Перайсьці да зьместу

Мэдаль «115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі»

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі
Краіна Беларусь
Тып мэдаль
Статыстыка
Дата заснаваньня 29 красавіка 2019
Чарговасьць
Старэйшая ўзнагарода Мэдаль «110 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі»

«115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі» — беларускі юбілейны мэдаль. Зацьверджаны ўказам прэзыдэнта №162 ад 29 красавіка 2019 году.

Юбілейны мэдаль вырабляецца з мэталю серабрыстага колеру і мае форму кругу дыямэтрам 33 мм.

На вонкавым баку мэдаля разьмешчана скульптурная кампазыцыя: на пастамэнце каля мураванай сьцяны-фігуры рабочага і сялянкі. Паміж імі-фігурны шчыт з надпісам «СЛАВА ТРУДУ» над праменямі ўзыходзячага сонца, увянчаны шасьцярнёй, унутры якой знаходзіцца голуб. На пастамэнце разьмешчаны лічбы «1904-2019». У ніжняй частцы шчыта-лісты ляўра, паверх якіх-надпіс «ФПБ» цёмна-сіняга колеру з цэнтральнай літарай сіняга колеру.

На адваротным баку юбілейнага мэдаля ў пяць радкоў разьмешчаны надпіс «115 ГАДОЎ ПРАФСАЮЗНАМУ РУХУ БЕЛАРУСІ».

Мэдаль пры дапамозе вушка і кольца злучаецца зь пяцівугольнай калодкай, абцягнутай муаравай стужкай цёмна-сіняга колеру з двайной аблямоўкай сіняга і шэрага колераў. Па цэнтры стужкі-беларускі арнамэнт шэрага колеру. На адваротным баку калодкі знаходзіцца шпілька для мацаваньня ўзнагароды да адзеньня. Памеры калодкі: вышыня — 50 мм, шырыня — 45 мм.

Падставы узнагароджаньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • сябры прафсаюзаў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якія зрабілі значны ўклад у прафсаюзны рух Беларусі і сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё краіны;
  • вэтэраны прафсаюзнага руху Беларусі, прафсаюзныя работнікі, службовыя асобы дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаваў, сябры грамадзкіх аб’яднаньняў, якія ўласным прыкладам і грамадзкай дзейнасьцю абараняюць працоўныя і сацыяльна-эканамічныя правы і законныя інтарэсы членаў прафсаюзаў;
  • грамадзяне Рэспублікі Беларусь, узнагароджаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі СССР і Рэспублікі Беларусь, а таксама за доблесную працу, высокія працоўныя вынікі ў пэрыяд падрыхтоўкі да сьвяткаваньня 115-годзьдзя прафсаюзнага руху Беларусі;
  • дзеячы міжнароднага прафсаюзнага і рабочага руху, іншыя замежныя прагрэсіўныя дзеячы за асабісты ўклад ва ўмацаваньне пазыцыяў прафсаюзнага руху на міжнароднай арэне.

Узнагароджаньне ажыцьцяўляецца па ініцыятыве арганізацыяў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, абласных (Менскага гарадзкога) аб’яднаньняў прафсаюзаў, апарату Савету Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, арганізацыяў, створаных Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі.

Юбілейны мэдаль уручаецца Старшынём Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі або па яго даручэньні адным зь яго намесьнікаў, старшынямі сяброўскіх арганізацыяў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, абласных (Менскага гарадзкога) аб’яднаньняў прафсаюзаў.

Юбілейны мэдаль носіцца на левым баку грудзей форменнага або цывільнага адзеньня і пры наяўнасьці іншых мэдалёў разьмяшчаецца пасьля юбілейнага мэдаля «110 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі».

Паўторнае ўзнагароджаньне юбілейным мэдалём не ажыцьцяўляецца. Дублікаты юбілейнага мэдаля і пасьведчаньня да яго ўзамен згубленых не выдаюцца.

  • 2 траўня 2019 году мэдалём узнагароджаны Аляксандар Лукашэнка. Узнагароду Лукашэнку перадаў старшыня ФПБ Міхаіл Орда. Ён патлумачыў, што рашэньне пра ўзнагароджаньне Лукашэнкі прыняў Прэзыдыюм ФПБ. Прэзыдэнт адзначыў, што мэдаль будзе знаходзіцца ў музэі Палаца незалежнасьці[1].