Уладзімер Гулідаў
Гэты артыкул не адпавядае стандартам вікі-фарматаваньня й якасьці Вікіпэдыі. Вы можаце дапамагчы праекту даданьнем дарэчных ўнутраных спасылак альбо паляпшэньнем разьметкі артыкула. |
Уладзімер Платонавіч Гулідаў (19 кастрычніка 1876, Адэса, Расейская імпэрыя — 30 траўня 1920, Краснаярск, Енісейская губэрня, РСФСР) — расейскі генэрал, удзельнік Белага руху пад час Грамадзянскай вайны ў Расеі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіў зь мяшчанаў Хэрсонскай губэрні. Скончыў Адэскую юнкерскую вучэльню. Ваенную службу пачаў ва Ўладзівастоку. Удзельнік расейска-японскай вайны 1904—1905 гадоў. Пасьля служыў у Краснаярску. Удзельнічаў у І-й Усясьветнай вайне ў 30-м Сыбірскім стралковым палку 8-й Сыбірскай стралковай дывізіі 3-га Сыбірскага корпусу.
У верасьні 1914 г. у баях за м. Аўгустаў быў паранены шрапнэльлю ў нагу. У 1915 г. паранены ў грудзі на вылет пад Баранавічамі (пад Наваградкам). У лістападзе 1916 г. прызначаны камандзірам 59-га Сыбірскага стралковага палка, а ў кастрычніку 1917 г. камандзірам стралковай брыгады 15-й Сыбірскай стралковай дывізіі, але неўзабаве бальшавікі яго дэмабілізавалі.
У сакавіку 1918 г. Гулідаў вярнуўся дахаты, у Краснаярск. Заарганізаваў у Краснаярску падпольную антысавецкую арганізацыю. 18 чэрвеня 1918 г. з дапамогай белачэхаў і корпуса генэрала Пепяляева выгнаў з Краснаярска бальшавікоў.
У ліпені 1918 г. палкоўнік Гулідаў прызначаны камандзірам 2-й Стэпавай Сыбірскай дывізіі, якая 26 жніўня 1918 г. пераназвана ў 5-ю Сыбірскую стралковую дывізію 2-га Стэпавага корпусу. З канца лета 1919 г. дзейнічаў на «ўнутраным» Сямірэчанскім фронце разам з Партызанскай дывізіяй атамана Б. Аненкава.
У сьнежні 1919 г. А. Калчак прызначыў Гулідава камандуючым Мінусінскім фронтам, але наступу РСЧА стрымаць было немагчыма.
7 студзеня 1920 г. у Краснаярск увайшла РСЧА і 16 студзеня Гулідаў быў арыштаваны. «Уголовное дело по обвинению бывшего генерал-майора Гулидова № 019677» 16 студзеня 1920 г. пачала Енісейская губэрнская Надзвычайная сьледчая камісія, а ў канцы лютага сьледзтва вёў ўжо Асобы аддзел УНК 5-й Арміі. 28 траўня 1920 г. Рэўваентрыбуналам 5-й Арміі Гулідаў быў прыгавораны да ВМП. 30 траўня 1920 г. ён быў расстраляны ў Краснаярску. [15 кастрычніка 1998 г. пракуратурай Краснаярскага краю Ўладзімер Платонавіч Гулідаў быў рэабілітаваны. Арх. № справы П-23386]
Пасьля расстрэлу генэрала ягоныя баявыя ўзнагароды былі прададзеныя жонкай, каб мець сродкі на існаваньне, але 12 чэрвеня 1922 г. памерла. Іхняя дачка Вера пабралася шлюбам зь Сігізмундам Піліпавічам Сянкевічам (расстралялі ў 1938) і ў 1923 г у іх нараджаецца дачка Антаніна, а праз год сын Уладзімер.
Сын Веры Ўладзімераўны ад другога мужа, Сяргей Гулідаў (Астравумаў), прафэсійны іркуцкі журналіст і публіцыст, аўтар двух п’ес: «Зорка Адмірала» (1998, прысьвечаная дзеду — генэралу Гулідаву), і «КАЛЧАК» (2005). Абедзьве п’есы пастаўленыя ў Іркуцкім Акадэмічным драматычным тэатры. Да 2005 г. Сяргей Астравумаў напісаў 10 рамансаў, прысьвечаных Калчаку (словы і музыку) ды выпусьціў дыск «Зорка Адмірала».
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вегман В. Сибирские контрреволюционные организации 1918 г. // Сибирские огни. Новосибирск № 1. 1928, № 1. С. 140.
- Волков Е. В., Егоров Н. Д., Купцов И. В. Русские генералы Восточного фронта Гражданской войны. Биографический справочник. Москва. 2003. — С. 83.
- Клавинг В., Гражданская война в России. Белые армии. Военно-историческая библиотека. Москва. 2003.
- Западно-Сибирский комиссариат Военного Сибирского правительства (26 мая - 20 июня 1918). Сборник документов и материалов, Новосибирск. 2005. С. 221.
- Книга памяти жертв политических репрессий Красноярского края. Т. 2 (В-Г). Красноярск. 2005. С. 409.