Перайсьці да зьместу

Міхась Ларчанка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міхась Ларчанка
Дата нараджэньня 14 лістапада 1907(1907-11-14)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 31 ліпеня 1981(1981-07-31) (73 гады)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак літаратуразнаўца, літаратурны крытык, лектар
Навуковая сфэра літаратуразнаўства і беларусазнаўства
Месца працы
Сябра ў Саюз пісьменьнікаў СССР
Навуковая ступень доктар філялягічных навук[d]
Узнагароды
ордэн Айчыннай вайны II ступені

Міхась Рыгоравіч Ларчанка (14 лістапада 1907, в. Хварасьцяны, Быхаўскі павет, Магілёўская губэрня, — 31 ліпеня 1981) — беларускі літаратуразнавец, літаратурны крытык. Доктар філялягічных навук, прафэсар.

Нарадзіўся 14 лістапада 1907 году ў в. Хварасьцяны Быхаўскага павету Магілёўскай губэрні (цяпер — Слаўгарадзкі раён, Магілёўская вобласьць) ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Княжыцкай школе сялянскай моладзі, у Магілёўскім беларускім пэдагагічным тэхнікуме.

У 1929 годзе паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (у 1931 годзе пэдфак пераўтвораны ў Вышэйшы пэдагагічны інстытут). Скончыў яго датэрмінова ў 1932 годзе. З 1935 годзе, пасьля заканчэньня аьспірантуры пры АН БССР, — супрацоўнік Інстытуту літаратуры і мастацтва АН БССР.

Падчас нямецка-савецкай вайны ўдзельнічаў у баях на Бранскім фронце, улетку 1942 году быў цяжка паранены.

З 1943 году — загадчык катэдры і дэкан філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 1952—1955 гадох — дактарант Інстытуту сусьветнай літаратуры Акадэміі навук СССР, у 1955—1971 гадох — ізноў загадчык катэдры беларускай літаратуры і адначасова (да 1957 году) дэкан філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Памёр 31 ліпеня 1981 году ў Менску. Пахаваны ў Менску на Паўночных могілках[1].

Навуковая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як крытык і літаратуразнавец выступаў з 1932 году. Выйшлі манаграфіі «На шляхах да рэалізму» (1958), «Па шляху рэалізму» (1959), «Сувязі беларускай літаратуры з літаратурамі суседніх славянскіх народаў у другой палове XIX ст.» (1958), «Жывая спадчына» (1977), зборнікі літаратуразнаўчых працаў «Славянская супольнасьць» (1963), «Яднаньне братніх літаратур» (1974), «Літаратурнае пабрацімства славян» (1984), а таксама брашуры «Творчасьць М. Багдановіча» (1949), «А. М. Горкі і беларуская літаратура» (1951), «Гогалеўскія традыцыі ў беларускай літаратуры» (1952).

Складальнік хрэстаматыі для сярэдняй школы «Беларуская літаратура» (1945), адзін з аўтараў дапаможнікаў для ВНУ «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), «Беларуская вусна-паэтычная творчасьць» (1966), «Старажытная беларуская літаратура» (1968), «Беларуская народна-паэтычная творчасць» (1979).

  • ордэн Айчыннай вайны II ступені,
  • медалі,
  • ганаровая грамата Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларускай ССР,
  • Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1977).
  1. ^ Ларчанка Міхась // Беларусь : энцаклапедычны даведнік / Рэд. калегія Б. І. Сачанка [і інш.]. — Менск, БелЭн імя П. Броўкі, 1995. — С. 418.
  • Ларчанка Міхаіл Рыгоравіч // Беларуская энцыклапедыя : У 18 т. Т.9 : Кулібін — Малаіта / Гал. рэд.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Менск, БелЭн імя П. Броўкі, 1999. — С. 138.
  • Ларчанка Міхаіл Рыгоравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : У 5 т. Т.3 : Карчма — Найгрыш / Рэд. кал.: І. П. Шамякін (гал.рэд.) [і інш.]. — Менск, БелЭн імя П. Броўкі, 1986. — С. 202.
  • Ларчанка Міхаіл Рыгоравіч // Памяць : Гіст.-дакум. хроніка Слаўгарадскага раёна. — Менск, БелТА, 1999. — С. 511—512.