Перайсьці да зьместу

Чужая бацькаўшчына

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Чужая бацькаўшчына
па-беларуску: Чужая бацькаўшчына
Аўтар: Вячаслаў Адамчык
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 1977
Электронная вэрсія

«Чужая бацькаўшчына» — раман пісьменьніка Вячаслава Адамчыка, напісаны ў 1977 року. Першая кніга тэтралёгіі, куды ўвайшлі таксама раманы «Год нулявы», «І скажа той, хто народзіцца», «Голас крыві брата твайго».

Дзеяньне раману адбываецца ў Заходняй Беларусі ў міжваеннай Польшчы, напярэдадні вайны зь Нямеччынай і ажыцьцяўленьня сацыяльных пераменаў. Часткова ў творы выкарыстаны асабісты досьвед аўтара, які нарадзіўся ў апісваных мясьцінах на Наваградчыне.

У цэнтры твору выступае сям’я Корсакаў, жыхары вёскі Верасава. Стары Ўлас, удавец — сур’ёзны, паважлівы і разам з тым вельмі душэўны, далікатны чалавек. Ягоная дачка Алеся (па мужы Мондрая) — зусім іншы чалавек, прыгажуня, якая прагнула лепшае долі, чымся жыцьцё ў вёсцы, аднак была вымушаная выйсьці замуж паводле прынцыпу «сьцерпіцца — зьлюбіцца». Рана засталася ўдавой і жыве ў хаце сьвекрыві[1].

Імполь — маладзён, які наймаецца да Мондрых малаціць збожжа. Закахаўшыся ў яго, Алеся намагаецца стварыць шчасьлівую сям’ю, якой ёй так не хапала ў першым шлюбе[1].

Алесін брат, Міця — носьбіт дабра і сьвятла ў атмасфэры паняверкі і змроку. Ён, у адрозьненьне ад свайго асяродзьдзя, прагне навукі і культуры. Веды, набытыя ім у польскай школе, не адхіляюць, але абвастраюць у ім успрыманьне беларускага[1].

У «Чужой бацькаўшчыне» В. Адамчык выкрывае мэркантыльнасьць, уласьніцтва, прагу нажывы, бездухоўнасьць.

За раман «Чужая бацькаўшчына» пісьменьнік быў узнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя Івана Мележа (1980), а за трылёгію «Чужая бацькаўшчына», «Год нулявы», «І скажа той, хто народзіцца» атрымаў у 1988 року Дзяржаўную прэмію імя Якуба Коласа.

Паводле раману ў 1982 року зьняты аднайменны фільм рэжысэра Валера Рыбарава.

  1. ^ а б в Вячаслаў Адамчык — Чужая бацькаўшчына Кароткі зьмест / Краткие содержания Праверана 20 жніўня 2015 г.