Перайсьці да зьместу

Эліяху-Хаім Майзэль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Эліяху-Хаім бар Машэ Майзэль»)
Эліяху-Хаім бар Машэ Майзэль
Род дзейнасьці рабін
Дата нараджэньня 9 студзеня 1821
Месца нараджэньня Гарадок
Дата сьмерці 1 траўня 1912
Месца сьмерці Лодзь
Месца пахаваньня
Занятак рабін
Бацька Мойжэш

Эліяху-Хаім бар Машэ Майзэль (9 студзеня 1821[1], Гарадок — 1 траўня 1912, Лодзь) — рабін, адзін з духоўных лідэраў жыдоўскіх суполак Расейскай імпэрыі.

Нарадзіўся ў Гарадку (на Віленшчыне[1] або ў Менскай губэрні[2]) ў сям’і купца Мойжэша. Праўнук гаона Арона Шмуэля Кайдановэра і ўнук па кудзелі гаона Эліэзэра Грайвэра. Вучыўся ў Коўне і Валожынскай яшыве.

У дзевятнаццацігадовым узросьце ачоліў суполку ў сваім родным месцы, пасьля быў рабінам Дзярэчына[2][3] або Дарагічына[4] (1853). У 1861 стаў рабінам Пружаны, дзе падчас эпідэміі халеры збудаваў лякарню і прыкладаў усе намаганьні для барацьбы з эпідэміяй[3]. Пасьля — рабін у Ломжы (1867—1873), дзе зьвярнуў увагу мескай адміністрацыі на тое, што з жыдоўскага насельніцтва патрабуюць большую колькасьць жаўнераў, чым з такой самай колькасьці іншых. У наступным року колькасьць прызваных жыдоў была зьменшаная на 500 чалавек[3].

Ад 1874 — кіраўнік суполкі ў Лодзі, адной з найбуйнейшых у Расейскай імпэрыі. Заснаваў тут сіроцкі прытулак і хэдэр для сыноў беднаты, жыдоўскую больніцу, дом састарэлых і першую талмуд-тору (1909).

На дабрачынныя мэты займаў сродкі ў заможных грамадзянаў, аднак разьлічвацца ня быў здольны, пасьля чаго пераяжджаў у большую суполку. Так, пружанскія жыды так імкнуліся перацягнуць яго да сябе, што сплацілі дарагічынскім усе ягоныя пазыкі ў суме тры тысячы рублёў. Калі ж Майшэль пераходзіў у Ломжу, тамтэйшыя жыды сплацілі ягоным крэдыторам у Пружане ўжо шэсьць тысячаў; у рэшце рэшт, пераход з Ломжы ў Лодзь «абышоўся» ў адзінаццаць тысячаў. Пасьля рабіна запрашала да сябе беластоцкая суполка, якая была гатовая пакрыць ягоныя даўгі ў памеры 20 000 рублёў; аднак жыды Лодзі, не жадаючы разьвітвацца з Майшэлем, самі за адзін дзень аддалі крэдыторам усю суму. Адмовіўся ён таксама ад запрашэньня найбуйнейшай жыдоўскай суполкі ў Расейскай імпэрыі — варшаўскай — матывуючы гэта тым, што калі ён ачоліць самую буйную жыдоўскую грамаду, дык ягоныя пазыкі болей ніхто ня здолее пагасіць.

Памёр пасьля працяглай хваробы 1 траўня 1912. Пахаваны ў Лодзі на новых жыдоўскіх могілках(pl) па вуліцы Брацкай.

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б Pruzhany (анг.) Jewish Encyclopedia Праверана 27 сакавіка 2012 г.
  2. ^ а б J.T.Fly. (25 лютага 2008) Rabbi Eliasz Chaim Majzel (Eliyahu Hayim Maizel) (пол.) SkyscraperCity Праверана 23 сакавіка 2012 г.
  3. ^ а б в ЕЭБЕ/Пружаны (рас.) Еврейская энциклопедия Брокгауза и Ефрона. ВикитекаПраверана 29 лютага 2012 г.
  4. ^ А. Кац. Раби Элияу-Хаим бар Моше Майзель (рас.) Биографии раввинов. Толдот Йешурун. Праверана 23 сакавіка 2012 г.
Папярэднік
?
Рабіны Пружанаў
1861—1867
Наступнік
Ерухам Егуда Ляйб Пэрэльман

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]