала ладзяціць г. зв. 'снаф-сэйшны'. Удзел вольны. Трымайцеся кантакту!