Перайсьці да зьместу

Хакейная Ліга чэмпіёнаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Хакейная Ліга чэмпіёнаў
Актуальны сэзон:
2022—2023
ПапярэднікЭўрапейскі трафей
ДысцыплінаХакей
Дата зьяўленьня2013
АрганізатарМФХЛ
Колькасьць удзельнікаў32
КантынэнтыЭўропа
Дзейны чэмпіёнТапара
Найбольш тытулаўФрэлюнда (4)
Кваліфікацыянайлепшыя клюбы нацыянальных чэмпіянатаў

Хакейная Ліга чэмпіёнаў (па-ангельску: Champions Hockey League) — эўрапейскае хакейнае клюбнае спаборніцтва, заснаванае ў 2013 року наўзамен Эўрапейскага трафэю. Ладзіцца пад эгідай Міжнароднай фэдэрацыі хакею на лёдзе (МФХЛ).

У 2008 року МФХЛ запусьціла турнір з такою самаю назвай да свайго 100-годзьдзя, аднак з прычыны адсутнасьці спонсараў і недасягненьня пагадненьня пра фармат правядзеньня прайшоў толькі адзін сэзон чэмпіянату. 9 сьнежня 2013 року МФХЛ паведаміла, што з наступнага сэзону распачне новую Лігу чэмпіёнаў замест Эўрапейскага трафэю[1].

Сэзон 2014—2015 року праводзіўся са жніўня 2014 да лютага 2015 рокаў. У ім узялі ўдзел 44 клюбы з 12 краінаў Эўропы, падзеленыя на 11 групаў па 4 клюбы. Пасьля двухколавага турніру 11 пераможцаў групаў плюс пяць найлепшых другіх камандаў трапілі ў плэй-оф, дзе да фіналу пераможца вызначаўся па суме двух матчаў, а фінал складаўся з адзінае гульні[1][2]. Першай чэмпіёнкай стала швэдзкая каманда «Люлеа», якая перамагла ў фінале «Фрэлюнду».

У сэзоне 2015—2016 рокаў колькасьць клюбаў была павялічаная да 48, падзеленыя на 16 групаў па 3 ў кожнай. Па дзьве найлепшыя каманды выходзілі ў 1/16 фіналу[3]. Адно зь месцаў у гэтым розыгрышы атрымаў гарадзенскі «Нёман» як уладальнік Кантынэнтальнага кубка па хакеі[3][4][5]. Пераможцай другога сэзону стала швэдзкая «Фрэлюнда», якая ў фінале нанесла паразу фінскай «Кярпят».

Сэзон 2016—2017 рокаў стаў апошнім, дзе прымала удзел 48 клюбаў, у фінал зноўку патрапіў швэдзкі клюб «Фрэлюнда», дзе сустракаўся з чэскай камандай «Спарта». Матч скончыўся перамогай швэдзкага клюбу ў овэртайме зь лікам 4:3. Сэзон 2017—2018 рокаў быў прыкметны тым, што розыгрыш праходзіў у новым фармаце. 32 каманды былі падзеленыя на 8 групаў па 4 у кожнай, у плэй-оф выходзілі дзьве наймацнейшыя каманды з кожнай групы, дзе па алімпійскай сыстэме высьвятлялі пераможцу. У фінале згулялі фінскі клюб ЮІП і швэдзкі клюб «Вэкшэ Лэйкерз». Перамогу зь лікам 2:0 атрымала фінская каманда.

Пераможца спаборніцтва атрымлівае «Эўрапейскі трафэй».

У сэзоне 2016—2017 удзельнічалі 48 клюбаў у 16 групах. 26 клюбаў — гэта заснавальнікі турніру (ліцэнзія A), 12 клюбаў — клюбы зь лігаў-заснавальніц (ліцэнзія B), яшчэ 10 — клюбы зь іншых лігаў, якія атрымалі дазвол на выступ (ліцэнзія C).

З сэзону 2017—2018 рокаў фармат турніру быў зьменены паводле падабенства з футбольнай Лігай чэмпіёнаў. Колькасьць клюбаў-удзельнікаў зьменшаная з 48 да 32, 24 зь якіх адбіраюцца з шасьці лігаў-заснавальніц паводле спартовага прынцыпу, а не паводле прызнаку «клюбу-заснавальніка», як было дагэтуль. Максымальная колькасьць клюбаў з аднае краіны ня можа перавышаць 5, а колькасьць ад краіны вызначаецца паводле сыстэмы каэфіцыентаў.

Рэшта з 8 месцаў разьмяркоўвацьмецца між чэмпіёнамі Беларусі, Вялікабрытаніі, Даніі, Нарвэгіі, Польшчы, Славаччыны і Францыі, а таксама чэмпіёнам Кантынэнтальнага кубка. Усе каманды падзеленыя на 8 групаў па чатыры ў кожнай, па дзьве зь якіх трапляюць у плэй-оф па дзьве гульні ў кожным коле, за выняткам аднаматчавага фіналу[6].

  1. 1 2 New era dawns for Europe (анг.). Internatioanl ice hockey federation (9 сьнежня 2013). Праверана 18 жніўня 2016 г.
  2. Merk, Martin (27 лютага 2014) Ready for takeoff (анг.). Internatioanl ice hockey federation. Праверана 18 жніўня 2016 г.
  3. 1 2 CHL to play with 48 teams in 2015–16 (анг.) Champions hockey league Праверана 18 жніўня 2016 г.
  4. Merk, Martin (10 студзеня 2015) Neman wins Continental Cup (анг.). Internatioanl ice hockey federation. Праверана 18 жніўня 2016 г.
  5. HC Neman Grodno to play in 2015-16 CHL season (анг.) Sport. БелТА (5 лютага 2015). Праверана 18 жніўня 2016 г.
  6. New CHL format for 2017–18! 32 teams & on-ice qualification only (анг.) Champions hockey league Праверана 18 жніўня 2016 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]