Перайсьці да зьместу

Сяргей Бульба

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сяргей Бульба
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 15 красавіка 1967(1967-04-15) (57 гадоў)
Партыя: Беларускі народны фронт «Адраджэньне» (у пачатку 1990-х гг.)
Дзеці: двое сыноў
Адукацыя: Менская вышэйшая інжынэрная зэнітна-ракетная вучэльня (1989)
Узнагароды:
Мэдаль да стагодзьдзя БНР

Сяргей Бульба[1] (нар. 15 красавіка 1967 року, Менск, БССР, імя пры нараджэньні Сяргей Чыслаў) — беларускі палітычны дзяяч[2], прадпрымальнік, былы старшыня «Белага легіёну»[3].

Дзяцінства, пачатак грамадзкай дзейнасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 15 красавіка 1967 року ў Менску. Скончыў сярэднюю школу №50 (Менск) і Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню (зараз Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь).

Будучы курсантам, у 1988 г. стварыў з аднакашнікамі патрыятычную суполку, якая займалася гістарычна-асьветніцкай дзейнасьцю. У сваім асяродку яе ўдзельнікі называлі сябе «Рух-63», як нашчадкі Кастуся Каліноўскага. Штуршком да стварэньня арганізацыі сталіся падзеі кастрычніка 1988 року, калі ў Менску быў жорстка разагнаны жалобны мітынг на Дзяды. Суполка сабрала каля 300 подпісаў за дзяржаўнасьць беларускай мовы. З красавіка 1989 року арганізацыя стала называцца «Вольнае згуртаваньне вайскоўцаў».

У 1989 року быў адным зь двух дзейсных афіцэраў сярод заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту[4].

Заснавальнікаў «Руху-63» раскідалі па гарнізонах, а найбольш актыўных, у тым ліку Сяргея Бульбу (Чыслава), выправілі ў Забайкальскую вайсковую акругу, Чыцінскую вобласьць (Расея). Бульба (Чыслаў) служыў у вайсковай частцы каля кітайскай мяжы, у пераводзе на службу ў БССР было адмоўлена.

У 1990 року быў вылучаны жаўнерамі-саслужыўцамі кандыдатам на выбары ў Вярхоўны Савет СССР, але быў заблякаваны рашэньнем палітаддзелу. Пасьля гэтага напісаў рапарт на звальненьне і быў звольнены па скарачэньні кадраў.

Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў і «Белы легіён»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вярнуўшыся ў Беларусь, у 1991 року працаваў старэйшым адміністратарам беларускамоўнага ліцэю, а таксама быў намесьнікам кіраўніка «Выбранецкіх Шыхтоў».

Быў адным са стваральнікаў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, выконваў абавязкі адказнага й прэсавага сакратара арганізацыі. У сярэдзіне 90-х заняўся фармаваньнем маладзёвай структуры БЗВ. Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі на базе БЗВ былі створаныя структуры ДРАБаў («Дружыны рэгіянальнай аховы й бясьпекі»), на базе якіх потым узьнік «Белы легіён»[5].

У 1995 року узначаліў «Белы легіён»[6][7], ваенізаваную патрыятычную арганізацыю, якая ў падпольных і паўпадпольных умовах займалася вайсковай падрыхтоўкай моладзі[8] і рыхтавалася да збройнага супраціву рэжыму Аляксандра Лукашэнкі[9][10].

Двойчы (у 2003 і 2008 рокі) ўдзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь[11][12].

Эміграцыя, дзейнасьць у замежжы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля 2008 року ў Беларусі жыў рэдка, жыў у Нэпале, Індыі, Тыбэце, Лацінскай Амэрыцы. У 2013 року разам зь сям’ёй пераехаў на сталае жыхарства ва Ўкраіну.

Уваходзіў у склад Вялікай рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»[13].

У ліпені 2023 году было абвешчана, што Сяргей Бульба стаў новым кіраўніком Беларускага моладзевага хаба (пляцоўка для арганізацый, ініцыятыў і актывістаў беларускай дыяспары у Варшаве). Былы дырэктар установы Алесь Лапко вінаваціў яго ў рэйдэрскім захопе арганізацыі. Бульба адмаўляў прэтэнзіі і ў сваю чаргу абвінаваціў у парушэньнях папярэдняе кіраўніцтва Беларускага моладзевага хаба[14].

