Эміль зь Лёнэбэр’і
Эміль зь Лёнэбэр’і (па-швэдзку: Emil i Lönneberga — літаральна «Эміль у Лёнэбэр’і») — літаратурны пэрсанаж, галоўны герой нізкі з шасьці кніг швэдзкай пісьменьніцы Астрыд Ліндгрэн, упершыню выдадзеных у Швэцыі ў 1963—1997 роках. Кнігі сэрыі перакладзеныя на 44 мовы[1]. У большасьці перакладаў выкарыстаныя арыгінальныя ілюстрацыі, створаныя швэдзкім мастаком Б’ёрнам Бэргам.
Эміль
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеяньне кніг адбываецца ў Швэцыі на пераломе XIX—XX стагодзьдзяў.
Сям’я Свэнсанаў жыве на хутары Катгульт ля мястэчка Лёнэбэр’я ў правінцыі Смолянд (паўднёвая Швэцыя). Правобразам галоўнага героя Эміля, ад якога вядзецца аповед, стаў бацька пісьменьніцы Самуэль Аўгуст Эрыксан, які часта распавядаў ёй пра свае дзіцячыя гады[2].
Эміль Свэнсан — маленькі гарэза і вісус, вясёлы, цікаўны і кемлівы пяцігадовы вясковы хлапчук, які ўвесь час трапляе ў разнастайныя камічныя сытуацыі. Хлопчык даволі цямкі і ведае, як зарабіць грошы самому, ня просячы бацькоў. Ён мае задаткі добрага бізнэсоўцы, чаму часткова зайздросьціць тата.
Ужо ў гэтым узросьце Эміль мае ўласную скаціну — жарабя Люкаса, парсюка Заморка і курыцу Кульгаўку.
Сярод захапленьняў хлопчыка вылучаецца цясьлярная праца. Кожнага разу, калі яго зачыняюць у сталярнай майстэрні за свавольства, Эміль выразае аднаго драўлянага чалавечка, і з часам агульная іхняя колькасьць перавышае 300 штук.
Іншыя пэрсанажы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Антон, тата Эміля — царкоўны староста, які характарызуецца беражлівым стаўленьнем да грошай. Шмат працуе ў полі нароўні з наймітам Альфрэдам. Любіць свайго сына, аднак часьцей за ўсё менавіта бацька міжволі апынаецца ў цэнтры Эмілевых выбрыкаў, якія здараюцца ў таго абсалютна выпадкова. І, калі сын чуе татаў вокліч: «Эміль!!!» — дык бяжыць з усяе моцы ў майстэрню, зачыняючыся знутры, дзе і перачакае бацькоўскі гнеў за выразаньнем драўляных фігурак.
Альма, мама Эміля — хатняя гаспадыня, ведае мноства разнастайных рэцэптаў. Вядзе запіс учынкаў сына ў адмысловых сшытках, для якіх у шуфлядках стала ўжо не стае месца. Піша з мноствам артаграфічных памылак. Аднак гэта не замінае ёй быць найлепшай гаспадыняй Катгульту. Асабліва ў яе атрымліваецца крывянка — улюбёная Эмілева страва.
Эміль мае малодшую сястрычку Іду, якая міжволі таксама часта апынаецца замяшанаю ў свавольствах.
Найлепшы сябар Эміля — працаўнік Альфрэд. Менавіта дзякуючы яму маленькі вісус навучыўся добра разьбірацца ў конях, абыходзіцца са скацінай і плаваць. Альфрэд ня мае жонкі і дзетак, таму абыходзіцца са свавольнікам як з уласным сынам.
Таксама ў Катгульце ёсьць прыслужніца Ліна, якая Эміля недалюблівае і ўвесь час апавядае пра тое, які ён падшыванец.
Акрамя таго, непадалёк ад Катгульту, у хатцы сярод лесу, жыве старая Крэса-Мая, якая часам прыходзіць у госьці дапамагчы па гаспадарцы і прыглядзець за дзеткамі. Любіць апавядаць дзецям страшныя гісторыі.
Экранізацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Эміль зь Лёнэбэр’і» (швэдз. Emil i Lönneberga, Швэцыя, 1971)
- «Новыя прыгоды Эміля зь Лёнэбэр’і» (Nya hyss av Emil i Lönneberga, Швэцыя, 1972)
- «Эміль і парсючок» (Emil och griseknoen, Швэцыя, 1973)
- «Эміль зь Лёнэбэр’і» (ням. Michel aus Lönneberga, швэдз. Emil i Lönneberga, Нямеччына — Швэцыя, 1974. У нямецкай вэрсіі Эміля зваць Міхаэль).
- «Эмілевы свавольствы» (лет. Emīla nedarbi, рас. Проделки сорванца, ЛатССР, 1985).
Выхаваўчае значэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кніжкі пра Эміля маюць моцны філязофскі пасыл аўтаркі што да адукацыі і выхаваньня дзяцей. Яна сама выхоўвалася на фэрме ў Смоляндзе і разумела вялізарную ролю прыроды ў паўнавартасным разьвіцьці. Дзяцей нельга таксама караць фізычна, і часта яны нашмат больш кемлівыя, чым здаецца дарослым. У сям’і Свэнсанаў (Эміль меў таксама маму, тату і малодшую сястру Іду) таксама забароненыя ўсе праклёны і алькаголь.
Астрыд Ліндгрэн перадала ў сваім творы цалкам праўдападобны вобраз швэдзкай вёскі пачатку XX стагодзьдзя. Бацька Эміля прадстаўлены як сярэднестатыстычны жыхар Смолянду — напрыклад, ня любіць выдаваць грошы. Тады вялікае значэньне мела царква, і пастар быў сталым госьцем фэрмы Эміля. Кніга называе традыцыйныя швэдзкія стравы, строі, сьвяты і іншыя ўрачыстасьці (такія, як гандлёвы дзень ці аўкцыёны маёмасьці швэдзкіх эмігрантаў у Злучаныя Штаты).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Astrid Lindgren och världen (швэд.) AstridLindgren.se Праверана 10 красавіка 2014 г.
- ^ That Emil (анг.) Astrid Lindgrens Värld Праверана 11 красавіка 2014 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|