Фёдар Кардаш
Фёдар Кардаш | |
Дата нараджэньня | 5 студзеня 1932 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 21 верасьня 2008 (76 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Занятак | журналіст |
Фёдар Кардаш (5 студзеня 1932, в. Харашкі, Зьдзецельскі раён, Гарадзенская вобласьць — 21 верасьня 2008, Менск) — беларускі журналіст, крытык калгаснага ладу ў СССР.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бацька Фёдара быў партызанскім сувязным, загінуў у красавіку 1944 г. падчас няўдалай спробы дывэрсіі на чыгунцы (група трапіла ў засаду). У пасьляваенныя гады Фёдар навучаўся ў Маўчадзкай сярэдняй школе (тады Гарадзішчанскі, цяпер Баранавіцкі раён), разьмешчанай у суседнім мястэчку, якую скончыў у 1950 годзе.
У 1955 скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працаваў у раённай газэце адказным сакратаром. Паводле ўспамінаў колішніх студэнтаў БДУ, быў маўклівым, задумлівым і спакойным чалавекам. Больш слухаў іншых, чым гаварыў сам. За год працы ў газэце непасрэдна сутыкнуўся з савецкай рэчаіснасьцю і зразумеў яе заганнасьць.
Вынікам назіраньняў і крытычных роздумаў стаў рукапісны ліст аб’ёмам у агульны сшытак з крытыкай калгаснай сыстэмы, ананімна пасланы тагачаснаму першаму сакратару ЦК КПСС Мікіце Хрушчову. Канкрэтныя факты ў лісьце (прозьвішчы, назвы калгасаў, лічбы й інш.), а таксама почырк дазволілі органам хутка выявіць аўтара. У пачатку восені 1956 быў арыштаваны ў студэнцкім інтэрнаце ўнівэрсытэту на вул. Бабруйскай у Менску, куды зазірнуў да знаёмых. Нейкі час вяліся допыты, у тым ліку аднакурсьнікаў, а 16 кастрычніка 1956 малады журналіст быў асуджаны «за антысавецкую агітацыю і прапаганду» на два гады зьняволеньня.
Пакараньне адбываў у лягерах Мардовіі. Разам зь ім у зьняволеньні знаходзіліся два беларускія дэсантнікі БНР, закінутыя ў 1955 на тэрыторыю краю (адзін зь іх меў прозьвішча Касьцюк), а таксама ваеннаслужачы зь Менску Аляксандар Ходар (пасьля вызваленьня выехаў у Польшчу). Бачыўся і размаўляў з Цімохам Вострыкавым, якога як прадстаўніка Рады БНР дэсантавалі ў БССР у 1952 годзе амэрыканцы.
Па заліках за звышплянавае выкананьне заданьняў знаходжаньне ў лягеры скарацілася амаль на год, і 23 кастрычніка 1957 году ён быў вызвалены.
Першыя месяцы пасьля вяртаньня ў Беларусь прайшлі ў пошуках працы, затым удалося ўладкавацца на працу школьным настаўнікам, а прыкладна праз 3 гады з дапамогай вядомага журналіста і літаратара Яраслава Пархуты, які выкарыстаў часовую адсутнасьць галоўнага рэдактара ружанскай раённай газэты, ён займеў працу па спэцыяльнасьці журналіста. Пазьней, ажно да пэнсіі, працаваў у лідзкай газэце. Ажаніўся, меў дзьве дачкі. Жыў у Лідзе.
Зьняволеньне і пасьлялягерныя цяжкасьці не зьмянілі яго сьветапогляду, актыўна ўдзельнічаў ў дэмакратычным руху; сябра БНФ. У пачатку 1990-х гадоў публікаваўся ў незалежнай прэсе, быў адным са стваральнікаў і рэдактарам лідзкіх незалежных газэт «Народная трыбуна» (1992) і «Голас зь Ліды» (1993—1995).
Пасьля выхаду на пэнсію пераехаў у Менск. Часопіс «Лідскі летапісец» апублікаваў успаміны Ф. Кардаша «У цянётах акупацыі».
Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суду БССР 31 студзеня 1989 году[1]. Асабовая справа Кардаша № 21033-с з фатаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У цянётах акупацыі // Лідскі летапісец. Краязнаўчы, гістарычна-літаратурны часопіс. 2005, № 1—2 (29—30)(недаступная спасылка). С. 53—78.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Маракоў, Леанід. Кардаш Фёдар(недаступная спасылка) // Маракоў, Леанід. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991. Том I. Мінск, 2003. С. 420—421.
- Маракоў, Леанід. Кардаш Фёдар Іванавіч(недаступная спасылка) // Маракоў, Леанід. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991. Том III. Кніга II. Мінск, 2005. С. 594.
- Чарняўскі, Міхась. Кардаш Фёдар // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. Менск, 1999.
- Чарняўскі, Міхась. Кардаш Фёдар // Нонканфармізм у Беларусі: 1953—1985. Даведнік. Том 1 / Укладальнік Алег Дзярновіч. Мінск, 2004. С. 94-95.