Перайсьці да зьместу

Only Connect

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Толькі злучы
Only Connect
Жанр тэлевіктарына
Вядоўца Вікторыя Корэн Мітчэл
Кампазытар Доўсан Сабатыні
Краіна вытворчасьці Вялікабрытанія
Мова ангельская
Колькасьць сэзонаў 19
Колькасьць выпускаў 436
Першы выпуск 15 верасьня 2008 (16 гадоў таму)
Апошні выпуск дагэтуль
Вытворчасьць
Працягласьць 30 хв.
Трансьляцыя
Канал BBC Four (2008—14)
BBC Two (2014—)

Only Connect (па-беларуску: То́лькі злучы́) — брытанская тэлевізійная віктарына, якая выходзіць у сетцы каналаў BBC з 2008 року. Вядоўца — Вікторыя Корэн Мітчэл. У гульні спаборнічаюць дзьве каманды, якія павінны знайсьці сувязь паміж нібыта незьвязанымі падказкамі.

З 15 верасьня 2008 па 7 ліпеня 2014 року шоў выходзіла на канале BBC Four, а з 1 верасьня 2014 — на канале BBC Two. Здымкі адбываюцца ў студыях у Кардыфе (Ўэйлз).

У першых трох сэзонах падказкі 1-2-га тураў пазначаліся грэцкімі літарамі, з 4-га сэзону наўзамен ім прыйшлі эгіпецкія герогліфы. 1-6-ы сэзоны гуляліся па кругавой сыстэме «на вылет», пазьней была ўведзеная сыстэма з выбыцьцём пасьля дзьвюх паразаў(d). 12-13-ы сэзоны прайшлі паводле фармату гульні University Challenge: найлепшыя каманды з тых, што прайгралі, удзельнічаюць у суцяшальным этапе(d) і ў чвэрцьфіналах з выбыцьцём пасьля дзьвюх паразаў.

1 сакавіка 2010 року на бачыне перадачы ў інтэрнэце зьявілася анляйнавая вэрсія гульні, якая скончылася пасьля 10-га сэзону.

У кожным выпуску перадачы дзьве каманды з трох чалавек спаборнічаюць у чатырох гульнявых турах. Чарговасьць ходу вызначаецца лёсаваньнем. З кожным турам складанасьць пытаньняў узрастае.

У першым туры каманды атрымліваюць да чатырох падказак, спрабуючы знайсьці сувязь паміж імі цягам 40 сэкундаў. Падказкі адкрываюцца па адной, і чым хутчэй каманда назаве слушны адказ, тым болей атрымлівае балаў (5 балаў пасьля адной падказкі, 3 — пасьля другой, 2 — пасьля трэцяй і 1 пасьля чацьвертай). У выпадку няслушнага адказу, яго адсутнасьці ці сканчэньня часу шанец на бонусны бал атрымлівае каманда супернікаў. Тур сканчаецца, калі каманды па чарзе выкарыстаюць усе тры наборы падказак. Большасьць падказак тэкставыя, але звычайна трапляецца адзін набор выяваў і другі — музычны. Такія пытаньні звычайна маюць найбольшую складанасьць паводле досьведу ўдзельнікаў.

Прыклад загадкі ў 1-м туры. Каб зарабіць за яе балы, каманды мусяць падаць адказ «Прадметы, пакінутыя на Месяцы».

У другім туры наборы з чатырох падказак складаюць пасьлядоўнасьць. Каманды могуць убачыць да трох зь іх, пасьля чаго павінны здагадацца, якая падказка схаваная чацьвертай. Як і ў першым туры, на адгадку прадастаўляецца 40 сэкундаў, і калі даюць хібны адказ ці не даюць адказу, шанец атрымаць бонусны бал мае каманда супернікаў. У гэтым туры таксама існуе адзін набор падказак у выявах, а з 10-га сэзону час ад часу дадаецца яшчэ і музычная пасьлядоўнасьць.

Табліца 4×4 з 16 словаў: Love, Ace, Crab, Puck, Squash Ball, Deuce, Goose-Egg, Cowboy, Zip, Buttress, Bullet, Fox, Elastic Band, Nil, Fish, Condom

Упарадкаваныя чатыры групы па чатыры словы ў катэгорыях: „Назвы нуля“: Love, Goose-Egg, Zip, Nil. „Покерныя тэрміны“: Crab, Deuce, Bullet, Cowboy. „Лётаючы/ая [пропуск]“: Ace, Buttress, Fish, Fox. „Гумовыя рэчы“: Elastic Band, Squash Ball, Puck, Condom.

У трэцім туры кожная з камандаў па чарзе за 2,5 хвіліны мае ўпарадкаваць сьцяну з 16 падказак, якія трэба раскласьці ў чатыры групы па чатыры элемэнты. Падказкі выбіраюцца такім чынам, каб зьбіць гульцоў з панталыку(d), бо яны могуць пасаваць адразу да некалькіх пасьлядоўнасьцяў. На пачатку каманды могуць спрабаваць розныя варыянты колькі заўгодна разоў, але склаўшы слушна дзьве пасьлядоўнасьці, маюць тры апошнія спробы, каб знайсьці дзьве апошнія пасьлядоўнасьці.

Пасьля таго, як уся сьцяна складзеная, скончыўся час ці тры спробы, каманда атрымлівае па 1 бале за кожную слушна складзеную пасьлядоўнасьць з чатырох элемэнтаў. Пасьля гэтага каманда можа атрымаць дадаткова па 1 бале за няскладзеныя пасьлядоўнасьці, калі назаве, што іх аб’ядноўвае. Калі ж каманда склала ўсе чатыры пасьлядоўнасьці і слушна назвалае ўсе сувязі, то атрымлівае дадаткова 2 бонусныя балы — максымум 10. Тут каманда-суперніца ня мае шанцу атрымаць бонусныя балы.

У чацьвертым, апошнім туры камандам паказваюць сэрыі загадак, аб’яднаных адной катэгорыяй — па чатыры загадкі ў кожнай. У загадках выкрэсьленыя ўсе галосныя літары, а пропусты між літарамі не азначаюць пропустаў між словамі. Прыкладам, у катэгорыі «Ляўрэаты Букераўскай прэміі» адказам на загадку «ШГНКР НТЛК» ёсьць «Шэган Карунатыляка». Адказвае тая каманда, якая першай націснула кнопку, атрымліваючы па 1 бале за кожны слушны адказ і штраф 1 бал за памылку. Пасьля гэтага каманда супернікаў атрымлівае магчымасьць зарабіць бонусны бал. Працягласьць чацьвертага туру — ад 90 сэкундаў да трох хвілінаў.

У канцы гульні перамагае каманда, якая зарабіла болей балаў. У выпадку нічыёй капітаны камандаў атрымліваюць апошняе пытаньне-«армагедон(d)» паводле правілаў чацьвертага туру. Капітан, які першым дасьць слушны адказ, прыносіць перамогу камандзе. У выпадку памылковага адказу перамога аддаецца процілеглай камандзе.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]