Беларускі навукова-дасьледчы інстытут дакумэнтазнаўства і архіўнай справы
Беларускі навукова-дасьледчы інстытут дакумэнтазнаўства і архіўнай справы | |
Абрэвіятура | БелНДІДАС |
---|---|
Папярэднік | Інстытут гісторыка-палітычных дасьледаваньняў Камуністычнай партыі Беларусі |
Дата ўтварэньня | 11 сьнежня 1991 (32 гады таму) |
Тып | Дасьледніцкая |
Юрыдычны статус | Дзяржаўная ўстанова |
Мэта | Разьвіцьцё крыніцазнаўства |
Штаб-кватэра | Менск, вул. Крапоткіна, д. 55 |
Каардынаты | Каардынаты: 53°55′9″ пн. ш. 27°33′25″ у. д. / 53.91917° пн. ш. 27.55694° у. д. |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Кіраўнік | Андрэй Рыбакоў |
Матчына кампанія | Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь |
Зьвязаныя кампаніі | Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь |
Колькасьць супрацоўнікаў | 45 |
Сайт | belniidad.by |
Колішняя назва | Беларускі навукова-дасьледчы цэнтар дакумэнтазнаўства і рэтраінфармацыі (да студзеня 1994 г.), Беларускі навукова-дасьледчы цэнтар дакумэнтазнаўства, археаграфіі і архіўнай справы (да студзеня 1996 г.) |
Белару́скі навукова-дасьле́дчы інстыту́т дакумэнтазна́ўства і архі́ўнай спра́вы — першая ў Рэспубліцы Беларусь навукова-дасьледчая ўстанова, якая ажыцьцяўляе навуковыя распрацоўкі ў галіне дакумэнтазнаўства і архівазнаўства. Інстытут быў заснаваны 11 сьнежня 1991 року на базе інстытуту гісторыка-палітычных дасьледаваньняў камуністычнай партыі Беларусі. У 1994 у сувязі з пашырэньнем навукова-дасьледчай дзейнасьці інстытут быў перайменаваны ў «Беларускі навукова-дасьледчы цэнтар дакумэнтазнаўства, археаграфіі і архіўнай справы», у 1996 атрымаў сучасную назву. З 20 чэрвеня 2000 афіцыйнае найменьне «БелНДІДАС». Са сьнежня 1999 у інстытуце працуе асьпірантура паводле дзьвюх спэцыяльнасьцяў: «Дакумэнталістыка, дакумэнтазнаўства, архівазнаўства» і «Гістарыяграфія, крыніцазнаўства і мэтады гістарычнага дасьледаваньня»[1].
Структура інстытуту
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]БелНДІДАС у сваёй дзейнасьці падпарадкоўваецца рэспубліканскаму органу кіраваньня архіўнай галіной — Дэпартамэнту па архівах і справаводзтве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Дырэктарам інстытуту зьяўляецца Андрэй Рыбакоў, ягоны намесьнік Сяргей Жумар. Інстытут уключае ў сябе наступныя аддзелы:
- Аддзел дакумэнтазнаўства;
- Аддзел архівазнаўства;
- Аддзел археаграфіі;
- Рэдакцыйна-выдавецкі аддзел;
- Навуковая бібліятэка;
- Адміністрацыйна-гаспадарчы аддзел[2].
Кірункі дзейнасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кірункі дзейнасьці БелНДІДАС наступныя:
- разьвіцьцё тэорыі дакумэнтазнаўства, архівазнаўства, археаграфіі і крыніцазнаўства;
- комплексны аналіз дакумэнтацыі ў органах кіраваньня і іншых арганізацыях;
- вызначэньне шляхоў скарачэньня патокаў справавых папераў, уключаючы стварэньне сыстэмы ўніфікацыі дакумэнтаў;
- распрацоўка навуковых прынцыпаў публікацыі дакумэнтаў і матэрыялаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь;
- дасьледаваньне праблем гісторыі Беларусі, яе дзяржаўнасьці і культуры;
- аналіз эканомікі архіўнай справы;
- арганізацыйнае забесьпячэньне дзейнасьці Археаграфічнай камісіі Дэпартамэнту па архівах і справаводзтве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь;
- выданьне «Беларускага археаграфічнага штогодніка»;
- арганізацыйнае і навуковае забесьпячэньне падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі паводле спэцыяльнасьцяў «Дакумэнталістыка, дакумэнтазнаўства, архівазнаўства» і «Гістарыяграфія, крыніцазнаўства і мэтады гістарычнага дасьледаваньня» праз асьпірантуру[3].
Выдавецкая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выдаў кнігі «І верш і эпас тэлеграфным радком…» А. М. Міхальчанкі, «Рассакрэчаныя архівы» (абедзьве 1993), «Расстраляныя, замучаныя, павешаныя: Аб фашысцкім генацыдзе ў Брэсце» У. П. Самовіча, «Агнём і мячом: Хроніка польскага нацыяналістычнага падполля ў Беларусі (1939—1953)» В. І. Ермаловіча і С. У. Жумара (абедзьве 1994), «Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944)», «Бібліяграфія акупацыйных перыядычных выданняў, якія выходзілі на тэрыторыі Беларусі ў 1941—1944» С. У. Жумара, «У фонд Перамогі: патрыятычны рух працоўных Беларусі ў гады ВАВ (1941—1945 гг.)» А. Ф. Макарэвіча, «Рабочы рух у Беларусі (чэрвень 1907 — люты 1917)» Э. М. Савіцкага, «Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі» І. М. Ігнаценкі, «Дакументы Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь у Нацыянальнай бібліятэцы і музеях сістэмы Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь: Даведнік» (усе 1995), «Архіўная справа на Беларусі ў дакументах і матэрыялах (1921—1995)», «Альбом формаў арганізацыйна-распарадчых дакументаў» (абедзьве 1996) і іншыя.