Перайсьці да зьместу

Удзельнік:Глеб Бераставы/Накід

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Судзебнік Казімера Ягелончыка — помнік агульназемскага фэўдальнага заканадаўства ВКЛ, выдадзены ў часе вялікага княжаньня Казімера IV Ягелончыка ў мэтах рэгуляваньня пытаньняў справаводзтва ў рамках фэўдальнага імунітэту над сялянскім насельніцтвам. Першы кадыфікаваны помнік права, складзены ў часы ВКЛ для выкарыстаньня ў краіне.

Прыняты на агульнадзяржаўным сойме пасьля абмеркаваньня з панамі раднымі 29 лютага 1468 г.[1], пры стаў адным зь першых, дзе акрамя найвышэйшае арыстакратыі было сабрана шэраговае баярства[2].

Прэамбула акту мае ўказаньне на тэрмін «князі», што пазначае арыстакратаў, якія не ўвайшлі ў пастаянны склад Рады, аднак гэтая катэгорыя арыстакратыі ВКЛ магла ўтвараць асобную раду, што зьбіралася з прычыны найважнейшых пытаньняў або запрашацца асобна. Уласна склад Рады набіраўся таксама з намесьнікаў, пры гэтым праз адсутнасьць платы за ўдзел у паседжаньнях часьцейшы ўдзел у іх бралі фэўдалы каталіцкага вызнаньня, багацейшыя за праваслаўных[3].

Структура паартыкульнага падзелу Судзебніку канчаткова была вызначана ў другой палове ХХ ст., да чаго высоўваліся розныя варыянты падзелу Судзебніку, кіруючыся ўласнымі крытэрамі наконт сувязі тых ці іншых палажэньняў акту. Пры першым дасьледаваньні Судзебніку (Ігнацы Даніловіч, 1824 г.) вылучана 28 артыкулаў. Пры пазьнейшых дасьледаваньнях мяжы ХІХ-ХХ стст. выявілася неадпаведнасьць граніцаў шэрагу артыкулаў (несупадзеньне межаў артыкулаў 1-3, 14, 20-21, 25 у вэрсіях расейскага археографа І. Грыгаровіча і расейскага правазнаўцы М. Уладзімірскага-Буданава, якія разам, у сваю чаргу, не супадалі з прапанаваным падзелам гэтых артыкулаў паводле І. Даніловіча). Прыняты нацяпер падзел па артыкулах усталяваўся пераважна ў другой палове ХХ ст. у савецкай гістарыяграфіі[4].

Засяроджаны пераважна на пытаньнях фэўдальнага права, рэгулюючы дзейнасьць фэўдалаў пры крымінальных злачынствах з боку прыватнаўласьніцкіх сялянаў; у меншай ступені прысьвечаны працэсуальным пытаньням, пытаньням рэгуліроўкі пакараньня і справаводзтва датычна судаводзтва між прыватнаўласьніцкім і дзяржаўным сялянамі, пытаньням рэнты з боку прыватнаўласьніцкіх сялянаў і найбольш распаўсюджаным і найпрасьцейшым відам зямельных канфліктаў між фэўдаламі. Закрануты парадак дзеяньня вялікакняскага суду (у асобе гаспадарскай Рады), што суправаджалася на фоне частай адсутнасьці ў ВКЛ вялікага князя праз дынастычную унію з Польшчай[5][6][7].

  • Артыкулы 1-8: акрэсьліваньне кола вінаватых асобаў у выглядзе згадваньня сялянаў бяз згадваньня іх канкрэтнай прыналежнасьці і тыпу залежнасьці;
  • Артыкулы 9-12: вызначэньне працэсуальных нормаў у выглядзе сытуацыяў судаводзтва паміж прыватнаўласьніцкімі і дзяржаўнымі фэўдаламі і забароны на спагнаньне шляхам, адрозным ад усталяванага ў Судзебніку;
  • Артыкулы 13-19: клясыфікацыя крадзяжоў у выглядзе вызначэньня тыпу пакараньня пры звычайным крадзяжы, а таксама апісаньне абставінаў, што спрычыняліся да ўзмацненьня гэтага пакараньня;
  • Артыкулы 20-22: апісаньне зямельных канфліктаў у выглядзе апісаньня іх сутнасьці і працэсуальнага парадку дзеяньняў пры іх зьдзяйсьненьні;
  • Артыкулы 23-25: апісаньне тыпу рэнты з боку сялянаў, закранутых дзеяньнем Судзебніку[8][9].

