Перайсьці да зьместу

Антоні Падуанскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Антоні Падуанскі
Сьвяты
Нарадзіўся 15 жніўня 1195[1]
Памёр 13 чэрвеня 1231[1] (35 гадоў)
Дзень памяці 13 чэрвеня[2]

Антоні Падуанскі (па-лацінску: Antonius Patavinus, па-італьянску: Sant'Antonio di Padova, па-партугальску: Santo António de Lisboa; 15 жніўня 1195 — 13 чэрвеня 1231), Фэрнанда дэ Буён (Фэрнанду дэ Бульёйньш, па-партугальску: Fernando de Bulhões) — каталіцкі сьвяты, прапаведнік, адзін з самых знакамітых францішканаў.

Сьвяты Антоні Падуанскі

Нарадзіўся ў 1195 годзе у Лісабоне (Партугалія) і на хросьце атрымаў імя Фернандо. Ва ўзросьце 15 гадоў уступіў у ордэн аўгустынцаў-эрэмітаў у Каімбры і там прыняў сьвятарскае пасьвячэньне. Моцна ўражаны пакутніцтвам пяці францысканцаў, забітых мусульманамі, вырашае сам стаць францысканцам. Уступіўшы ў закон Меншых Братоў, прыняў імя Антоні. Спачатку ён выехаў на місію ў Марока, але з-за слабога здароўя мусіў неўзабаве вярнуцца.

Па дарозе дадому ў выніку караблекрушэньня апынуўся ў Італіі. Там у Антонія выявіліся вялікія прамоўніцкія здольнасьці, і яго накіравалі ў Паўночную Італію, дзе дзякуючы сваім казаньням ён хутка стаў папулярным. Аднойчы паслухаць яго сабралася каля 30 тысяч чалавек! Пэўны час сьвяты правёў у Францыі, а пасьля вяртаньня ў Італію пасяліўся ў Падуі. Сьвяты Францішак прызначыў яго першым настаўнікам тэалёгіі для Меншых Братоў, настаўнікам францысканцаў.

Антоній памёр 13 чэрвеня 1231 году і менш чым праз год быў кананізаваны.

Рэліквіі сьвятога Антонія знаходзяцца ў прысьвечанай яму базыліцы ў Падуі, дзе адбываецца так шмат цудаў, што сьвяты Бонавентура нават аднойчы сказаў: «Калі шукаеш цудаў, ідзі да Антонія». Сьвяты быў абвешчаны доктарам Касьцёлу (doctor evangelicus — эвангельскі доктар). Сьвяты Антоні — адзін з найбольш шанаваных сьвятых у Каталіцкім Касьцёле і вельмі папулярны ў народнай пабожнасьці: зьяўляецца, між іншым, апекуном закаханых, сужэнцаў, падарожных; ахоўвае ад неўраджаю і дапамагае знаходзіць згубленыя рэчы.

Сьвяты Антоні лічыцца заступнікам Лісабону і Падуі. У яго гонар названы горад Сан-Антоніё ў ЗША. Таксама ён лічыцца заступнікам бедных і вандроўнікаў. Да сьвятога Антонія зьвяртаюцца, каб ён дапамог знайсьці страчаныя рэчы. З канца XIX стагодзьдзя распаўсюдзіўся звычай называць ахвяраваньні на бедных, сабраныя ў царкве — «хлеб Сьвятога Антонія».

Сьвятога Антонія лічылі сваім заступнікам шматлікія царкоўныя братэрства. Існуе невялікая жаночая манаская кангрэгацыя — «сёстры Сьвятога Антонія», якая займаецца дабрачыннай дзейнасьцю.

Успамін 13 чэрвеня.

  1. ^ а б BeWeB
  2. ^ Calendarium Romanum (лац.): Ex decreto Sacrosancti Œcumenici Concilii Vaticani II instauratum auctoritate Pauli PP. VI promulgatum. Editio typicaCivitas Vaticana: Typis Polyglottis Vaticanis, 1969. — С. 27.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]