У 2024 г. узначаліў спартова-адукацыйную арганізацыю «Паспалітае рушэньне»[15].

Перасьлед за грамадзка-палітычную дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Восеньню 1996 року быў вывезены спэцслужбамі Беларусі ў лес каля Слуцку, перажыў клінічную сьмерць й тры тыдні правёў у лякарні[16].

7 ліпеня 2008 року былых кіраўнікоў «Белага легіёну» — Ігара Корсака, Міраслава Лазоўскага й Сяргея Бульбу (Чыслава) — затрымалі па справе аб выбуху 3 ліпеня 2008 року, абвінавацілі па арт. 339 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі БеларусьХуліганства»), аднак неўзабаве вызвалілі з-пад варты[17].

У лютым 2024 году Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь абвясьціў фонд «Беларусь 2.0», зьвязаны зь Сяргеем Бульбам, экстрэмісцкім фармаваньнем[18].

Жанаты, мае двух сыноў. У 2012 року афіцыйна зьмяніў прозьвішча з Чыслаў на Бульба[19][20].

Мае свой бізнэс у IT-сфэры.

У суаўтарстве са Станіславам Суднікам выдаў расейска-беларускі вайсковы слоўнік[21][22].

  1. ^ Стваральнік «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў: нашай уладзе трэба звярнуцца да здаровага патрыятызму
  2. ^ Сяргей Чыслаў пра гісторыю «Белага легіёну»
  3. ^ Сяргей Чыслаў: «Белы легіён» — гэта не арганізацыя, гэта стан душы
  4. ^ З савецкіх падводнікаў у беларускія пісьменьнікі. Гісторыя Паўла Ляхновіча
  5. ^ Белы легіён — праўда й міты(недаступная спасылка)
  6. ^ Ствараецца «Белы легіён»
  7. ^ «На нас Караткевіч паўплываў» — Сяргей Чыслаў пра гісторыю «Белага легіёну»
  8. ^ «Мы 20 гадоў рыхтавалі будучую эліту сілавых структур». Сяргей Бульба — пра Міраслава Лазоўскага і іх працу за кадрам — Наша Ніва, 26.05.2023
  9. ^ «Калі б зрабілі рэвалюцыю, далі б нацыі перспектыву». Сяргей Бульба — пра тое, як рыхтавалі ваенны пераварот — Most Media, 15 верасьня 2022 г.
  10. ^ Почему беларусы не перешли от мирного протеста к силовому? — cripo.com.ua, 5 траўня 2023 г.
  11. ^ КОЛЬКАСЬЦЬ ПРЭТЭНДЭНТАЎ НА ВЫБАРЧЫЯ МАНДАТЫ СКАРАЧАЕЦЦА ШТОДНЯ
  12. ^ Кадыдат зьняты з выбараў за паказ фільмаў
  13. ^ Спіс сяброў Вялікай Рады ЗБСБ «Бацькаўшчына», абраных на IV з’ездзе беларусаў свету — Згрутаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына, афіцыйны сайт, 2005 г.
  14. ^ [1]
  15. ^ Сяргей Бульба ўзначаліў «Паспалітае рушэньне»- Радыё Свабода, 17 чэрвеня 2024 г.
  16. ^ Лідар «Белага легіёну»: Я перажыў клінічную смерць
  17. ^ «Белы легіён» не існуе, але цікавіць сьледзтва
  18. ^ «Беларусь 2.0 Сяргей Бульба» и «ВИРУС СВОБОДЫ» признаны «экстремистскими формированиями» (рас.) Reform.by(be)
  19. ^ Сяргей Чыслаў: Нашай уладзе трэба звярнуцца да здаровага патрыятызму
  20. ^ Стваральнік «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў патлумачыў, чаму змяніў прозвішча на Бульба
  21. ^ Беларуская вайсковая тэрміналёгія: «Крокам руш!»
  22. ^ Як і хто распрацоўваў беларускую вайсковую тэрміналёгію? (+слоўнічак)