Эліяху-Хаім Майзэль
Эліяху-Хаім бар Машэ Майзэль | |
Род дзейнасьці | рабін |
---|---|
Дата нараджэньня | 9 студзеня 1821 |
Месца нараджэньня | Гарадок |
Дата сьмерці | 1 траўня 1912 |
Месца сьмерці | Лодзь |
Месца пахаваньня | |
Занятак | рабін |
Бацька | Мойжэш |
Эліяху-Хаім бар Машэ Майзэль (9 студзеня 1821[1], Гарадок — 1 траўня 1912, Лодзь) — рабін, адзін з духоўных лідэраў жыдоўскіх суполак Расейскай імпэрыі.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Гарадку (на Віленшчыне[1] або ў Менскай губэрні[2]) ў сям’і купца Мойжэша. Праўнук гаона Арона Шмуэля Кайдановэра і ўнук па кудзелі гаона Эліэзэра Грайвэра. Вучыўся ў Коўне і Валожынскай яшыве.
У дзевятнаццацігадовым узросьце ачоліў суполку ў сваім родным месцы, пасьля быў рабінам Дзярэчына[2][3] або Дарагічына[4] (1853). У 1861 стаў рабінам Пружаны, дзе падчас эпідэміі халеры збудаваў лякарню і прыкладаў усе намаганьні для барацьбы з эпідэміяй[3]. Пасьля — рабін у Ломжы (1867—1873), дзе зьвярнуў увагу мескай адміністрацыі на тое, што з жыдоўскага насельніцтва патрабуюць большую колькасьць жаўнераў, чым з такой самай колькасьці іншых. У наступным року колькасьць прызваных жыдоў была зьменшаная на 500 чалавек[3].
Ад 1874 — кіраўнік суполкі ў Лодзі, адной з найбуйнейшых у Расейскай імпэрыі. Заснаваў тут сіроцкі прытулак і хэдэр для сыноў беднаты, жыдоўскую больніцу, дом састарэлых і першую талмуд-тору (1909).
На дабрачынныя мэты займаў сродкі ў заможных грамадзянаў, аднак разьлічвацца ня быў здольны, пасьля чаго пераяжджаў у большую суполку. Так, пружанскія жыды так імкнуліся перацягнуць яго да сябе, што сплацілі дарагічынскім усе ягоныя пазыкі ў суме тры тысячы рублёў. Калі ж Майшэль пераходзіў у Ломжу, тамтэйшыя жыды сплацілі ягоным крэдыторам у Пружане ўжо шэсьць тысячаў; у рэшце рэшт, пераход з Ломжы ў Лодзь «абышоўся» ў адзінаццаць тысячаў. Пасьля рабіна запрашала да сябе беластоцкая суполка, якая была гатовая пакрыць ягоныя даўгі ў памеры 20 000 рублёў; аднак жыды Лодзі, не жадаючы разьвітвацца з Майшэлем, самі за адзін дзень аддалі крэдыторам усю суму. Адмовіўся ён таксама ад запрашэньня найбуйнейшай жыдоўскай суполкі ў Расейскай імпэрыі — варшаўскай — матывуючы гэта тым, што калі ён ачоліць самую буйную жыдоўскую грамаду, дык ягоныя пазыкі болей ніхто ня здолее пагасіць.
Памёр пасьля працяглай хваробы 1 траўня 1912. Пахаваны ў Лодзі на новых жыдоўскіх могілках(pl) па вуліцы Брацкай.
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Pruzhany (анг.) Jewish Encyclopedia Праверана 27 сакавіка 2012 г.
- ^ а б J.T.Fly. (25 лютага 2008) Rabbi Eliasz Chaim Majzel (Eliyahu Hayim Maizel) (пол.) SkyscraperCity Праверана 23 сакавіка 2012 г.
- ^ а б в ЕЭБЕ/Пружаны (рас.) Еврейская энциклопедия Брокгауза и Ефрона. Викитека. Праверана 29 лютага 2012 г.
- ^ А. Кац. Раби Элияу-Хаим бар Моше Майзель (рас.) Биографии раввинов. Толдот Йешурун. Праверана 23 сакавіка 2012 г.
Папярэднік ? |
Рабіны Пружанаў 1861—1867 |
Наступнік Ерухам Егуда Ляйб Пэрэльман |
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Еврейская энциклопедия Брокгауза и Ефрона. — Санкт-Петербург: 1906—1913.
- Andrzej Kempa, Marek Szukalak. Żydzi dawnej Łodzi: słownik biograficzny Żydów łódzkich oraz z Łodzią związanych. — Oficyna Bibliofilów.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- А. Кац. Жыцьцяпіс рабі Эліяху-Хаіма бар Машэ Майзэля (рас.)