Перайсьці да зьместу

Эскадрон сьмерці

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Швадроны сьмерці»)

«Эскадро́ны сьме́рці», «швадро́ны сьме́рці» (па-гішпанску: los escuadrones de la muerte) — узброеныя падразьдзяленьні, што ствараюцца ці заахвочваюцца дзяржавай для выкраданьня, зьнішчэньня і запалохваньня злачынцаў, апазыцыі і варожых элемэнтаў. Гэтая дзейнасьць вядзецца ў закансьпіраваным рэжыме, дзяржава адмаўляе або існаваньне такіх падразьдзяленьняў, або сваё дачыненьне да іхняе дзейнасьці.

Мэтамі эскадронаў сьмерці звычайна зьяўляюцца асобы, якія ўяўляюць небясьпеку або ёсьць непажаданымі. Гэта могуць быць палітычныя, рэлігійныя і прафсаюзныя лідары, журналісты, злачынцы, бяздомныя і беспрытульныя.

У якасьці эскадронаў сьмерці звычайна выступаюць разнастайныя ваенізаваныя арганізацыі, спэцпадразьдзяленьні арміі і паліцыі або звычайныя найміты. Чальцы эскадронаў сьмерці, як правіла, імкнуцца схаваць сваю сувязь з праваахоўнымі органамі.

Тэрмін зьявіўся ў Лацінскай Амэрыцы ў 1960-х роках. Першапачаткова ўжываўся як абагульненая назва арганізацыяў «Белая рука», «Эскадрон сьмерці», «Сальвадорская антыкамуністычная брыгада», «Карыбскі легіён», «Цэнтральнаамэрыканскі антыкамуністычны фронт», «Белы ваяўнічы зьвяз» («Узброеныя сілы антыкамуністычнага вызваленьня — вайна на вынішчэньне»), «Вока за вока», «Пурпурная ружа», «Новая антыкамуністычная арганізацыя», «Аргентынскі антыкамуністычны альянс» і шэрагу іншых, якія ў асноўным дзейнічалі ў Гватэмале і Сальвадоры. Гэтыя арганізацыі паўсталі з узмацненьнем левага рэвалюцыйнага руху і пачаткам грамадзянскае вайны як недзяржаўныя (прынамсі, афіцыйна) узброеныя атрады. Вядучую ролю згулялі лятыфундысты, супраць якіх быў накіраваны партызанскі тэрор.

У Эўропе эскадроны сьмерці паўсталі ў Гішпаніі за часам дыктатуры Франка дзеля змаганьня зь левай апазыцыяй і басцкімі сэпаратыстамі, у тым ліку чальцамі ЭТА. Такія групы найчасьцей выступалі пад назвай «Гішпанскі баскійскі батальён», «Байцы караля Хрыста» або «Апостальскі антыкамуністычны зьвяз». Па прыходзе да ўлады сацыялістаў паўстала новае фармаваньне пад назвай «Grupos Antiterroristas de Liberación» (па-беларуску: Антытэрарыстычныя групы вызваленьня).

У краінах былога СССР

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выкарыстаньне дзяржавай эскадронаў сьмерці прызнанае сур’ёзным парушэньнем нормаў права і можа спрычыніцца да нэгатыўных палітычных наступстваў. Абвінавачаньні ў стварэньні і выкарыстаньні падобных падразьдзяленьняў ўжываюцца ў палітычнай барацьбе апазыцыянэраў з прыўладнымі групоўкамі і асобнымі палітыкамі. Такія абвінавачаньні ня раз гучалі у бок кіраўніцтва дзяржаваў постсавецкае прасторы.

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ http://www.ng.ru/cis/2001-06-15/1_eskadron.html «Эскадрон смерти» в Белоруссии
  2. ^ 10 лет назад похищен журналист Завадский
  3. ^ http://lenta.ru/news/2006/02/14/sersanbaev/ Оппозиция обнаружила в Казахстане «эскадрон смерти»