Перайсьці да зьместу

Хусіты

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Хусі́ты (па-арабску: الحوثيونal-Ḥūthiyūn [al.ħuː.θi.juːn]), афіцыйная назва Анса́р Ала́х (араб. أنصار اللهʾAnṣār Allāh, літ. «Божыя прыхільнікі») — зэйдысцкая(d) вайскова-палітычная арганізацыя, заснаваная ў Емэне ў 1990-х роках пачаткова як апазыцыйная тагачаснаму прэзыдэнту Алі Абдулу Салегу.

У 2003 року пад уплывам лібанскай шыіцкай арганізацыі Хэзбалы хусіты прынялі дактрыну супраць ЗША, Ізраілю і жыдоў. Першага кіраўніка руху, Хусэйна аль-Хусі(d), у 2004 року забілі емэнскія вайскоўцы, пасьля чаго выбухла хусіцкае паўстаньне. З тае пары кіраўніцтва арганізацыяй пераняў Хусэйнаў брат Абдул-Малік(d).

У 2011 року хусіты падтрымалі рэвалюцыю(d), далучыліся да Канфэрэнцыі нацыянальнага дыялёгу, але пазьней выйшлі зь мірнага працэсу. У канцы 2014 року падтрымалі Салега, з дапамогай якога захапілі(d) сталіцу Емэну. Пасьля гэтага Саудаўская Арабія ўзначаліла інтэрвэнцыю(d) з мэтай вярнуць міжнародна прызнаную ўладу(d). З тае пары ў дзяржаве трывае грамадзянская вайна.

Хусіты ня толькі змагаюцца супраць Саудаўскай Арабіі ды ААЭ. Ад пачатку вайны ХАМАСу з Ізраілем у 2023 року яны пачалі абстрэл Ізраілю ды напады на караблі ў Чырвоным моры.

Хусіцкі рух прываблівае жыхароў Емэну сваім вобразам барацьбітоў за эканамічнае разьвіцьцё і спыненьне палітычнай маргіналізацыі зэйдысцкага шыізму. Пры гэтым яны процістаяць сунітам, але наймаюць і іх.