Перайсьці да зьместу

Індакітай (фільм)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Індакітай
Indochine
Жанр драматычны фільм[1][2], фільм пра каханьне[d][1][2][3] і ваенны фільм[d]
Рэжысэр Рэжы Варнье
Сцэнарыст
Прадусар Ален Бэльмандо
У ролях
  • Катрын Дэнёв — Эліян Дэўры
  • Кампазытар Патрык Дойль
    Апэратар Франсуа Катон
    Мантаж Агнэс Шваб, Жэнэўеў Вындынґ
    Мастак Jacques Bufnoir[d]
    Распаўсюд Netflix
    Дата выхаду 1992 і 14 траўня 1992[4]
    Працягласьць 159 хвілін
    Краіна Францыя
    Мова француская, віетнамская
    Старонка на IMDb
    Афіцыйны сайт

    Індакіта́й (па-француску: Indochine) — француская гістарычная мэлядрама, зьнятая рэжысэрам Рэжы Варнье ў 1992 годзе, па арыґінальным сцэнары Эрыка Арсэна, Луі Ґардэля, і Катрын Кохен (Filmstudios Paradis Films, La Générale d’Images, Bac Films, Orly Films і Ciné Cinq, пры ўдзеле Canal Plus). Фільм атрымаў разнастайныя ўзнагароды, у тым ліку прэмію «Оскар» (1992) як найлепшы фільм на замежнай мове. Бюджэт карціны склаў каля 13 мільёнаў даляраў.

    Фільм распавядае пра лёс францускай плянтатаркі Эліян, яе прыёмнай віетнамскай дачкі Каміль і маладога францускага афіцэра Жана-Батыста. Падзеі адбываюцца напачатку 1930-ых гадоў ў кляніяльным францускім Індакітаі.

    Эліян Дэўры — багатая гаспадыня вялікай каўчукавай плянтацыі ў францускім Індакітаі, расьціць прыёмную дачку Каміль — віетнамку з арыстакратычнай сям’і, чые бацькі, добрыя сябры Эліян, загінулі пры аварыі самалёта. Мадам Дэўры знаёміцца з маладым афіцэрам францускага каляніяльнага флёту — Жанам-Батыстам. Нягледзячы на вялікую розьніцу ва ўзросьце, і моцны супраціў Эліян сваім эмоцыям, паміж імі ўспыхвае гарачы раман. Аднак, захапленьне Жана-Батыста немаладой жанчынай, якая зьняла перад ім маску халоднай абшарніцы, празь некаторы час пачынае спадаць.

    Аднаго дня, францускі паліцыянт, намагаючыся на вуліцы застраліць уцеклага зьняволенага, ледзь не патрапляе ў Каміль, якая губляе прытомнасьць. Жан-Батыст, які выпадкова аказваецца нездалёк, уносіць яе, але бачыць, што яна не параненая. Тым часам, прыйшоўшы ў сябе, маладая і рамантычная дзяўчына думае, што афіцэр выратаваў яе жыцьцё, і закахваецца ў яго.

    Калі Дэўры чуе прызнаньне свае дачкі, яна, каб выратаваць яе ад няшчаснага каханьня, хадайнічае, каб афіцэра адправілі служыць на аддаленую загароду на поўначы калёніі. Каміль жа па старой дамове выдаецца замуж за Тана, маладога в’ятнамскага інтэлеґента з багатай сям’і, які вучыўся ў Парыжы і вельмі кахае дзяўчыну. Празь дзень пасьля вясельля Каміль кажа, што ідзе шукаць афіцэра, якому належыць яе сэрца. Тан хоча ёй шчасьця і не затрымлівае яе.

    Каміль сустракае в’ятнамскую сям’ю, якая рушыць на поўнач у пошуках лепшага жыцьця. Па дарозе яна па-сапраўднаму знаёміцца са сваёй краінай, і бачыць, наколькі цяжкае жыцьце яе народа пад прыгнётам каляніялізму. Урэшце рэшт яны дасягаюць вострава, дзе служыць Жан-Батыст, ня ведаючы, што выспа выкарыстоўваецца ў якасьці рынку нявольнікаў. Мужа і жонку, зь якімі вандравала Каміль, разлучаюць, а дзяцей забіваюць. Жан-Батыст, які прыходзіць у той момант, бачыць дзяўчыну, і хоча яе забраць, аднак Каміль заўважае, што здарылася зь яе сябрамі. Пачынаецца беспарадак, у рукі Каміль патрапляе пісталет, і яна забівае аднаго з французаў.

