Уранамэтрыя
«Уранамэтрыя» (па-лацінску: Uranometria) — атляс зорнага неба, складзены Ёганам Баерам. Ён быў упершыню апублікаваны ў Аўгсбургу (Нямеччына) ў 1603 годзе з поўнай назвай Uranometria: omnium asterismorum continens schemata, nova methodo delineata, aereis laminis expressa (прыкладна, па-беларуску: Уранамэтрыя, укладзеная з схемамі ўсіх сузор’яў, нарысаваных паводле новага мэтаду і выяўленых гравіроўкай на медзяных пласьцінах). Само слова «Ўранамэтрыя» паходзіла ад Ураніі, музы астраноміі, а таксама грэцкага слова uranos oυρανός, якое азначала неба або нябёсы. Літаральна «Ўранамэтрыя» перакладаецца як «вымярэньне неба» (параўнайце з «геамэтрыяй» — «вымярэньне зямлі»).
Уранамэтрыя была першым атлясам, які апісваў усю нябесную сфэру. Арыгінальнае выданьне ўтрымлівала 51 старонку: яны былі выкананыя гравіроўкай на медзяных пласьцінах. На першых 48 старонках былі выяўленыя 48 сузор’яў Пталемэя, на 49-й — 12 новых сузор’яў на далёкім поўдні, пра якія Пталемэй ня мог ведаць. Апошнія дзьве старонкі зьмяшчалі плянісфэры пад загалоўкамі Synopsis coeli superioris borea і Synopsis coeli inferioris austrina («Агляд паўночнага паўшар’я» і «Агляд паўднёвага паўшар’я»).
Ва «Ўранамэтрыі» ўпершыню былі прынятыя абазначэньні паводле літараў грэцкага альфабэту. Гэтыя абазначэньні, вядомыя як абазначэньні Баера, выкарыстоўваюцца і сёньня. Баерам былі прапанаваныя і новыя сузор’і, якія ўваходзяць у склад 88 сучасных сузор’яў.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Uranometria, 1603 — поўнае лічбавае факсыміле, Linda Hall Library