Перайсьці да зьместу

Вугор

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вугор
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
НадклясаРыбы
КлясаКасьцявыя рыбы
СямействаРачныя вугры
РодРачныя вугры
ВідВугор
Бінамінальная намэнклятура
Anguilla anguilla

Рачны вугор, эўрапейскі вугор, звычайны вугор, звычайны рачны вугор (па-лацінску: Anguilla anguilla) — від драпежных прэснаводных рыб зь сямейства рачныя вугры.

Валодае доўгім целам з бура-зеленаватай сьпінай, з жаўцізной на баках і брушной частцы. Здольны па мокрай ад дажджу ці расы траве пераадольваць значныя ўчасткі сушы, перабіраючыся з аднаго вадаёма ў другі і аказваючыся такім чынам у замкнёных, бязьсьцёкавых азёрах. Аддае перавагу ціхім водам, аднак сустракаецца і на хуткай плыні. Трымаецца ў ніжніх пластах на рознай глыбіні і любым донным грунце ў сховішчы, якімі могуць быць: нара, валун, корч, густыя зарасьнікі травы. Палюе ўначы на прыбярэжным мелкаводзьдзі, хоць хапае прынаду і днём, калі яна ў непасрэднай блізкасьці. Харчуецца лічынкамі насякомых, малюскаў, жабамі, дробнай рыбай. Дасягае двухмэтровай даўжыні і вагі 4 кг.

Нерасьціцца вугор у 8000 км ад месцаў нагула - у 2000 м пад вадой Саргасава мора, пасьля чаго гіне. Лічынкі, якія зьявіліся на сьвет, разам з Гальфстрымам, тры гады рухаюцца разам зь цёплай воднай масай да берагоў Эўропы, ператвараючыся ў рэшце рэшт у так званых шкляных вугроў, пакуль яшчэ цалкам не падобных да дарослых асобін. Набывае зьнешні выгляд дарослай асобіны толькі ля ўзьбярэжжа Эўропы.

Распаўсюджваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Насяляе вадаёмы басэйна Балтыйскага мора, у значна меншай колькасьці - у рэках і азёрах басейнаў Азоўскага, Чорнага, Белага, Баранцава мораў. Водзіцца ў многіх вадаёмах Беларусі. Раней у рэкі і азёры Беларусі (басэйны Нёмана, Заходняй Дзьвіны і Заходняга Буга) заплываў з Балтыйскага мора, с пабудовай плацін натуральная міграцыя вугра спынілася.

У 2010 годзе Грынпіс дадаў рачнога вугра ў свой Чырвоны сьпіс (сьпіс рыбаў, якія прадаюцца ў звычайных супермаркетах па ўсім сьвеце і маюць вялікую рызыку зьнікнуць з-за непамернай лоўлі).