Павал Валошын
Павал Валошын (28 чэрвеня 1891 в. Гаркавічы, Сакольскі павет, Гарадзенская губэрня — 3 лістапада 1937, Менская вязьніца) — беларускі палітычны дзяяч, пасол польскага Сойму (1922—1927).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 28 чэрвеня 1891 году ў вёсцы Гаркавічы Сакольскага павету, Гарадзенскай губэрні. Па сканчэньні школы з 1908 па 1912 гады працаваў у Крынках на пошце як тэлеграфіст.
З 1913 па 1917 гады служыў у расейскім войску. Сябра беларускай партыі эсэраў. Удзельнічаў у Першай сусьветнай вайне, быў паранены, трапіў у нямецкі палон. Пасьля кастрычніцкага перавароту служыў міліцыянэрам у Екацярынаслаўлі. З жніўня 1919 году — ў дзянікінскай арміі. Потым ваяваў на баку Чырвонай Арміі (у атрадзе Г. Катоўскага).
У 1922 годзе вярнуўся на радзіму. Уваходзіў у Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, потым у Беларускую партыю незалежных сацыялістаў. 31 ліпеня 1923 году абраны дэпутатам польскага сейма (замест зьнятага і высланага з краіны Ўладзімера Каліноўскага), увайшоў у Беларускі пасольскі клюб. Адзін са стваральнікаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), у 1926—1927 гадах быў членам яе цэнтральнага камітэту. У 1926 годзе стаў сябрам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Пасьля расколу Пасольскага клюбу перайшоў да соймавага клюбу БСРГ.
У лютым 1927 году арыштаваны польскімі ўладамі. На працэсе над грамадоўцамі («працэс 56-і») асуджаны на 12 гадоў турмы. У выніку абмену палітычнымі зьняволенымі ў 1932 годзе трапіў у СССР.
З 1933 году — у Менску. Выступаў з лекцыямі і публікацыямі, займаўся грамадскай дзейнасьцю. Працаваў памочнікам дырэктара Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі і ў Бібліяграфічным інстытуце пры гэтай бібліятэцы. Зьяўляўся адказным сакратаром ЦК аддзяленьня Міжнароднай арганізацыі дапамогі змагарам рэвалюцыі ў БССР.
1 верасьня 1933 году арыштаваны ў Менску па адрасе: Падгорны зав., д. 4, кв. 1 па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 9 студзеня 1934 году Калегіяй АДПУ при СНК СССР паводле артыкула 58-4-6-11 КК РСФРР прыгавораны да расстрэлу, замененага 10 гадамі лягераў. Этапаваны ў Беламорска-Балтыйскі лягер НКУС. Адбываў пакараньне ў Салавецкім лягеры асаблівага прызначэньня (лягерны пункт «Анзер»).
9 кастрычніка 1937 году Асобай «тройкай» УНКУС па Ленінградскай вобласьці зноў прыгавораны да расстрэлу. Растраляны 3 лістапада 1937 году ў Менскай вязьніцы.
Рэабілітаваны па абодвух прыгаворах 16 жніўня 1956 году. Асабовая справа П. Валошына захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Павал Валошын — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.