Перайсьці да зьместу

Асунсьён

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Асунсьён
гішп. Asunción
Герб Асунсьёну Сьцяг Асунсьёну
Дата заснаваньня: 15 жніўня 1537
Краіна: Парагвай
Плошча: 117 км²
Вышыня: 43 м н. у. м.
Насельніцтва (2016)
колькасьць: 525 252 чал.
шчыльнасьць: 4489,33 чал./км²
Часавы пас: UTC-3
Тэлефонны код: 021
Паштовы індэкс: 1001–1925
Геаграфічныя каардынаты: 25°18′0″ пд. ш. 57°38′0″ з. д. / 25.3° пд. ш. 57.63333° з. д. / -25.3; -57.63333Каардынаты: 25°18′0″ пд. ш. 57°38′0″ з. д. / 25.3° пд. ш. 57.63333° з. д. / -25.3; -57.63333
Асунсьён на мапе Парагваю
Асунсьён
Асунсьён
Асунсьён
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
https://www.asuncion.gov.py/

Асунсьён (па-гішпанску: Asunción), поўная назва Найшляхотнейшы й найвярнейшы горад Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі па-гішпанску: La Muy Noble y Leal Ciudad de Nuestra Señora Santa María de la Asunción) — сталіца й найбуйнейшы горад Парагваю. Горад месьціцца на левым беразе ракі Парагвай, ня вельмі далёка ад месца зьліцьця гэтае ракі зь Пількамаё. Насельніцтва на 2016 год складала 525 252 жыхары.

Асунсьён ёсьць адным з самых старажытных гарадоў у Паўднёвай Амэрыцы, з гэтых чыньнікаў ён вядомы як «Маці гарадоў». Менавіта Асунсьён стаўся базавым пунктам для каляніяльных экспэдыцыяў, якія заклалі такія гарады кантынэнту, як то Буэнас-Айрэс, Вільярыка, Санта-Фэ, Санта-Крус-дэ-ля-Сьера. Горад лічыцца адным з самых танных гарадоў сьвету для замежных турыстаў[1].

Гішпанскі канкістадор Хуан дэ Аёляс, магчыма, упершыню наведаў ваколіцы будучага гораду на сваім шляху на поўнач, уверх па рацэ Парагвай, шукаючы выйсьця да шахтаў Альта-Пэру ў цяперашняй Балівіі. Пазьней Хуан дэ Салязар-і-Эсьпіноса і Гансалё дэ Мэндоса, сваяк Пэдра дэ Мэндосы, былі адпраўленыя на пошукі Аёляса, але ня здолелі яго знайсьці. Па дарозе ўверх і ўніз па рацэ дэ Салязар ненадоўга спыніўся ў бухце на левым беразе, каб папоўніць запасы сваіх караблёў. Ён палічыў тубыльцаў даволі прыязнымі і вырашыў заснаваць у гэтым месцы форт у жніўні 1537 году, які атрымаў назоў у гонар сьвятой Божай Маці Марыі, бо ў сярэдзіне жніўня адзначаецца сьвята ў ейны гонар[2].

У 1542 годзе тубыльцы захапілі Буэнас-Айрэс, што вымусіла гішпанцаў уцячы ў Асунсьён. Такім чынам горад стаў цэнтрам вялікай гішпанскай каляніяльнай правінцыі, якая ўлучала частку Бразыліі, сучаснага Парагваю і паўночна-ўсходняй Аргентыны. У 1603 годзе Асунсьён быў месцам сядзібы першага сыноду Асунсьёну, які ўсталяваў прынцыпы эвангелізацыі тубыльцаў на іхнае мове гуарані.

Від на Асунсьён за часам Парагвайскай вайны.

У 1731 годзе паўстаньне пад кіраўніцтвам Хасэ дэ Антэкеры-і-Кастра было адным зь першых паўстаньняў супраць гішпанскага каляніяльнага панаваньня. Паўстаньне было здушанае, але пратэставыя настроі сярод мясцовых крэолаў і мэтысаў толькі павялічваліся. У 1811 годзе таемныя сустрэчы паміж лідэрамі руху за незалежнасьць з мэтай плянаваньня і каардэнацыі сваіх дзеяньняў супраць гішпанскага губэрнатара ў Парагваі Бэрнарда дэ Вэляска ладзіліся ў доме Хуаны Марыі дэ Ляра, у цэнтры Асунсьёну. У ноч з 14 на 15 траўня паўстанцы дамагліся посьпеху і прымусілі губэрнатара да капітуляцыі. Сёньня ў былым доме Ляры, вядомым як Дом Незалежнасьці, працуе музэй. Па атрыманьні незалежнасьці ў Асунсьёне адбыліся значныя зьмены. Гэтак за часам панаваньня Гаспара Радрыгеса дэ Франсіі, які займаў пасаду прэзыдэнта з 1813 па 1840 гады, у горадзе актыўна будаваліся дарогі, а вуліцы атрымалі назва. У наступным пры прэзыдэнцтве Карляса Антоніё Лёпэса, які кіраваў краінай з 1844 па 1862 гады, у Асунсьёне, як і ўва ўсім Парагваі, адбыліся эканамічныя рэформы. Былі пабудаваныя больш за 400 школаў, мэталюргічныя заводы і нават зьявілася першая ў краіне чыгунка. Па сьмерці Лёпэса ў 1862 годзе ягоны сын Франсіска Саляна Лёпэс ачоліў краіну і разьвязаў разбуральную Парагвайскую вайну, якая доўжылася пяць гадоў з 1864 па 1870 гады. 1 студзеня 1869 году Асунсьён быў акупаваны бразыльскім войскам на чале з генэралам Жуанам дэ Соўза да Фансэка Костам. Бразыльцы займалі горад ажно да 1876 году. Вайна прывяла як да зьнішчэньня гораду і да значнага скарачэньня насельніцтва, то бок Парагвай страціў у вайне дзьве траціны жыхароў. Разьвіцьцё значна запаволілася, а эканоміка прыйшла ў заняпад.

У канцы XIX стагодзьдзя і ў першыя гады XX стагодзьдзя ў горад у значнай колькасьці прыбывалі імігранты з Эўропы і Асманскай імпэрыі, што прывяло да зьмены аблічча гораду. У гэтыя часы места старана адбудоўвалася і горад пачаў квітнець. У 1971 годзе ў Асунсьёне зьявілася конка, а электрычны трамвай быў запушчаны ў 1913 годзе. Трамвайны рух ажыцьцяўляўся ў горадзе ажно да 1995 году, пасьля чаго быў афіцыйна спынены ў лістападзе 1997 году[3][4].

  1. ^ «The 18 cheapest cities in the world». Business Insider.
  2. ^ «Asunción». Encyclopedia Britannica.
  3. ^ «The Extraordinary Tramways of Asunción, Paraguay». Electric Transport in Latin America.
  4. ^ «Systems News». Tramways & Urban Transit. UK: Ian Allan Publishing / LRTA Publishing. 1998. — С. 117. — ISSN 1460-8324.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]