Перайсьці да зьместу

Бэлемніты

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бэлемніты
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпМалюскі
КлясаГалаваногія
АтрадАўлякацэрыды Бэлемніты Дыплябэліды Фрагматэўтыды
Бінамінальная намэнклятура
Belemnoidea

Бэлемніты (Belemnoidea) — кагорта вымерлых галаваногіх малюскаў, якая існавала ад пачатку дэвонскага пэрыяду па эацэн, росквіт перажыла падчас юры ды крэйды і амаль цалкам вымерла цягам крэйдава-палеагенавай катастрофы. Знаходкі прадстаўнікоў атраду, што паходзяць з раньняга палеагену, належаць да спрэчных. У вузкім сэнсе пад паняткам «бэлемніты» разумеюць толькі атрад Belemnitida, які існаваў толькі ў мэзазоі.

Зьнешне бэлемніты нагадвалі кальмараў. Бэлемніты мелі ўнутымантыйны шкілет, рэшткі якога часьцяком сустракаюцца сярод мэзазойскіх пародаў. Шкілет складаўся з фрагмакону (шматкамэрнае араганітавае ракавіны), ростру (масіўнай кальцытавай структуры, якая ахоплівала фрагмакон ззаду) ды праастракуму (доўгага вырасту фрагмакону зьпераду, які ўяляў сабой рудымэнт верхняе сьценкі пярэдняе камэры. Цела малюска месьцілася ў найвялікшае камэры, тады як усе астатнія былі запоўненыя газам ды спалучаліся зь целам пры дапамозе сыфону. У скамянелым стане звычайна захоўваецца толькі ростр. Таксама вядомыя знаходкі фасфатных гачкаў, якія разьмяшчаліся на шчупальцах бэлемнітаў. Некаторыя з гатункаў бэлемнітаў мелі ростр даўжынёй да 50—60 сантымэтраў. Жывёла з падобнымі памерамі шкілету мела дасягаць трох мэтраў даўжыні.

Бэлемніты былі пэлягічнымі жывёламі, здольныя да хтукага перамяшчэньня. Адыгрывалі важную ролю ў харчовых ланцугах мэзазойскага мора, палюючы на рыбаў і служачы здабычай марскім паўзунам.

Знаходкі бэлемнітаў вядомыя здаўна, але як таксанамічная група яны былі вызначаныя толькі ў 1895 годзе Цытэлем. Бэлемніты зьяўляюцца кіруючымі выкапнёвымі юры ды крэйды. Рэшткі бэлемнітаў распаўсюджаныя на ўсіх кантынэнтах, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі, дзе трапляюцца ў адкладах верхняй юры і крэйды. Народная назва рэштак бэлемнітаў — «чортавы пальцы».

  • Основы палеонтологии. Справочник для палеонтологов и геологов СССР. Моллюски—головоногие, т. 2. М., 1958.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бэлемнітысховішча мультымэдыйных матэрыялаў