Эксдывізія
Эксдыві́зія (ад лац. ex — «з» + divisio — «падзел»[1]) — судовая норма ў вялікалітоўскім, а пазьней і польскім праве, якая прымянялася пры спагнаньні запазычанасьці адной асобы на карысьць некалькіх крэдытораў. Уведзеная прыкладна зь сярэдзіны XVII стагодзьдзя.
У выпадку няздольнасьці даўжніка вярнуць пазыкі ствараўся эксдывізарскі (эксдывізарска-таксатарскі) суд, які ладзіў ацэнку кошту маёмасьці даўжніка ды дзяліў яе між ягонымі крэдыторамі.
Эксдывізія маёнтка магла прызначацца ў двух выпадках:
- з ініцыятывы аднаго з крэдытораў;
- пры самастойным звароце даўжніка ў земскі суд з адпаведным прашэньнем[2].
Калі ў выніку эксдывізіі ня ўсе прэтэнзіі крэдытораў былі здаволеныя, яны атрымлівалі права спаганяць доўг з той маёмасьці даўжніка, якая можа зьявіцца ў яго ў будучыні. Маёмасьць перадавалася (традзіравалася) крэдыторам да поўнай сплаты пазыкі. Даўжнік меў права выкупіць маёмасьць назад цягам 10 гадоў[3].
Эксдывізарскія суды дзейнічалі не пастаянна, а ўяўлялі зь сябе часовыя прысутнасьці, ствараныя земскімі павятовымі або галоўнымі судамі на час разбору пэўнай справы[2]. Аплачваць працу ўдзельнікаў такога суду мелі пазыкадаўцы; іхні заробак залежаў ад сумы пазоваў крэдытораў альбо ад аб’ёму выкананай працы[4].
Да пачатку XIX стагодзьдзя эксдывізіі ладзіліся даволі рэдка, але ўжо ў другім дзесяцігодзьдзі XIX стагодзьдзя сталі масавай зьявай. Так, у 1797 року газэта «Kurier Litewski» друкавала абвесткі пра дзьве эксдывізіі, у 1800 — пра сем, у 1804 — пра восем, у 1811 — ужо пра 53[5]. Маштабы росту колькасьці эксдывізіяў і дзейнасьць эксдывізараў (судзьдзяў эксдывізарскіх судоў) выклікалі занепакоенасьць і крытыку сучасьнікаў. Прыкладам, генэрал Юзэф Ваўжэцкі называў працу эксдывізарскіх судоў «справядліва і ўсюды ненавіснай». З рэзкай крытыкай паводзінаў эксдывізараў выступаў друкаваны орган таварыства шубраўцаў «Wiadomości Brukowe»[6]. Да крытыкі гэтай практыкі зьвярталіся ў тым ліку літаратары Эва Фялінская ў рамане «Пляменьніца і цётка», Ігнат Ходзька ў «Літоўскіх абразках»[7]. Эксдывізіі нэгатыўна адбіваліся на стане падзеленых гаспадарак, бо часовыя ўладары не былі зацікаўленыя ў іхнім разьвіцьці. Такім чынам, эксдывізі зьяўляліся своеасаблівым сымбалем заняпаду краю[8].
Нягледзячы на крытыку, эксдывізарскія судовыя працэсы дзейнічалі працяглы час пасьля далучэньня тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага да Расейскай імпэрыі[2]. Гэтая практыка на тэрыторыі Беларусі канчаткова была скасаваная ў 1840 року пасьля замены нормаў права расейскімі законамі. Замест эксдывізіі быў укаранёны расейскі спосаб вяртаньня даўгоў: суд прадаваў маёмасьць даўжніка з публічных таргоў, а атрыманыя грошы дзяліў між крэдыторамі[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Гушчынскі 2018. С. 37.
- ^ а б в Гушчынскі 2017. С. 35.
- ^ а б Гушчынскі 2017. С. 37.
- ^ Гушчынскі 2017. С. 36.
- ^ Гушчынскі 2018. С. 38.
- ^ Гушчынскі 2018. С. 39.
- ^ Бурдзялёва 2009.
- ^ Гушчынскі 2018. С. 40.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ірына Бурдзялёва. Проза Евы Фялінскай // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта. — Мінск: Права і эканоміка, 2009. — В. 10.
- Ігар Гушчынскі. Эксдывізарскія суды ў сыстэме правасудзьдзя на тэрыторыі Беларусі ў канцы XVIII — першай трэці XIX ст. / редкол. А. В. Касович (отв. ред.) [и др.] // Белорусская государственность: истоки, становление, развитие (IX—XXI вв.) : материалы Респ. науч.-теорет. конф. — Минск: 2017.
- Ігар Гушчынскі. Эксдывізарскія суды ў эканамічным жыцьці Беларусі ў першай трэці XIX стагодзьдзя / Exdywizor courts in economic life of Belarus in the 1st third of 19th century / редкол.: И. А. Марзалюк (пред.) [и др.] // «Долгий ХІХ век» в истории Беларуси и Восточной Европы: исследования по Новой и Новейшей истории : сб. науч. тр. — Минск: РИВШ, 2018. — В. 2.