Страха
Выгляд
Страха́ — назва даха ў традыцыйным беларускім дойлідзтве, або пахілага даха ў цэлым.
Канструкцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Закот ці страха закотам (у покат, на лемягах, на гадунах) — распаўсюджана ў асноўным у гаспадарчых пабудовах, як і страха на стаяках. Найчасьцей сустракаецца на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Галоўны недахоп закота ў тым, што асноўны цяжар страхі падае на бакавыя шчыты збудаваньня.
- На стаяках (на козлах, на дзядках, на чапёлках, на крыжах, на сошках) — канструкцыя выкарыстоўвалася ў асноўным у гаспадарчых збудаваньнях, але раней, магчыма, будавалася і ў жылых. На папярочную бэльку ставіліся невялікія цурбаны з разьвілкаю, на якую клалася тоўстая жэрдка (коневае бервяно, пераводзіна, правіліна, пажыліна, доўжнік, кладзь). На яе чапляліся пры дапамозе крука доўгія жэрдкі (ключы, кручча), а пазьней зьбітыя крыж-накрыж жэрдкі. Канструкцыя распаўсюджана даволі спарадычна.
- На сохах — сохі ставіліся ў адзін рад уздоўж вільчыка.
- Кроквы. Страха на кроквах — пачала пераважаць з ХІХ ст, хаця вядома даўно. Паводле мацаваньня крокваў стрэхі падзяляюцца на віды:
- Кроквы мацуюцца непасрэдна ў верхні вянок зруба, уздоўж страхі прыбіваюцца з кожнага боку па 10—12 жэрдак (латаў).
- Кроквы ўпускаюцца ў верхні вянок і бервяно ўнутры зруба. Канструкцыя называлася — «на пакраквяніку», зьяўляецца рэліктам закота.
- Кроквы мацуюцца ў падоўжаныя бэлькі, вынесеныя за сьценныя выступы бэлек, на якіх трымаецца столь. Канструкцыя верагодна прыйшла зь Нямеччыны.
- Кроквы мацуюцца ў папярочныя бэлькі. Набыла распаўсюджаньне ў сярэдзіне ХХ ст.
Форма
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле формы выдзяляюць наступныя віды стрэхаў:
- двусхільныя, старажытная
- чатырохсхільныя, кампактна ў Гомельскай вобласьці.
- трохсхільныя, пераходная ад чатырох- да двухсхільных.
- страха з усечаным зьнізу франтонам (з прычолкам).
- страха з усечаным зьверху франтонам (з вальмай, з залобкам, з лабяком, з начолкам, ламаны дах), магчыма пазычана ў немцаў.
Матэрыял пакрыцьця
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найбольш распаўсюджаным матэрыялам для пакрыцьця стрэхаў была салома. Мелі месца два спосабы пакрыцьця: уверх і ўніз коласам. Першы спосаб быў больш надзейны, хаця на яго ішло ўдвая больш саломы, чым у выпадку пакрыцьця коласам уніз. Таксама вядомы стрэхі крытыя дрэвам (дошкай, дранкай, драньню, гонтам), бляхай, чарапіцай, чаротам і інш.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сабаленка, Э. Р., Гуркоў, У. С., Іваноў, У. М., Супрун, Дз. Д. Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973