Сяргей Бульба
Сяргей Бульба | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся: |
15 красавіка 1967 (57 гадоў) |
Дзеці: | Кастусь, Багдан |
Адукацыя: | Менская вышэйшая інжынэрная зенітна-ракетная вучэльня |
Узнагароды: |
Сяргей Бульба[1], імя пры нараджэньні Сяргей Чыслаў (нар. 15 красавіка 1967 року, Менск, БССР) — беларускі палітычны дзяяч[2], прадпрымальнік, былы старшыня «Белага легіёну»[3].
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Нарадзіўся 15 красавіка 1967 року ў Менску. Навучаўся ў Сярэдняй школе №50 Менску. З 1984 па 1989 навучаўся ў Менскай вышэйшай інжынэрнай зенітна-ракетнай вучэльні (зараз Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь). Пасьля вучобы быў разьмеркаваны ў Чыцінскую вобласьць Забайкальскай вайсковай акругі ў частку каля кітайскай мяжы. У пераводзе на службу ў БССР было адмоўлена.
Вярнуўшыся ў Беларусь у 1991 року працаваў старэйшым адміністратарам беларускамоўнага ліцэю, а таксама быў намесьнікам кіраўніка «Выбранецкіх Шыхтоў».
Жанаты, мае сыноў Кастуся й Багдана.
Палітычная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 1988 року ў Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні стварыў патрыятычную суполку зь ліку курсантаў V курсу вучэльні, што займалася гістарычна-асьветніцкай дзейнасьцю. У сваім асяродку яны называлі сябе «Рух-63», як нашчадкі Кастуся Каліноўскага. Штуршком да стварэньня першай беларускай нацыянальнай арганізацыі вайскоўцаў сталіся падзеі кастрычніка 1988 року, калі ў Менску быў жорстка разагнаны жалобны мітынг на Дзяды. Суполка сабрала каля 300 подпісаў за дзяржаўнасьць беларускай мовы. З красавіка 1989 року арганізацыя стала называцца «Вольнае згуртаваньне вайскоўцаў». Заснавальнікаў арганізацыі раскідалі па гарнізонах, а найбольш актыўных — Сяргея Бульбу (Чыслава) і Вадзіма Малюшыцкага — выправілі ў Чыцінскую вобласьць.
У 1989 року быў адным зь дзьвюх дзейсных афіцэраў — заснавальнікаў БНФ[4].
У 1990 року быў вылучаны асабовым складам (жаўнерамі) кандыдатам на выбары ў Вярхоўны Савет СССР, але быў заблакаваны рашэньнем палітаддзелу. Пасьля гэтага напісаў рапарт на звальненьне. Быў звольнены па скарачэньні кадраў.
Быў адным са стваральнікаў Беларускага Згуртаваньня Вайскоўцаў, выконваў абавязкі адказнага й прэсавага сакратара Беларускага Згуртаваньня Вайскоўцаў. У сярэдзіне 90-х заняўся фармаваньнем маладзёвай структуры Беларускага Згуртаваньня Вайскоўцаў. Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі на базе Беларускага Згуртаваньня Вайскоўцаў былі створаныя структуры ДРАБаў (Дружыны Рэгіянальнай Аховы й Бясьпекі). На базе «Чорных драбаў» узьнік «Белы легіён»[5].
У 1995 року Сяргей Бульба ўзначаліў Белы легіён[6][7].
Двойчы (у 2003 і 2008 рокі) ўдзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь[8][9].
Пасьля 2003 року актыўнай палітычнай дзейнасьцю не займаўся [10], да 2008 року займаўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю ў Беларусі. Пасьля 2008 року ў Беларусі жыў рэдка, жыў у Непале, Індыі, Тыбэце, Лацінскай Амэрыцы. У 2012 року афіцыйна зьмяніў прозьвішча з Чыслаў на Бульба[11][12]
У 2013 року разам зь сям’ёй перабраўся на сталае жыхарства ва Ўкраіну. Мае свой бізнэс у IT-сфэры.
У ліпені 2023 году было абвешчана, што Сяргей Бульба стаў новым кіраўніком Беларускага моладзевага хаба (пляцоўка для арганізацый, ініцыятыў і актывістаў беларускай дыяспары у Варшаве). Былы дырэктар установы Алесь Лапко вінаваціў Бульбу ў рэйдэрскім захопе арганізацыі[13].
Перасьлед за палітычную дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Восеньню 1996 року быў вывезены спэцслужбамі Беларусі ў лес каля Слуцку, перажыў клінічную сьмерць й тры тыдні правёў у лякарні[14].
7 ліпеня 2008 року былых кіраўнікоў арганізацыі Ігара Корсака, Міраслава Лазоўскага й Сяргея Бульбу (Чыслава) затрымалі па справе аб выбуху 3 ліпеня 2008 року, абвінавацілі па арт. 339 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Хуліганства»), аднак неўзабаве вызвалілі з-пад варты[15].
У лютым 2024 году Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь абвясьціў фонд «Беларусь 2.0» экстрэмісцкім фармаваньнем[16].
Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У сааўтарстве са Станіславам Суднікам выдаў Руска-Беларускі вайсковы слоўнік[17][18].
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Стваральнік «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў: нашай уладзе трэба звярнуцца да здаровага патрыятызму
- ^ Сяргей Чыслаў пра гісторыю «Белага легіёну»
- ^ Сяргей Чыслаў: «Белы легіён» — гэта не арганізацыя, гэта стан душы
- ^ З савецкіх падводнікаў у беларускія пісьменьнікі. Гісторыя Паўла Ляхновіча
- ^ Белы легіён — праўда й міты(недаступная спасылка)
- ^ Ствараецца «Белы легіён»
- ^ «На нас Караткевіч паўплываў» — Сяргей Чыслаў пра гісторыю «Белага легіёну»
- ^ КОЛЬКАСЬЦЬ ПРЭТЭНДЭНТАЎ НА ВЫБАРЧЫЯ МАНДАТЫ СКАРАЧАЕЦЦА ШТОДНЯ
- ^ Кадыдат зьняты з выбараў за паказ фільмаў
- ^ Заснавальнік «Белага легіёна»: Пагроза для Беларусі з боку Расіі змяншаецца
- ^ Сяргей Чыслаў: Нашай уладзе трэба звярнуцца да здаровага патрыятызму
- ^ Стваральнік «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў патлумачыў, чаму змяніў прозвішча на Бульба
- ^ Беларускі моладзевы раскол. Каманда хабу адмаўляецца працаваць з новым кіраўніком
- ^ Лідар «Белага легіёну»: Я перажыў клінічную смерць
- ^ «Белы легіён» не існуе, але цікавіць сьледзтва
- ^ «Беларусь 2.0 Сяргей Бульба» и «ВИРУС СВОБОДЫ» признаны «экстремистскими формированиями» (рас.) Reform.by(be)
- ^ Беларуская вайсковая тэрміналёгія: «Крокам руш!»
- ^ Як і хто распрацоўваў беларускую вайсковую тэрміналёгію? (+слоўнічак)