Школа маладога журналіста
'Школа маладога журналіста (ШМЖ) — трэнінгавая праграма грамадзкага аб’яднаньня «Цэнтар „Трэці сэктар“» у Горадні. Праграма была заснаваная ў 1997 годзе, калі рэалізоўвалася грамадзкім аб’яднаньнем «Цэнтар „Трэці сэктар“» сумесна з Моладзевым прэс-клюбам і рэдакцыяй газэты «Пагоня».
Прадугледжвае падрыхтоўку штатных і пазаштатных карэспандэнтаў для СМІ, выданьняў грамадзкіх аб’яднаньняў Гарадзеншчыны, а таксама павышэньне сацыяльнай актыўнасьці моладзі. Існуе ў выглядзе штогадовых 7-мі месячных праектаў. Курсанты (моладзь ва ўзросьце ад 16 да 25 гадоў) праходзяць 5-ці месячны тэарэтычны курс «Асновы журналістыкі», двухмесячную стажыроўку ў рэдакцыях гарадзенскіх СМІ, выдаюць свае навучальныя газэты.
З 1997 году навучаньне ў «Школе маладога журналіста» прайшло больш за 200 навучэнцаў. Выпускнікі «Школы» працавалі ў рэдакцыях газэт «Пагоня», «Биржа информации», «Głos z-nad Niemna», «Белорусский рынок», інфармацыйным агенцтве БелаПАН, выданьнях грамадзкіх аб’яднаньняў, навучаюцца на факультэтах журналістыкі ў Беларусі, Польшчы і Летуве.
У 2007 годзе ў праграму «ШМЖ — 10» упершыню былі ўключаны элемэнты радыё- і інтэрнэт-журналістыкі. Удзельнікі атрымалі магчымасьць рабіць свае матэрыялы для інтэрнэт-газэты і радыё «Твой стыль». У траўні 2007 году сумесна з грамадзкім аб’яднаньнем «Беларуская асацыяцыя журналістаў» у Горадні быў праведзены I Фэстываль моладзевай журналістыкі «Твой стыль». Фэстываль быў прымеркаваны да 10-годзьдзя Школы.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Радыё «Твой стыль»