Беларуская народная самапомач
Беларуская самапомач | |
Дакумэнты сябраў Беларускай народнай самапомачы | |
Абрэвіятура | БНС |
---|---|
Дата ўтварэньня | 13 кастрычніка 1941 |
Дата спыненьня існаваньня | 1 сакавіка 1944 |
Тып | дабрачыннае |
Юрыдычны статус | грамадзкае аб’яднаньне |
Мэта | дапамога пацярпелым ад вайны беларусам |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Генэральная акруга Беларусь |
Сяброўства | 13 аддзяленьняў-рэфэратаў |
Кіраўнік |
Іван Ермачэнка (да красавіка 1943 г.) Вацлаў Іваноўскі (да лістапада 1943 г.) Юры Сабалеўскі |
Кіроўны орган | Цэнтральная рада |
Зьвязаныя кампаніі | газэта «Голас вёскі», Беларуская самаахова |
Колішняя назва | Беларуская народная самапомач (да чэрвеня 1943 г.) |
Белару́ская наро́дная самапо́мач (коратка: БНС) — арганізацыя, якая дзейнічала ва ўмовах нацысцкай акупацыі ў Генэральнай акрузе «Беларусь».
Стварэньне, кіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларуская народная самапомач была створана 13 кастрычніка 1941 году на загад генэральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ.
БНС узначальвалі Іван Ермачэнка (22 кастрычніка 1941 — красавік 1943), Вацлаў Іваноўскі (30 чэрвеня 1943 — лістапад 1943), Юры Сабалеўскі (лістапад 1943 — 1 лютага 1944). Кіруючы орган — Цэнтральная рада (Цэнтраль, складалася з 13 аддзелаў-рэфэратаў), якой падпарадкоўваліся акруговыя, раённыя і валасныя аддзелы.
БНС дзейнічала пад кантролем і кіраўніцтвам нямецкіх акупацыйных уладаў. Склад цэнтральнай рады зацьвярджаў Кубэ, праўленьні акруговых, раённых і старшыняў валасных аддзелаў прызначалі адпаведныя гебітскамісары, раённыя і валасныя нямецкія кіраўнікі.
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Статут БНС абвяшчаў яе як дабрачынную народную арганізацыю, якая ставіць за мэту «дапамагаць пацярпелым беларусам ад ваенных дзеяньняў, бальшавіцкага і польскага панаваньня, памагаць адбудаваць зруйнаваны чужынцамі беларускі край, пашырыць і разьвіць беларускую культуру». БНС займалася зборам грашовых і матэрыяльных каштоўнасьцей, прадуктаў харчаваньня, абутку і зімовай вопраткі, аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны, займалася арганізацыяй устаноў аховы здароўя, дастаўкай друкаваных выданьняў у акругі і паветы (напрыклад, газэты для сялянаў «Голас вёскі»).
У пачатку 1942 году быў праведзены зьезд усіх лекараў Беларусі. На ім было пастаноўлена стварыць беларускую лекарскую прафэсійную арганізацыю, адкрыць беларускі мэдыцынскі ўнівэрсытэт і арганізаваць матэрыяльную дапамогу мясцовым дактарам у цяжкі ваенны час.
БНС утрымлівала многія шпіталі, праводзіла расьсяленьне дзяцей у прытулкі, арганізаваныя на базе савецкіх санаторыяў (да 10000 дзяцей)[1].
Сябры БНС удзельнічалі ў гвалтоўным мэдыцынскім аглядзе для высыланьня рабочай сілы ў Нямеччыну[1].
Барацьба за самакіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зьезд кіраўнікоў БНС (ліпень 1942), у якім удзельнічалі Мужы даверу, кіраўнікі БНС з акругаў і вядучыя бурмістры і кіраўнікі беларускай паліцыі, дамагаўся ўнясеньня зьменаў у статут БНС і прызнаньня за ёй права самакіраваньня. На зьезьдзе Цэнтральнай рады і акруговых кіраўнікоў БНС (сакавік 1943) быў выпрацаваны мэмарандум, які патрабаваў поўнай аўтаноміі Беларусі, стварэньня беларускага ўраду і войска. Падкрэсьлівалася, што «ўрад абвесьціць аддзяленьне Беларусі ад СССР і аб’явіць яму вайну, як ворагу беларускага народа». Пры садзейнічаньні БНС ствараўся Беларускі корпус самааховы. Аднак нямецкая акупацыйная адміністрацыя распараджэньнем ад 18 сакавіка 1943 абмежавала дзейнасьць БНС толькі аховай здароўя і матэрыяльнай дапамогай насельніцтву. Іван Ермачэнка быў зьняты з пасады кіраўніка БНС і высланы зь Беларусі.
У чэрвені 1943 БНС рэарганізавана ў Беларускую самапомач, дзейнасьць якой у адпаведнасьці з новым статутам была абмежавана зборам ахвяраваньняў, матэрыяльнай дапамогай, вярбоўкай новых сябраў. Кіраўніком арганізацыі стаў Юры Сабалеўскі, былы пасол у польскім сейме.
1 сакавіка 1944 БНС перададзеная ў падпарадкаваньне Беларускай цэнтральнай радзе.
Асобы-дзеячы БНС
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ян Станкевіч (намесьнік кіраўніка)
Сябры Галоўнай Рады:
- Вінцэнт Гадлеўскі
- Радаслаў Астроўскі
- архіяпіскап Філяфей (Нарко)
- Вацлаў Іваноўскі
- Антон Адамовіч
- Уладзіслаў Казлоўскі
- Іван Касяк
- Юльян Саковіч.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — Менск: Навука і тэхніка, 1993. — С. 272—273. — ISBN 5-343-01458-5
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рудак А., Вайна пасля вайны // Наша гісторыя, №2, 2018, с. 32—35. ISBN 2617-2305