Перайсьці да зьместу

Украінізм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Украіні́змсловы, фразэалягізмы, а таксама сынтаксычныя й граматычныя канструкцыі ўкраінскае мовы, якія выкарыстоўваюцца ў іншай мове.

У беларускай мове

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У беларускай мове ўкраінізмы вядомыя з XV ст. Рэалізаваліся ў зьмяшэньні иы (печаты |и|, влади |ы|-ка); ѣи (види(ѣ)ти, терпи(ѣ)ти)[1].

Трапляюцца ў помніках старажытнага пэрыяду, што ўзьніклі на аснове ўкраінскіх крыніцаў, напрыклад «Чэцьця-мінея» (1489). Узбагачэньне беларускае лексыкі найбольш інтэнсіўна адбывалася з 1-й паловы XVII ст. (пасьля перамяшчэньня цэнтру праваслаўнае культуры зь Вільні ў Кіеў), праз помнікі, створаныя на суседняй з украінскімі землямі паўднёва-заходняй тэрыторыі сучаснай Беларусі, напрыклад, Мазырскі сьпіс «Александрыі» (1697), Маскоўскі (бел.) сьпіс «Дыярыюша» Афанасія Філіповіча (16381648)[1].

Пранікненьню ў беларускую мову ўкраінізмаў спрыялі пісьменьнікі, якія паходзілі з Украіны, але стваралі свае творы на беларускіх землях, напрыклад «Евангельле вучыцельнае» (1616) і «Казаньне пахвальнае» (1620) Мялеція Сматрыцкага. У некаторыя беларускія помнікі траплялі словы з украінскай агаласоўкай (котрий, що, сокіра), а таксама лексычныя й словаўтваральныя ўкраінізмы (бучный — раскошны, зволокати — адцягваць, марудзіць, прохати — прасіць, шадок — нашчадак)[1].

У 1920-я гады пры распрацоўцы навуковае тэрміналёгіі некаторыя тэрміны беларускае мовы былі ўтвораныя паводле ўкраінскіх узораў: грамадзка-палітычныя (барацьба, барацьбіт), лінгвістычныя (дзеяслоў, дзеепрыметнік, займеньнік, дзеепрыслоўе, чаргаваньне)[1].

Лексычныя ўкраінізмы, зьвязаныя з абазначэньнем спэцыфічна ўкраінскіх (сучасных і гістарычных) рэаліяў, захоўваюцца ў перакладах з украінскае мовы. Напрыклад, у перакладах Янкі Купалы твораў Тараса Шаўчэнкі на беларускую мову трапляюцца ўкраінізмы байдак, байрак, гайдамак, кабзар і інш. Традыцыі ўкраінскае мовы аказаліся найбольш устойлівымі ў беларускім народна-гутарковым маўленьні (паўднёва-заходні дыялект беларускае мовы), чым у літаратурнай мове: доня — дачка, худоба — жывёла[1].

  1. ^ а б в г д У. В. Анічэнка Украінізм // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 16. — С. 206. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0263-6