Перайсьці да зьместу

Інклінгі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Паб The Eagle and Child у Оксфардзе, дзе з 1939 году сустракаліся Інклінгі

І́нклінгі (па-ангельску: The Inklings, The Inkling Club) — літаратурны клюб, першапачаткова заснаваны ў Оксфардзе ў 1931 годзе студэнтам Тэнджы Лінам. Сам Лін, скончыўшы каледж, пакінуў клюб. Празь некаторы час назва «Інклінгі» замацавалася за невялікаю суполкаю пісьменьнікаў, многія зь якіх выкладалі ў Оксфардзе.

Вядомасьць Інклінгі набылі дзякуючы таму, што доўгі час сябрамі клюбу былі пісьменьнікі Джон Толкін ды Клайв Льюіс. У 1939 годзе да іх далучыўся яшчэ адзін вядомы пісьменьнік — Чарлз Ўільямз. Акрамя таго, у клюб уваходзілі Оўэн Барфілд, Г’юга Дайсан ды іншыя. Трэба адзначыць, што ў клюбе ніколі не было фармальнага сьпісу ўдзельнікаў, і фактычна ён заставаўся проста колам сяброў, якія сыстэматычна зьбіраліся разам.

Інклінгі сустракаліся па аўторках у пабе «Арол ды дзіця», а па чацьвяргах ладзіліся літаратурныя чытаньні ў Льюіса, дзе сябры клюбу знаёмілі адзін другога з тым, над чым яны працавалі. У прыватнасьці, у клюбе чыталіся «Уладар пярсьцёнкаў» Толкіна ды «Хронікі Нарніі» Льюіса.

Фактычным лідэрам клюбу быў Льюіс, і пасьля ягонага пераезду ў 1954 годзе ў Кембрыдж клюб пачаў зьбірацца радзей, а пасьля сьмерці Льюіса цалкам спыніў сваё існаваньне.

Гісторыі клюбу і жыцьцю яго сяброў прысьвечаная кніга Гамфры Карпэнтэра «Інклінгі» (1979).