    Даведаўшыся пра гэта, Эліян хоча знайсьці і выратаваць дачку, аднак ня можа гэтага зрабіць, тым болей што цяпер яе шукаюць як забойцу. А Каміль і Жану-Батысту пасьля гэтага застаецца толькі ўцякаць. Пасьля доўгага дрэйфу ў лябірынце выспаў паўночнага Індакітаю, іх выратоўваюць камуністы. Цяпер каханыя разам, і Каміль цяжэе ад Жана. Тан, насамрэч адзін з кіраўнікоў камуністычнага падпольля, ведае пра іх, і хоча выратаваць іх жыцьці. Ён накіроўвае іх у Кітай разам з трупай вандроўнага тэатру. Аднак, недалёка ад мяжы, Жан-Батыст адзін зыходзіць пахрысьціць сваё дзіця, і арыштоўваецца жаўнерамі.

    Афіцэр патрапляе ў астрог за дэзэртырства, а дзіця, якога назвалі Этыенам, забірае мадам Дэўры. Жана-Батыста часова «выпускаюць» і забіваюць францускія аґенты, а Каміль арыштоўваюць і саджаюць у турму, дзе яна таксама становіцца камуністкай. Празь некалькі гадоў яе выпускаюць, і ў Эліян атрымоўваецца хутка яе ўбачыць. Каміль плача, аднак кажа, што цяпер ужо нічога не вярнуць, і яна мусіць забыць мінулае, бо яно занадта балючае, а Індакітаю, які ведала Эліян, болей няма. Пасьля гэтага Дэўры прадае сваю плянтацыю, забірае Этыена, і назаўсёды зьяжджае ў мэтраполію.

    Канец фільма адбываецца ў Жэнэве. Эліян распавядае ўсю гісторыю Этыену, цяпер ужо даросламу маладому чалавеку. На перамовах бягучага 1954 году Францыя мусіць афіцыйна прызнаць незалежнасьць Віетнаму. У складзе віетнамскай дэлеґацыі знаходзіцца і маці Этыена, Каміль. Мадам Дэўры пытаецца, ці хоча ён убачыць яе, аднак яны абодва разумеюць абсурднасьць гэтага жаданьня, а Этыен кажа, што ў яго толькі адна маці — Эліян.

    • Валікамаштабная карціна здымалася пры падтрымцы Дзяржаўнага Цэнтру Кіно Віетнаму.
    • Зьняўшыся праз два гады пасьля «Індакітаю» ў фільме «Джаміла», Лін Дан Фам, якая з бацькамі пераехала ў Францыю ва ўзросьце аднаго году, з-за культурнага ціску з боку сям’і працягнула здымацца толькі празь дзевяць гадоў.
    • Найлепшая акторка (Катрын Дэнёв)
    • Найлепшая акторка другога пляну (Дамінік Блянк)
    • Найлепшыя дэкарацыі
    • Найлепшая кінэматаґрафія
    • Найлепшы гук
    Намінаваўся ў катэґорыях
    • Найлепшы фільм
    • Найлепшы рэжысэр
    • Найлепшы актор другога пляну (Жан Ян)
    • Найлепшая акторка другога пляну (Дамінік Бланк)
    • Найлепшая пачынаючая акторка (Лін Дан Фам)
    • Найлепшая музыка
    • Найлепшы дызайн касьцюмаў
    • Найлепшы мантаж
    • Найлепшы фільм на замежнай мове
    • Найлепшая акторка ў галоўнай ролі (Катрын Дэнёў, намінацыя)
    • Найлепшы фільм не на анґельскай мове (намінацыя)
    • Найлепшы фільм на замежнай мове
    • Найлепшы эўрапейскі фільм

    National Board of Review, 1992

    • Найлепшы фільм на замежнай мове

    Political Film Society, 1994

    • Узнагарода за дэмакратыю
    • Узнагарода за правы чалавека (намінацыя)

    Падчас сцэны пажару на плянтацыі, Эліян праходзіць міма каляніяльных жаўнераў, якія трымаюць брытанскія стрэльбы №4. Аднак, францускія жаўнеры не карысталіся анґельскай зброяй, і акрамя таго, стрэльба тыпу 4, мадыфікацыя стрэльбы тыпу 1, зьявілася толькі ў 1939 годзе, у той час як дзеяньне ў фільме адбываецца напачатку трыццатых гадоў.

    Вонкавыя спасылкі

    [рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
    1. ^ а б http://www.imdb.com/title/tt0104507/
    2. ^ а б http://www.filmaffinity.com/es/film105392.html
    3. ^ http://www.allocine.fr/film/fichefilm_gen_cfilm=7309.html
    4. ^ Lexicon of international films (ням.)Zweitausendeins.