Перайсьці да зьместу

Плоскаступнёвасьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Плоская ступня

Плоскаступнёвасьцьдэфармацыя ступні з устойлівым памяншэньнем вышыні яе зводаў да іх амаль поўнага зьнікненьня. Бывае падоўжаная і папярочная (мажліва спалучэньне абедзьвюх). Набытую падзяляюць на статычную (ад перагрузкі ў час росту арганізму), рахітычную, траўматычную (пасьля пералому шчыкалатак і касьцей ступні) і паралітычную (пасьля поліямэліту). Прыроджаная сустракаецца рэдка. Прыкметы: хуткая стамляльнасьць ног, боль у ступнях і ацёк ступні[1]. На 2011 г. у Беларусі ад хваробы пакутавала пятая частка дзяцей школьнага ўзросту.

Сьлед ступні пры ступенях плоскаступнёвасьці ад 0-вой да 3-яй

Хваробу прадухіляе нашэньне абутку з гнуткай (натуральнай) скуры на малым абцасе, хаджэньне басанож дома ды на рыхлай зямлі (пясок) і мяккай траве, як і выкананьне практыкаваньняў для ступняў. Падэшва абутку мае быць з натуральнага каўчуку. Нос чаравіка — мяккім і гнуткім. Вусьцілка і падкладка — роўнымі і гладкімі. Хатні абутак варта насіць з убудаваным супінатарам калодкі і зашпількамі-сьцяжкамі. Таксама карысна ўплываюць масаж ступняў і плаваньне.

Немачы спрыяе абутак з адкрытай пяткай (сандалі), высокім і касым абцасам, тоўстай і цьвёрдай падэшвай. Шкодзіць хаджэньне без абутку па камяністай глебе і асфальце, працяглае стаяньне на месцы без рухаў зь цяжкімі сумкамі ў руках і нашэньне дома пантофляў з тканіны[2].

  1. ^ Плоскаступнёвасьць // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 12. — С. 432. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0198-2
  2. ^ Вольга Кулінковіч. Што карысна для ступні // Краіна здароўя. — 3 лютага 2011. — № 5 (241). — С. 3.