Тэрытарыяльная кампэтэнцыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дагэтуль няпэўна ў гістарыяграфіі асьветлена пытаньне тэрытарыяльнае абмежаванасьці Судзебніка ў канкрэтных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках ВКЛ, а таксама тыпы ўладаньняў (дзяржаўныя і недзяржаўныя), на якія меркавалася пашырэньне палажэньняў Судзебніку. Магчыма, што сутнасьць Судзебніка ў прызначэньні яго як інструкцыі па вядзеньні вотчынага суду. Зь іншага боку, расейскай дарэвалюцыйнай гістарыяграфіяй на падставе шэрагу ўскосных зьвестак высунутыя меркаваньні аб рэгіянальным характары дзеяньня Судзебніка, што рабіла яго прызначаным Літве і навакольным усходнеславянскім землям; а таксама меркаваньне аб ягоным агульназемскім значэньні[10].

Аналягічна Судзебніку, акты XV ст. ведаюць прыватныя двары, дзе вырашаліся падатковыя і судовыя справы[11]. Артыкулы 9-11 можна разглядаць як рэгуляваньне дазволу вотчыннага суду прывілею 1447 г.[12].

Уласна вотчынная сутнасьць Судзебніку, а таксама ягоныя асобныя артыкулы, што падкрэсьлівалі гэтае права (арт. 3, што дазваляў фэўдалу выкупіць жонку і дзяцей злачынцы; артыкул 10, які прадпісвае ісцу фэўдала, які падае іск вялікакняскаму селяніну, разьбірацца з ураднікам, і такім чынам, ускосна ўказвае на вотчынны суд у іншай сытуацыі; артыкул 11, які прама гаворыць пра вотчынны суд), дзейнічалі ў пераемнасьці з папярэднімі прывілеямі: прывілеем 1387 г., які пацвярджаў гэта права для фэўдалаў-каталікоў; 1413 г., які зноў пацьвердзіў гэта права; а таксама прывілеем 1447 г., які пацьвердзіў гэта права за ўсімі фэўдаламі.

Іншыя палажэньні Судзебніку, што сьведчаць на карысьць яго вотчыннага прызначэньня гэта, у прыватнасьці, выключэньне з Судзебніку старасьцінскіх артыкулаў – цяжкіх справаў, якія перадаваліся ў юрысдыкцыю мясцовых гаспадарскіх ураднікаў – а таксама канцэнтрацыя ўвагі акту толькі на сялянстве.

Так, з 25 артыкулаў Судзебніку 15 адведзеныя пад крадзяжы, 1 – прысваеньню зьбеглага быдла, 1 – дапамозе зьбеглым сялянам, у той час як у Судзебніку не згаданыя, напрыклад, валынскія старасьцінскія артыкулы («разбой приличный», то бок з рэчавымі доказамі; «кгвалт», «всильство» (гвалт над жанчынай), зьбіцьцё баярына, падпал) або падляскія (разбой, «наезды», гвалт над жанчынай, падпал). Акрамя таго, тэкст Судзебніку ведае вышэйшыя слаі грамадзтва толькі як саўдзельнікаў крадзяжу («осподарь... а любо и с ним удел имел»); як гаспадароў злачынцы, які нанёс шкоду дзяржаўнаму селяніну; як асобаў, якія насуперак закону жадаюць не судзіць чалавека, а ўзяць зь яго нейкае спагнаньне («а кому татя выдадуть, а тот не всхочет его казнити, а усхочет на нем заплату побрати,... собе в неволю взяти»); як адказчыкаў у выпадку адсутнасьці ў парабка грошай на штраф; як парушальніка граніцаў чужога маёнтку[13].

  1. ^ Юхо І. А. Кароткі нарыс... С. 161.
  2. ^ Старостина И. П. Судебник... С. 280-282.
  3. ^ Ковальова С. Г. Судебник... С. 55-57.
  4. ^ Старостина И. П. Судебник... С. 218-219.
  5. ^ Ковальова С. Г. Судебник... С. 55-57, 78.
  6. ^ Старостина И. П. Судебник... С. 303.
  7. ^ Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения... С. 118.
  8. ^ Ковальова С. Г. Судебник... С. 37-40.
  9. ^ Социально-экономическая борьба... С. 24-26.
  10. ^ Старостина И. П. Судебник... С. 283-285.
  11. ^ Ковальова С. Г. Судебник... С. 62-65.
  12. ^ Старостина И. П. Судебник... С. 263.
  13. ^ Ковальова С. Г. Судебник... С. 18-20.