Тырнаўская кніжная школа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Помнік Яўфімія Тырнаўкага (заснавальніка Тырнаўскай кніжнай школы)

Тырнаўская літаратурная школа (па-баўгарску: Търновска книжовна школа) — баўгарская літаратурная школа, якая існавала ў другой палове XIV—XV стагодзьдзях і ўнесла істотны ўклад у сярэдневечную літаратуру.

Яна была часткай Тырнаўской школы мастацтваў, што выяўляла найвышэйшы ўзровень культуры Другога Баўгарскага царства. Яўфіміева рэформа правапісу і літаратурная школа, прадстаўленая такімі пісьменьнікамі і кніжнікамі як Грыгорый Цамблак і Канстанцін Філёзаф паўплывалі не толькі на баўгарскую культуру, але і на культуры блізкіх славянскіх дзяржаў.

Зьяўленьне і разьвіцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўнай і галоўнай перадумовай для ўзьнікненьня Тырнаўскай школы было культурнае адраджэньне Баўгарскага царства з другой паловы XIV стагодзьдзя. Гэты рост шмат у чым залежаў ад асабістай зацікаўленасьці цара Іаана-Аляксандра у разьвіцьці літаратуры і мастацтвы. Яго спадчыньнікі, Іаан-Шышман і Іван Срацімір, працягнулі справу свайго бацькі. Да стварэньня Тырнаўскай літаратурнай школы далучыўся і патрыярх Феадосій Тырнаўскі, які выдатна разумеў, што такія школы дазволяць прысьпешыць незалежнасьць баўгарскай царквы, пашырыць і ўзмацніць яе ўплыў сярод праваслаўных краін славянскага сьвету.

Заснавальнікам Тырнаўскай літаратурнай школы, з цэнтрам у сталіцы Другога Баўгарскага царства Тырнава, лічыцца патрыярх Яўфімій Тырнаўскі (Баўгарскі). Рэформы правапісу і мовы Яўфімія ўсталявалі правілы, што ўжываліся пасьля не толькі ў Баўгарыі, але і ў рускіх княствах, у Сербіі, Валахіі і Малдавіі.

Дзейнасьць пісьменьнікаў у Тырнаўскай школе была зьвязана не толькі са стварэньнем арыгінальных літаратурных твораў, але і з перакладамі грэцкіх арыгіналаў і стварэньнем зборнікаў.

Асаблівасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тырнаўская кніжная школа была цесна зьвязана з разьвітай бізантыйскай літаратурай. У першую чаргу Тырновская школа характарызуецца высокай рэлігійнасьцю яе прадстаўнікоў, у традыцыях праваслаўнай царквы. Большасьць твораў Тырнаўскай кніжнай школы адносіцца да жыційнай літаратуры: Панэгірыкі, жыціі, гімны і іншае. Асноўным заданьнем аўтараў жыціяў было ўслаўленьне адпаведнага сьвятога, пашырэньне і павелічэньне ведаў пра яго культ. Тыповым для большасьці пісьменьнікаў школы (Яўфімій, Грыгорый Цамблак) зьяўляецца наяўнасьць у іх творах абавязковых жанравых цудаў. Іх адносіны да такіх ерэтычных вучэньняў як багамільства, варлаамства, адаміцтва, ерась жыдоўствуючых былі вельмі варожымі і асуджальнымі, што адпавядала пазыцыям Тырнаўскага патрыярхату.

Неаднаразова ў творах прадстаўнікоў Тырнаўскай літаратурнай школы сустракаліся расказы пра мошчы сьвятых. Дагэтуль не існуе адзінай думкі, ці трэба іх разглядаць як пашыраны варыянт жыцьцяў, ці як асобны паўнацэнны жанр. Разам з сьцьвярджэньнем цудадзейнай сілы сьвятых, аўтары ўсхваляюць правіцеляў і вяльможаў, якія захоўвалі мошчы сьвятых. Менавіта таму ў гэтым тыпе твораў часта прысутнічаюць кароткія, але каштоўныя гістарычныя зьвесткі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Данчев Г. Страници из историята на Търновската книжовна школа / Г. Данчев. — София: Наука и изкуство, 1983. — 256 с. (баўг.)
  • Мечев К. Григорий Цамблак / К. Мечев. — София: Наука и изкуство, 1969. — 321 с. (баўг.)
  • Русев П. Естетика и майсторство на писателите от Евтимиевата книжовна школа / П. Русев. — София: БАН, 1983. — 262 с. (баўг.)