Высакосная сэкунда

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Даданьне высакоснай сэкунды 30 чэрвеня 2015 року

Высако́сная сэку́нда, або сэку́нда каардына́цыі (па-ангельску: leap second) — аднасэкундная карэкцыя, якая зрэдку прымяняецца да Сусьветнага каардынаванага часу (UTC) для таго, каб утрымліваць працягласьць содняў блізкай да сярэдняга сонечнага часу. Без такой карэкцыі час, які вызначаецца абаротам зямной кулі, пачне паступова адхіляцца ад атамнага часу з прычыны нерэгулярнасьцяў ў хуткасьці кручэньня Зямлі. З тае пары, як такая сыстэма карэкцыі была выкарыстаная ў 1972 року, паводле стану на 2012 рок да Сусьветнага каардынаванага часу было дададзена ўсяго 25 высакосных сэкундаў. Апошняе такое даданьне адбылося 30 чэрвеня 2015 року а 23:59:60 UTC, перад гэтым — 30 чэрвеня 2012.

Стандарт часу UTC, які шырока прымяняецца як міжнародная мера часу, а таксама як аснова для цывільнага часу ў большасьці краінаў, выкарыстоўвае вызначэньне сэкунды паводле міжнароднае сыстэмы адзінак (СІ), на аснове дадзеных атамнага гадзіньніка. Як і ў большасьці стандартаў часу, у аснове UTC палягае аб’яднаньне груп сэкундаў у хвіліны, гадзіны, дні, месяцы і гады. Аднак працягласьць сярэдняга сонечнага дню ёсьць крыху даўжэйшаю за 24 гадзіны (86 400 сэкундаў сыстэмы СІ). Таму, калі вызначаць працягласьць содняў стандарту UTC як роўна 86 400 сэкундаў СІ, тады дзённы час UTC павольна адхіляцьмецца ад таго ж значэньня стандартаў часу, арыентаваных на рух сонца па нябеснай сфэры — такіх, як сярэдні час па Грынвічы (GMT) і ягоны наступнік — Сусьветны час (UT1). Мэтаю ўвядзеньня панятку высакоснай сэкунды ёсьць кампэнсацыя падобнага адхіленьня шляхам вызначэньня трываласьці пэўных UTC-дзён у 86401 або 86 399 сэкундаў сыстэмы СІ.